Вы тут

Спорт са звярыным выскалам


Акулы, крумкачы, зубры, чмялі, жураўлі і нават канарэйкі... Звяры не толькі становяцца зоркамі мультфільмаў і іншых мастацкіх твораў, але і натхняюць спартыўных функцыянераў і заўзятараў сваімі якасцямі, асаблівасцямі. Так і нараджаюцца назвы спартыўных камандаў. Часам — са звярыным акцэнтам.

Казёл – сімвал футбольнай  каманды «Кёльн».

Беларусь: ад зуброў да крумкачоў

Калі скласці спіс спартыўных клубаў, якія назвалі ў гонар моцных драпежнікаў альбо грацыёзных, хуткіх птушак, назбіраецца сапраўдны заапарк. І Беларусь у гэтым сэнсе знаходзіцца недалёка ад іншых краін.

Апошні і, напэўна, самы выразны прыклад — футбольны клуб «Крумкачы», які за некалькі гадоў з аматарскага калектыву ператварыўся ў прафесійную баяздольную каманду, гісторыя якой вартая сапраўднай экранізацыі. Але сёння мы не пра кіно, а пра мянушкі і назвы. Дык вось, аказваецца, што хлопцы ў пошуках арыгінальнага імя проста адкрылі слоўнік і натрапілі на каларытнае слова «крумкач» — «вялікую чорную птушку сямейства крумкачовых, якая жывіцца пераважна падлай...» Так і спыніліся на гэтым варыянце. У клуба з'явілася сімпатычная эмблема, колер для формы выбралі чорны і нават прыдумалі слоган: «Ляцець высока, глядзець далёка!» Пакуль на «крумкачоў» усё працуе. Каманда ў дэбютным для сябе сезоне ў вышэйшай лізе набірае балы.

Гульцоў хакейнага клуба «Дынама» балельшчыкі называюць зубрамі. І небеспадстаўна. Выява ўладара беларускіх пушчаў ужо даўно красуецца на гульнявых світарах хакеістаў і эмблеме каманды. Што цікава, у сціплым хакейным «Брэсце», камандзе, якая ніколі зорак з нябёсаў не лавіла, з зубрам-сімвалам вызначыліся яшчэ на пачатку 2000-х, задоўга да з'яўлення мінскага «Дынама» ў Кантынентальнай хакейнай лізе. Абгрунтаванне напрошвалася само сабой. «Брэст знаходзіцца паблізу Белавежскай пушчы, дзе заўжды пражывалі зубры. Таму лагічна, што менавіта гэты звер адлюстраваны на нашай эмблеме», — выказаўся калісьці наконт лагатыпа адзін з кіраўнікоў каманды. Дарэчы, хакеем зубрыная тэма ў нашым спорце не заканчваецца. Сёлета сваё 25-годдзе адзначаць «Мінскія зубры», каманда па амерыканскім футболе. Хлопцы актыўна трэніруюцца і рыхтуюцца чарговы раз паўдзельнічаць у чэмпіянаце Украіны, дзе згуляюць, у тым ліку, з кіеўскімі «Бульдогамі» і львоўскімі «Львамі». Ёсць, між іншым, ільвы і ў нас — на эмблеме хакейнага клуба «Магілёў». Але карысці ад гэтага грознага звера для горада над Дняпром няшмат. У выніку сёлетняга чэмпіянату краіны, які завяршыўся вікторыяй мінскага «Юнацтва», магіляўчане апынуліся толькі на 10-м радку.

Звярыную тэму ў айчынным хакеі працягвае салігорскі «Шахцёр». На грудзях хакеістаў адлюстраваны грозны крот у гарняцкай касцы, які перакусвае напалам клюшку.

У Віцебску пайшлі далей і змясцілі на лагатыпе аднайменнай лядовай дружыны буйнога мядзведзя. Балельшчыкі каманду так і называюць — «віцебскія мядзведзі». У жаночым беларускім гандболе сітуацыя даволі цікавая. З эмблемы БНТУ-БелАЗа, флагмана чэмпіянату, рыкае чорная пантэра, а на лагатыпе каманды «Віцебск-Ганна» намалявана... курачка, якая трымае гандбольны мячык. Сэнс шукайце ў назве каманды. Яе спонсар — віцебская бройлерная птушкафабрыка.

«Чорныя каты» і нават «цюлені»

