Вы тут

Пад Мінскам урачыста адкрылі павільён “Космас” і Алею Герояў


Урачыстае адкрыццё павільёна “Космас” адбылося сёння ў Мінскім аэраклубе ДТСААФ. Цяпер, завітаўшы ў пасёлак Баравая, што побач са сталіцай, можна будзе ўбачыць унікальныя экспанаты на касмічную тэматыку. А на тэрыторыі 50-й змешанай авіябазы, што ў Мачулішчах, ушанаваць памяць герояў-авіятараў.


Першымі касмічныя экспанаты музея-павільёна ацанілі касманаўты – ураджэнцы Беларусі, лётчыкі-касманаўты СССР і Расійскай Федэрацыі, знакамітыя лётчыкі-выпрабавальнікі. Ужо сёння наведвальнікі экспазіцыі, сярод якіх – і высокапастаўленыя дзяржаўныя асобы, убачылі спускальны апарат карабля “Саюз”, лажамент і скафандр касманаўта Пятра Клімука, манекен у касмічным скафандры, касцюмы экіпажа міжнароднай касмічнай станцыі і набор бартавога харчавання для касманаўтаў. З дапамогай дакументаў і фотаздымкаў усе жадаючыя азнаёміліся з асноўнымі этапамі засваення космасу.  

– Сёння адкрываецца першы ў Беларусі музейны павільён, прысвечаны космасу, – падкрэсліў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў ЗАСЬ. – Гэта наша даніна павагі тым, хто стаяў ля вытокаў развіцця галіны. Беларусь з самага пачатку была ўключана ў працу над касмічнымі распрацоўкамі. Многія нашы землякі стаялі ля вытокаў касманаўтыкі.   

Гэтыя людзі, якімі ганарыцца Беларусь, – Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак і Алег Навіцкі – былі галоўнымі героямі мерапрыемства. Кожны з іх перадаў музею-павільёну свае рэчы.

У экспазіцыі – скафандр Двойчы Героя Савецкага Саюза Пятра Клімука, у якім касманаўт здзейсніў свой другі касмічны палёт. На адкрыцці павільёна генерал-палкоўнік у адстаўцы прызнаўся, што ганарыцца Беларуссю і яе людзьмі, а таксама радуецца поспехам краіны, добрым адносінам Прэзідэнта і прэм’ер-міністра да сваіх грамадзян. “Ехаў сюды на машыне і ўбачыў, што самае вялікае ваша багацце – гэта людзі, якія робяць усё, каб і зямля была багацейшая, і самі яны былі больш заможнымі”, – перакананы знакаміты касманаўт.  

Беларускі касманаўт Уладзімір Кавалёнак расказаў, што на Усебеларускім народным сходзе адзін з арганізатараў сённяшняга мерапрыемства выступіць з прапановай, каб Беларусь прыняла ўдзел у падрыхтоўцы сваіх касманаўтаў. Па словах Двойчы Героя Савецкага Саюза, не выключана, што беларусы змогуць паступаць у Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў у Расіі. “Касманаўтам стаць проста, варта толькі захацець, – лічыць Уладзімір Кавалёнак. – Так што, юнакі і дзяўчаты з Беларусі, наперад у аэраклубы – на самалёты! А потым – у космас!”   

У межах мерапрыемства адбыліся палёты шматлікіх тыпаў самалётаў і верталётаў авіяцыі ДТСААФ і сілавых структур нашай краіны. Сваё майстэрства прадэманстравалі парашутысты, спартсмены па авіяцыйных, тэхнічных і ваенна-прыкладных відах спорту. Усе з захапленнем назіралі за паветранымі баямі авіямадэляў і запускамі мадэляў ракет.

Своеасаблівым працягам мерапрыемства стала адкрыццё Алеі Герояў 50-й змешанай авіяцыйнай базы Узброеных Сіл, што дыслакуецца ў Мачулішчах.

– Мы помнім, што воіны 50-га асобнага змешанага авіяцыйнага палка праявілі найвышэйшую мужнасць і гераізм у ходзе ваенных дзеянняў у Афганістане, калі ўпершыню ў навейшай гісторыі менавіта воіны-інтэрнацыяналісты кінулі выклік міжнароднаму тэрарызму і спробам укінуць свет у постцывілізацыйны хаос, – сказаў падчас адкрыцця Алеі Герояў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл – першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег БЕЛАКОНЕЎ.  – Аб баявым напружанні лётнага складу, які ваяваў у Афганістане, сведчаць наступныя факты. У суткі кожны лётчык у сярэднім здзяйсняў да 6 – 8 баявых вылетаў, а за год прыбывання ў Афганістане лётны склад выканаў да 800 вылетаў з агульным налётам больш як тысячу гадзін.

Як адзначыў камандзір 50-й змешанай авіябазы палкоўнік Андрэй ЛУК’ЯНОВІЧ, Алея Герояў адкрываецца ў легендарнай авіяцыйнай базе, якая захоўвае ўдзячную памяць аб гераічных подзвігах воінаў-авіятараў, аб усіх, хто цаной свайго жыцця і здароўя выконваў інтэрнацыянальны доўг, асвойваў бязмежную касмічную прастору і ўдзельнічаў у ліквідацыі самай жудаснай тэхнагеннай катастрофы нашага часу, на каго зараз раўняецца цяперашняе пакаленне беларускіх абаронцаў Айчыны.

Пасля таго, як Алея Герояў урачыста адкрылася пад гукі ваеннага аркестра, ганаровыя госці і ўсе прысутныя ўбачылі ваенную тэхніку, якая стаіць на ўзбраенні вайсковай часці, наведалі самалёт-музей воінскай славы, атрымалі асалоду ад выступлення артыстаў Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Беларусі.

veronika_kanyuta@mail.ru  

Фота БЕЛТА.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Здарылася гэта ў далёкім дзяцінстве.

Культура

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».