Вы тут

Ратуючы прыроду, ратуеш жыццё


Ці будуць «адзічвацца» нашы лясы, ці не выключаць зубра з Чырвонай кнігі і што рабіць з нежаданымі відамі

Навакольнае асяроддзе — адно з самых каштоўных і адначасова самых кволых скарбаў чалавецтва. Кожны крок «цароў прыроды» можа паўплываць на стан наваколля — як дапамагчы ўсяму жывому, так і сцерці яго з зямлі.

Напярэдадні Сусветнага дня навакольнага асяроддзя, які адзначаецца заўтра, 5 чэрвеня, мы пагаварылі з міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Каўхутам пра галоўныя складнікі экалагічнага дабрабыту нашай краіны.


— Андрэй Марленавіч, сёлета Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя прысвечаны абароне дзікай прыроды. Ці актуальная праблема браканьерства і гандлю рэдкімі раслінамі і жывёламі для Беларусі? Якія інструменты стрымання гэтай дзейнасці выкарыстоўваюцца сёння ў нас?

— Беларусь прымае ўдзел у Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (СІТЭС).

За апошнія два гады ў нашай краіне выяўлена тры факты незаконнага перамяшчэння праз дзяржаўную мяжу ўзораў СІТЭС. Сярод знаходак — чучалы нільскага кракадзіла, асобіны гумавых удаўчыкаў і папугаяў. Акрамя таго, зафіксавана вялікая колькасць выпадкаў незаконнага знахо-джання і гандлю рэдкімі відамі жывёл і раслін.

Каб прыпыніць незаконны ўвоз, вываз, продаж і знаходжанне ў няволі ўзораў СІТЭС, а таксама чырванакніжнікаў, прадугледжана абавязковая рэгістрацыя дзікіх жывёл і іх патомства, якія змяшчаюцца ці разводзяцца ў няволі. За іх незаконнае перамяшчэнне праз мяжу і нясвоечасовую рэгістрацыю існуе адміністрацыйная адказнасць.

— Штогод на карце Беларусі з'яўляюцца ўсё новыя заказнікі і іншыя асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі, многія з іх атрымліваюць міжнародны статус. Наколькі важная гэта праца ў частцы аховы разнастайнасці?

— Ва ўсім свеце асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі прызнаны найбольш эфектыўнай формай аховы біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці. І Беларусь таксама ідзе па шляху захавання і ўстойлівага выкарыстання каштоўных экалагічных сістэм.

Сёння гэта сістэма Беларусі ўключае 1275 аб'ектаў, у тым ліку 1 запаведнік, 4 нацыянальныя паркі, 98 заказнікаў рэспубліканскага і 275 — мясцовага значэння, 329 помнікаў прыроды рэспубліканскага і 568 — мясцовага значэння. Агульная плошча ахоўных тэрыторый складае 8,79% ад тэрыторыі краіны. У 2016 годзе да іх павінны далучыцца яшчэ 10 заказнікаў мясцовага значэння.

Акрамя таго, 26 беларускіх тэрыторый сёння ўключаны ў Сусветны спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння. Плануецца таксама накіраваць у ЮНЕСКА дзве заяўкі на ўключэнне біясферных рэзерватаў «Чырвоны бор — Асвейскі» і «Прыпяцкае Палессе» ў Сусветны спіс біясферных рэзерватаў ЮНЕСКА.

— Як ідзе супрацоўніцтва з краінамі-суседкамі ў напрамку стварэння трансгранічных ААПТ?

— У сферы захавання трансгранічных прыродных аб'ектаў Беларусь узаемадзейнічае з усімі краінамі-суседкамі.

Так, адпаведныя пагадненні падпісаны з Латвіяй і Украінай. Створаны трансгранічныя водна-балотныя ўгоддзі «Котра — Чапкяляй» (Беларусь — Літва) і «Простыр — Прыпяць — Стохад» (Беларусь — Украіна). Дзейнічае сёння і трохбаковы біясферны рэзерват «Заходняе Палессе» (Беларусь — Польшча — Украіна).

Для арганізацыі сістэмнай працы па супрацоўніцтве ў сферы захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці з Расійскай Федэрацыяй цяпер фарміруецца рабочая група, прапрацоўваецца і пытанне стварэння беларуска-расійскага трансгранічнага біясфернага рэзервату «Асвейскі — Чырвоны Бор — Себежскі».

