Вы тут

Як захаваць экасістэму і зарабіць на гэтым грошы?


Кожны год нізінныя тарфянікі Званец і Спораўскае зарастаюць кустоўем і трыснягом. Раней расліннасць скошвалася альбо з'ядалася каровамі — але цяпер гэтага няма, а экасістэмы, калі імі не займацца, пачынаюць трансфармавацца і становяцца некамфортнымі месцамі для пражывання водна-балотных відаў раслін і жывёл. Дарэчы, на гэтых балотах гняздуецца вяртлявая камышоўка — глабальна пагражальны від птушак, за які наша краіна нясе абавязацельствы перад усім светам.


Да вырашэння праблемы намаганнямі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза у рамках праекта «Кліма-іст: захаванне і ўстойлівае кіраванне тарфянішчамі ў Рэспубліцы Беларусь для скарачэння выкідаў вугляроду і адаптацыі балотных экасістэм да змены клімату», які рэалізуе Праграма развіцця ААН, для заказнікаў «Спораўскі» і «Званец» было набыта спецыяльнае абсталяванне для выкошвання кустоўя і трыснягу. Універсальны колавы трактар, мульчар, транспартна-пагрузачная лясная машына, шчэпкаруб, лясны харвестар... І ўнікальныя для Беларусі і краін СНД біябайлер канадскай вытворчасці, прызначаны для зрэзвання, здрабнення і згортвання хмызняку ў рулон ды камбайн для зборкі трыснягу. Лінейка тэхнікі абышлася ў 780 тысяч долараў. Плануецца набыць беларускі прэс-падборшчык для выдалення травы з тэрыторыі балота. Зараз тэхніка не працуе, бо ідзе гнездавы перыяд водна-балотных птушак. Каб не турбаваць іх, машыны актыўна выкарыстоўваюць з канца жніўня да пачатку красавіка.

— Хмызняк не мае эканамічнай каштоўнасці: ён не дае магчымасці выкарыстоўваць землі ў сельскай гаспадарцы, — адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй КАЎХУТА. — Перапрацаваўшы куставую расліннасць у біямасу, атрымліваем і паліва, і дэкаратыўны матэрыял для ландшафтнага дызайну. Спадзяюся, гэты вопыт будзе прыменены на іншых беларускіх тэрыторыях.

Як паведаміў кіраўнік праекта «Кліма-Іст» Уладзімір КАЎТУНОЎ, першая партыя трыснягу, атрыманага з балота, была перададзена ў дар мясцоваму дому дзіцячай творчасці. Ужо ёсць заказы на куплю трыснягу і для вытворчасці дахавага матэрыялу. Нарыхтавана амаль 2 тысячы кубоў драўніны, якія перапрацоўваюцца ў трэскі і выкарыстоўваюцца ў кацельнях. Трэскі набываюць для вытворчасці паліўных пелет і біянапаўняльнікаў.

Усяго ў рамках праекта плануецца выкасіць кустоўе на 3,5 тысячы га тэрыторыі, нарыхтаваць 2,5 тысячы тон сухой біямасы. Галоўнае — адпрацаваць схему: ад выкошвання кустоўя і трыснягу да атрымання эканамічнага эфекту.

— Я лічу, што гэты праект арыентаваны ў будучыню і з'яўляецца прыкладам для розных краін, — заўважыла кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа ВІКТАРЫН. — Еўрасаюз дапамагае розным краінам распрацоўваць адаптацыйныя стратэгіі для ўстойлівасці да кліматычных змен. Беларускія ўлады, міжнародныя фонды і донары прыкладаюць намаганні для развіцця «зялёнай» эканомікі ў Беларусі. Спадзяюся, што праект «Кліма-Іст» будзе камерцыйна паспяховым.

Загаловак у газеце: Трактары і машыны для балот

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Чым Капыльскі раён жыве сёння і якія планы на перспектыву?

Грамадства

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі».

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.