Мы з мужам нядаўна разышліся. Са мною засталася наша шасцімесячная дачка. Пры родах я перанесла цяжкую аперацыю, і дагэтуль маё здароўе да канца не аднавілася — патрэбны дарагія лекі і вітаміны. Ці магу я патрабаваць ад былога мужа аказаць мне матэрыяльную дапамогу? У яго свая фірма і ён добра зарабляе.
Вікторыя, г. Мінск.
На пытанне адказвае Яўгенія МІЦКЕВІЧ, кансультант упраўлення прававога рэгулявання сацыяльнай дзейнасці дзяржавы Галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі:
— Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і вызначаны абавязкі мужа і жонкі матэрыяльна падтрымліваць адзін аднаго не толькі ў шлюбе, але і пасля яго скасавання (пры пэўных выпадках). У вашай сітуацыі вы ў праве разлічваць на дапамогу ад былой палавіны.
Патрабаваць у судовым парадку прадастаўлення ўтрымання ад аднаго з сужэнцаў, які валодае неабходнымі для гэтага сродкамі, могуць наступныя асобы. Жонка ў перыяд цяжарнасці (калі ёй неабходна матэрыяльная дапамога); бацька або маці, якія даглядаюць агульнае дзіця да дасягнення ім трох гадоў, агульнае дзіця-інваліда да дасягнення ім 18 гадоў, агульнае непрацаздольнае дарослае дзіця; а таксама непрацаздольны муж ці жонка.
Шлюбным дагаворам могуць быць прадугледжаны і іншыя абставіны, пры якіх наступае абавязак аднаго з сужэнцаў аказваць матэрыяльную дапамогу другому.
У пэўных выпадках, прадугледжаных Кодэксам аб шлюбе і сям'і, правы сужэнцаў на ўтрыманне захоўваюцца імі і пасля скасавання шлюбу. Так, былая жонка (калі ёй неабходна матэрыяльная дапамога) захоўвае права на атрыманне такой дапамогі ад былога мужа, які валодае неабходнымі для гэтага сродкамі, у перыяд цяжарнасці, калі яна наступіла да скасавання шлюбу.
Акрамя таго, адзін з былых сужэнцаў, якому неабходна матэрыяльная дапамога, захоўвае права на яе атрыманне ад былой палавіны, якая валодае неабходнымі для гэтага сродкамі, у наступных выпадках. Калі ён (яна) даглядае агульнае дзіця да дасягнення ім трох гадоў, выхоўвае агульнае дзіця-інваліда да дасягнення ім 18 гадоў, даглядае агульнае непрацаздольнае дарослае дзіця.
Памер сродкаў, якія спаганяюцца на ўтрыманне мужа ці жонкі, вызначаецца судом, зыходзячы з матэрыяльнага і сямейнага становішча абаіх сужэнцаў у фіксаванай суме. Яна павінна быць кратнай базавай велічыні, устаноўленай на момант выплаты. Гэта значыць, што аліментныя абавязкі ажыццяўляюцца ў выплаце пэўнай грашовай сумы ў беларускіх рублях, памер якой будзе змяняцца адпаведна змене памеру базавай велічыні, вызначанай заканадаўствам.
Калі матэрыяльнае або сямейнае становішча аднаго з сужэнцаў мяняецца, кожны з іх мае права звярнуцца ў суд з іскам аб карэкціроўцы памеру сродкаў, якія спаганяюцца на ўтрыманне.
Суд таксама можа, прымаючы да ўвагі непрацягласць тэрміну знаходжання мужа і жонкі ў шлюбе або ганебныя паводзіны аднаго з сужэнцаў, які патрабуе выплаты яму аліментаў, вызваліць другую палову ад абавязку па яго ўтрыманні або абмежаваць гэтыя абавязацельствы пэўным тэрмінам.
Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У "Прававой гасцёўні" разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.