— З Чырвонай кнігі амаль штогод выключаюцца віды, якім ужо не пагражае знікненне. Магчыма, сярод іх хутка акажацца і зубр.

— Аптымальная колькасць беларускай папуляцыі складае каля 1500 асобін, у Беларусі пражываюць 1428 зуброў (звесткі на 1 лютага 2016 года). На тэрыторыі краіны пражываюць 10 мікрапапуляцый, ізаляваных адна ад адной. Для стварэння ўстойлівай папуляцыі неабходна сфарміраваць адну вялікую метапапуляцыю колькасцю ў 1500 асобін. Мінпрыроды каардынуе працу па рассяленні зубра на тэрыторыі Беларусі згодна са схемай рассялення еўрапейскага зубра ў краіне. Летась была створана краснаборская папуляцыя, у якой пражываюць 85 зуброў (у тым ліку 23 знаходзяцца ў вальеры на ператрымцы). Вядзецца праца па стварэнні новай мікрапапуляцыі зубра ў Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці. Першапачаткова плануецца засяліць 12-15 зуброў.

Зараз мы абмяркоўваем з Польшчай, Азербайджанам, Расіяй і Літвой сумесныя праекты па рассяленні зубра ў гэтых краінах. Наша мэта — стварыць на тэрыторыі розных дзяржаў вольную папуляцыю з колькасцю не менш за тысячу асобін. Такім чынам, пакуль яшчэ рана казаць аб выключэнні еўрапейскага зубра з ліку чырвонакніжнікаў.

— Ці будуць у Беларусі займацца рэвайлдынгам (захаваннем біяразнастайнасці ў лясных экасістэмах) лесу?

— Трэба адзначыць, што зніжэнне колькасці драпежнікаў і буйных траваедных жывёл, выкліканае дзейнасцю чалавека, запускае ў харчовых ланцужках «эфект даміно», што з'яўляецца адной з галоўных прычын разбурэння прыродных экасістэм і масавага вымірання відаў. Рэвайлдынг — гэта найноўшая прыродаахоўная ідэалогія, заснаваная на аднаўленні характэрных для канкрэтнага рэгіёна высокапрадукцыйных экасістэм шляхам паэтапнага вяртання буйных жывёл (так званых відаў-інжынераў) у месцы іх арэала, дзе яны раней былі цалкам вынішчаны чалавекам. Рэвайлдынг дазваляе максімальна раскрыць патэнцыял існуючых прыродных тэрыторый, аднавіць парушаны баланс прыродных экасістэм і захаваць біялагічную разнастайнасць. Пакуль што паняцце «рэвайлдынг» у Беларусі не выкарыстоўваецца афіцыйна. Але ў краіне здараліся выпадкі стыхійнага рэвайлдынгу — на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка натуральным чынам засяліліся конь Пржавальскага і алень высакародны. Разам з тым у Беларусі даволі актыўна вядзецца работа па засяленні дзікіх жывёл, што таксама можна палічыць прыкладам рэвайлдынгу. Як правіла, засяляюцца паляўнічыя віды — напрыклад высакародныя алені альбо лані. І, вядома, немагчыма не ўзгадаць работу па рассяленні ўсё таго ж зубра еўрапейскага.

— Як быць з ратанам-галавешкай — чужародным інвазіўным відам, які выцясняе мясцовую рыбу? Альбо чырвоным дубам у Белавежскай пушчы? Наколькі небяспечныя інвазіўныя віды і як з імі змагацца?

— Праблема чужародных відаў з'яўляецца адной з сур'ёзных пагроз для біялагічнай разнастайнасці не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Навукоўцы вывучаюць віды, якія могуць нанесці шкоду прыродзе і чалавеку, і распрацоўваюць меры па барацьбе з імі. Самы вядомы інвазіўны від у Беларусі — баршчэўнік Сасноўскага. Работа па барацьбе з нежаданай раслінай вядзецца ўжо на працягу 10 гадоў і яшчэ далёкая ад завяршэння. Існуе шмат метадаў барацьбы з гэтай раслінай, але навукоўцы прыйшлі да высновы, што найбольш эфектыўным з'яўляецца камбінаванне хімічнага і механічнага метадаў знішчэння. У цэлым па краіне плошча распаўсюджання віду памяншаецца, хоць гэты працэс вельмі павольны, бо насенне захоўвае ўсходжасць да 10 гадоў.

