Вы тут

Дасягнуты пэўны прагрэс


Крыху больш як год таму была ўхвалена заяўка Беларусі на яе ўключэнне ў Балонскі працэс. Але ўмовай уваходжання ў еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі з'яўляецца выкананне дарожнай карты. Наколькі далёка прасунулася беларуская сістэма вышэйшай адукацыі ў яе рэалізацыі, што зроблена для забеспячэння мабільнасці студэнтаў, развіцця студэнцкага самакіравання, акадэмічнай незалежнасці ўніверсітэтаў і павышэння якасці адукацыі? Гэтыя і многія іншыя пытанні абмяркоўваліся падчас сустрэчы прадстаўнікоў органаў кіравання адукацыяй, беларускіх ВНУ з членамі кансультацыйнай групы па падтрымцы беларускай дарожнай карты, якая адбылася ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай адукацыі БДУ. У Мінск прыехалі эксперты з Францыі, Германіі, Латвіі, Літвы, Ватыкана і іншых краін.


— Беларуская вышэйшая школа традыцыйна моцная прыродазнаўчымі навукамі і даследчай працай, якая тут праводзіцца, — падзяліўся з журналістамі сваім бачаннем сітуацыі кіраўнік дэпартамента па адукацыі Савета Еўропы Шур БЕРГАН. — Беларусь мае такую ж перадгісторыю, як і некаторыя іншыя ўдзельнікі Балонскага працэсу. Гэтыя краіны маюць савецкую спадчыну, у якой ёсць як свае плюсы, так і недахопы. У Беларусі, у прыватнасці, вельмі таленавітыя студэнты. Мне здаецца, што варта надаваць большую ўвагу развіццю крытычнага мыслення.

Еўрапейскіх экспертаў цікавілі, напрыклад, перспектывы ўкаранення ў беларускіх ВНУ крэдытнай сістэмы (ЕСTS), якая з'яўляецца галоўным інструментам акадэмічнай мабільнасці студэнтаў. Ці ёсць у планах міністэрства намер даць універсітэтам большыя паўнамоцтвы ў вызначэнні сваёй адукацыйнай палітыкі? Якія магчымасці ў студэнтаў аб'ядноўвацца ў асацыяцыі, каб уплываць на працэсы, што адбываюцца ва ўніверсітэтах, у тым ліку і на якасць адукацыі?.. У Беларусі якасць адукацыі кантралюе дэпартамент, які падпарадкоўваецца Міністэрству адукацыі, у той час як у Еўропе для гэтых мэт створана ўжо 30 незалежных агенцтваў.

Першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ расказаў, што ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі будзе замацавана шматступеньчатасць вышэйшай школы (бакалаўрыят, магістратура, аспірантура, дактарантура), а таксама магчымасць для арганізацыі новых формаў адукацыйнага працэсу, такіх як дыстанцыйнае навучанне і сеткавае ўзаемадзеянне. Распрацоўваюцца крытэрыі да магістарскіх праграм.

Вадзім Богуш падкрэсліў, што ў пытанні незалежнасці ўніверсітэтаў быў дасягнуты пэўны прагрэс. Так, напрыклад, было вырашана адмовіцца ад тыпавой вучэбна-праграмнай дакументацыі на карысць прыкладнай. Пашыраны, на думку намесніка міністра, і паўнамоцтвы студэнтаў.

«Еўрапейскія эксперты пазітыўна ацэньваюць сістэму размеркавання выпускнікоў ВНУ Беларусі, — дадаў Вадзім Богуш. — Больш за тое, яны кажуць аб тым, што прадастаўленне выпускніку ўніверсітэта першага працоўнага месца — вельмі важная задача для ўніверсітэта».

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.