Вы тут

У Налібоцкай пушчы зоймуцца штучным гадаваннем рэдкіх глушцоў


Як вярнуць заходнееўрапейскага глушца ў лясы? Па апошніх звестках, беларуская папуляцыя падвіду віду — самая вялікая і, бадай, апошняя вольная на планеце. Рэдкія птушкі сустракаюцца яшчэ ў Польшчы і Літве, але там іх значна менш (у Беларусі налічваецца каля 400 асобін). Пытанне рэінтрадукцыі разглядалася ўжо даўно, і, нарэшце, у апошнія некалькі гадоў ідэя па штучным развядзенні глушца для аднаўлення яго ў дзікай прыродзе знайшла фінансавую падтрымку. Напярэдадні Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя ў рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Налібоцкі» адкрылі гадавальнік рэдкай птушкі. Да гэтай справы спрычыніліся Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства лясной гаспадаркі, праект «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.


— Для стварэння матачнага пагалоўя мы адлаўліваем птушак у дзікай прыродзе, — падзяліўся дырэктар заказніка «Налібоцкі» Васіль ГУРКОЎ. — Чатыры глушцы ўжо ў вальеры, яшчэ двух мы пазначылі спецыяльнымі датчыкамі, з дапамогай якіх можам назіраць за іх перамяшчэннем. Цяпер адпрацоўваем тэхналогію харчавання і догляду птушак, інкубацыі і гадоўлі птушанят, адаптацыі да жыцця ў дзікай прыродзе.

Планы на глушца вялікія: да 2021 года мяркуюць павялічыць налібоцкую папуляцыю з 180 да 400 і больш асобін. Частка вывадку застанецца ў пушчы, а астатніх будуць прадаваць у краіны Заходняй Еўропы.

Хоць цэлы дзень усе размовы вяліся выключна пра глушцоў, журналісты і госці іх так і не ўбачылі. Прысутнасць чалавека пужае птушак — менавіта антрапагенная нагрузка на лясы стала галоўнай прычынай знікнення падвіду. Спецыяльна для гадавальніка птушак адлоўлівалі ўвесну. Ім яшчэ патрэбен час, каб прывыкнуць да новага дома.

Умовы у вальерах максімальна набліжаны да натуральных. Птушкам мяняюць падсцілку і пастаўляюць загадзя нарыхтаваную ежу — сасновую хвою і галінкі сунічніку. Цяпер засталося дачакацца, калі ж птушкі пачнуць несціся.

— Новыя кантактныя інкубатары для яек імітуюць натуральнае наседжванне: у іх падагрэў яек ідзе зверху. У папярэдніх апаратах яйкі падаграваліся з усіх бакоў, з-за чаго працэнт паспяховага вылуплення складаў не больш за 40%. З новым абсталяваннем мы думаем павялічыць гэты паказчык да 80%, — адзначыла навуковы кансультант лабараторыі арніталогіі навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна ПАЎЛЮШЧЫК. — Рэінтрадукцыя будзе праводзіцца па запатэнтаванай тэхналогіі, распрацаванай польскім навукоўцам.

У сваю чаргу міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй КАЎХУТА заўважыў, што гадоўля рэдкіх відаў фаўны — важны вектар працы як для Беларусі, так і для еўрапейскіх краін:

— Рэінтрадукцыя глушца — гэта толькі адзін з прыкладаў паляпшэння біяразнастайнасці. Удалы вопыт па развядзенні зубра: некалькіх жывёл мы адправілі ў Казахстан, цяпер вядуцца перамовы з Азербайджанам. Займаемся захаваннем кумжы і сёмгі. Што датычыцца глушца, то будзем вывучаць вопыт польскіх калег, сумесна з імі правядзём даследаванні, у тым ліку па генетыцы птушак.

У адным з будынкаў гадавальніка абсталяваны эколага-інфармацыйны клас, дзе школьнікам раскажуць не толькі пра глушцоў і цецерукоў, але і пра іншых насельнікаў Налібоцкай пушчы. Зроблены дэманстрацыйны вальер, у якім дзеці змогуць назіраць за птушкамі, не турбуючы іх.

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, пасол Андрэа Віктарын падкрэсліла, што ў такіх праектах добра спалучаюцца прынцыпы ўстойлівага развіцця і «зялёнай» эканомікі. Намеснік пастаяннага прадстаўніка ААН у Беларусі Кацярына Паніклава дадала, што адкрыццё гадавальніка — гэта стратэгія паляпшэння біяразнастайнасці і развіцця партнёрства, бо за апошнія гады да прыродаахоўных ініцыятыў актыўна далучаюцца новыя партнёры і спонсары.

radziuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Важная птушка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.