Але найбольш звяроў на лагатыпах і ў назвах спартыўных камандаў у ЗША і ў Заходняй Еўропе. Вось дзе сапраўднае звярынае раздолле! Пачнем з Амерыкі. Нацыянальная хакейная ліга літаральна стракаціць арыгінальнымі імёнамі. Тут табе і пінгвіны з Пітсбурга, і мядзведзі з Бостана, і каёты з Арызоны, і драпежнікі з Нэшвіла, і акулы з Сан-Хасэ... Што цікава, назву камандзе з Сан-Хасэ выбіралі самі балельшчыкі. І ў выніку свой выбар абгрунтавалі тым, што ў водах Ціхага акіяна, на якім знаходзіцца горад, пражывае 7 відаў акул. Той, хто сачыў за кар'ерай славутага беларускага хакеіста Руслана Салея, ведае пра магутных качак з Анахайма і пантэр з Фларыды. У Амерыканскай хакейнай лізе, другой прафесійнай у Паўночнай Амерыцы, гуляюць ласі з Манітобы, лядовыя дзікі з Рокфарда... У Нацыянальнай баскетбольнай лізе ёсць быкі з Чыкага, шэршні з Шарлоты, ваўкі з Мінесоты. Часам цікавая не толькі назва, але і мастацкае рашэнне некаторых праектаў. Гэта проста трэба бачыць. Вось, напрыклад, альтэрнатыўны лагатып каманды «Сірак'юс Салці Догс» (злыя сабакі з Сірак'юса). На ім мы бачым сабаку, падобнага да далмацінца. На ім — бандана, у вусе — завушніца, у вачах — суровасць. Праўда, гэтай суровасці хапіла толькі на адзін год. У 2004-м клуб разваліўся. У Сан-Францыска пайшлі далей і назвалі каманду «СанФранцыска Сэлс» — цюлені з Сан-Францыска. Арыгінальнасці межаў няма.

Але ў Еўропе таксама не лыкам шытыя. У «Ліверпуля» на эмблеме мастак адлюстраваў сімвал горада, міфічную чырвоную птушку Лівер. А балельшчыкаў і футбалістаў нямецкага «Кёльна» празвалі казламі... Як сцвярджае паданне, кіраўніку каманды ў свой час падарылі козліка. Ён усім так спадабаўся, што стаў сімвалам клуба. Такіх казлоў-сімвалаў у кёльнцаў было некалькі пакаленняў. І пакуль футбалісты вырашаюць, хто найлепшы з іх на футбольным полі, чарговы рагаты мірна гуляе за варотамі і скубе траўку. Англійскі футбол — скарб для даследчыкаў спартыўнага заапарка. За жоўта-чорны колеры гульнявой формы «Уотфард» каманду, прэзідэнтам якой быў сам сэр Элтан Джон, называюць шэршнямі, «Вест Бромвіч Альбіён» — драздамі (бо выява гэтай птушкі на эмблеме). Праз колеравае падабенства з птушкай «Норвіч Сіці» празвалі канарэйкамі. «Лестэр Сіці» — лісамі, «Ньюкасл Юнайтэд» — сарокамі, «Хал Сіці» — тыграмі. «Брайтан энд Хоўв Альбіён» называюць чайкамі, «Дэрбі Каунці» — баранамі. А вось «Сандэрленд» завуць чорнымі катамі, хоць ніякіх коцікаў на лагатыпе няма. Сэнс вось у чым. Падобная мянушка, якой гатовы пазбягаць многія, далучылася да калектыву таму, што непадалёк ад горада знаходзілася артылерыйская батарэя з такой назвай. А канчаткова назва прыжылася ў 1937 годзе, калі хлопчык на фінальны матч Кубка Англіі паміж «Сандэрлендам» і «Прэстанам» пранёс у кішэні чорнае кацяня. Для ўдачы. І клуб перамог: упершыню заваяваў ганаровы трафей! Гэта быў знак. Мянушка засталася. У «Сандэрлендзе» так палюбілі чорных катоў, што на працягу 1960-х на іх стадыёне жыў сапраўдны чорны кот, якога ўтрымлівала каманда. Ёсць у Англіі і каманды, якія атрымалі мянушкі ў гонар сабак. Чаму б і не? Так, клуб «Хадэрсфілд Таўн» называюць «тэр'ерамі», «Барнслі» — «дварнякамі».

У Іспаніі, напрыклад, на эмблеме «Валенсіі» адлюстраваны невялічкі кажан, на лагатыпе італьянскага «Бары» — сапраўдны певень. Ну а славуты бразільскі «Васку да Гама» нехта наогул называе траской. Што зробіш, і такое бывае. У галандскай каманды «Брэда» ёсць вельмі прыгожая мянушка «жамчужына поўдня». А ёсць і не вельмі — Dе Rаttеn (пацукі).

Ну а афрыканскіх балельшчыкаў можна, напэўна, назваць самымі паэтычнымі. Вы толькі паслухайце. Хіба толькі паэт мог назваць сваю каманду «самотнымі зоркамі». Гэта, калі што, пра каманду Ліберыі. А як вам «арлы Карфагена»? Гэта ўжо пра Туніс. Нацыянальную зборную Каморскіх астравоў балельшчыкі ласкава называюць цэлакантамі (рыбінамі, якія навукоўцы лічаць жывымі выкапнямі). Гульцы зборнай Беніна — «вавёркі», Нігерыі — «суперарлы», а Бурундзі — «ластаўкі».

Як бачым, балельшчыцкі розум на выдумку багаты ў кожнай краіне. Узровень арыгінальнасці часам проста зашкальвае. Аднак галоўнае ў тым, каб спорт ад гэтых рашэнняў рабіўся больш відовішчным і цікавым, а не наадварот. Мянушкам усё ж такі трэба адпавядаць. Бачыць на арэнах слабых ільвоў, тыграў ці пантэр, пагадзіцеся, неяк няправільна.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».