— У новай рэдакцыі закона «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе» плануецца ўвесці новае паняцце — стратэгічная экалагічная ацэнка. Што маецца на ўвазе, і як яна павінна паўплываць на паляпшэнне экалагічнай сітуацыі ў краіне?

— Праектам Закона прадугледжаны механізм стратэгічнай экалагічнай ацэнкі (СЭА) праектаў дзяржаўных рэспубліканскіх, рэгіянальных і ведамасных стратэгій, праграм, якія закранаюць пытанні прыродакарыстання, абыходжання з адходамі, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, транспарту, энергетыкі, турызму, а таксама праекты, што прадугледжваюць унясенне змен і дапаўненняў у іх.

Укараненне інстытута СЭА дазволіць на прынцыпова новым узроўні прымаць кіраўнічыя рашэнні з улікам забяспечанасці, у тым ліку прыроднымі патэнцыялам і рэсурсамі, комплекснай ацэнкі забяспечанасці інжынерна-транспартнай інфраструктуры і перспектыўнага яе выкарыстання, дазволіць узмацніць інвестыцыйную прывабнасць Беларусі, у тым ліку на міжнародным узроўні.

— Як у краіне вырашаецца праблема забруджвання водных аб'ектаў сцёкамі ад прамысловых прадпрыемстваў?

— Гэтая праблема існавала раней, таму што нарміраванне дапушчальных скіданняў сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб'екты ажыццяўлялася па-рознаму. На міжселянных тэрыторыях ужываліся нарматывы якасці вады рыбагаспадарчых водных аб'ектаў, устаноўленыя Мінпрыроды; у межах населеных пунктаў — нарматывы якасці вады водных аб'ектаў культурна-бытавога прызначэння, устаноўленыя Мінздравам, якія значна мякчэйшыя за рыбагаспадарчыя і не забяспечваюць спрыяльных умоў для ўзнаўлення водных біялагічных рэсурсаў.

З уваходжаннем у сілу ў 2015 годзе новага Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь скідванне сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб'екты павінен ажыццяўляцца з улікам дасягнення ў кантрольным створы адзіных нарматываў, зацверджаных Мінпрыроды. Прымяненне больш жорсткіх нарматываў прымусіла многія прадпрыемствы адказней ставіцца да пытання скідаў сцёкавых вод.

— Як любы жыхар Беларусі можа даведацца пра экалагічнае становішча ў краіне?

— Усю неабходную інфармацыю пра стан навакольнага асяроддзя ў нашай краіне можна знайсці на сайце Мінпрыроды (mіnprіroda.gov.by). Тут размешчаны кадастр узнаўляльных крыніц энергіі, рэестры аб'ектаў па абясшкоджванні, выкарыстанні і захаванні адходаў, аператыўныя звесткі аб радыяцыйна-экалагічнай сітуацыі і стане атмасфернага паветра.

Акрамя таго, спецыялісты БелНДЦ «Экалогія» кожны год рыхтуюць навуковы агляд нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя па 12 кампанентах (маніторынг земляў, вод і г.д), Нацыянальным статыстычным камітэтам штогод выдаецца статыстычны зборнік «Ахова навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь». На mіnprіroda.gov.by можна знайсці спасылкі на сайты гэтых арганізацый, а таксама на сайт Орхускага цэнтра Рэспублікі Беларусь, які забяспечвае доступ грамадскасці да пытанняў, што тычацца навакольнага асяроддзя.

Трэба таксама адзначыць, што за апошні час Беларусь значна палепшыла свае паказчыкі ў кірунку аховы навакольнага асяроддзя: памяншаецца колькасць парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, расце працэнт перапрацоўкі бытавых адходаў, рэалізуецца шмат экалагічных ініцыятыў і праектаў. Але яшчэ многае неабходна зрабіць, каб наша краіна была сапраўды чыстай і квітнеючай. На гэта і скіравана наша дзейнасць.

Фота Анатоля ДРЫБАСА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?