25 Верасень, аўторак

Вы тут

Як здзівіць шчырасцю


Дзесяць беларускіх мастакоў спалучаюць розныя меркаванні, пазбаўленыя межаў і штампаў. Самы просты шлях для ўседазволенасці творчасць. Як развіваецца сучасная беларуская арт-прастора, насычаная рознымі плынямі мадэрнізму і авангарду, багаццем формаў, матэрыялаў і тэм?


Мы не засталіся ў баку ад Еўропы, бо нашыя майстры праслаўляюць краіну ва ўсім свеце, прывозяць у Беларусь назапашаны вопыт, адлюстроўваюць філасофію адчуванняў і думак сучаснікаў. Новыя парадыгмы ўступаюць у сімбіёз з традыцыямі. Прычым узаемавыгадны. Вучыцеся трактаваць паўсядзённасць нязвыкла і пашырайце межы фантазіі!

Чаму менавіта дзесяць і хто сярод іх? Мастакі адбіраліся на выстаўку не выпадкова, з падачы найбуйнейшага ў Расіі музея сучаснага мастацтва «Эрарта» ў Санкт-Пецярбургу. Гэта частка маштабнага прыватнага праекта, цэлая сетка галерэй у некалькіх краінах, якая актыўна займаецца продажам твораў мастацтва, падтрымлівае маладых і сталых аўтараў, набліжае сучасныя, вартыя ўвагі арт-працэсы да публікі, тым самым дае смелы выклік маскульту.

Усе мастакі жывуць і паспяхова рэалізоўваюцца ў розных краінах, але кожны з іх адчувае сваё дачыненне да Беларусі, больш за тое – гэта самая важная крыніца натхнення для іх. Сярод прадстаўленых творцаў – Наталля Залозная і Ігар Цішын, Таццяна Радзівілка і Канстанцін Селіханаў, Жанна Капуснікава і Сяргей Грыневіч, Аляксандр Фалей і Уладзімір Канцадайлаў, Уладзімір Кандрусевіч і Іван Сямілетаў. Яны прапануюць нам адчуць, што мастацтва – ідэальнае асяроддзе для свабоды.

У цэнтры ўвагі на большасці работ – чалавек. У Таццяны Радзівілкі гэта маленькая фігурка ў прасторы, амаль лялечная, але моцная духам. Пры ўсёй сваёй мініяцюрнасці людзі вольныя выбіраць шлях, пазбаўляцца навязаных сацыяльных путаў, рухацца наперад, слухаць свае памкненні... А калі што – бегчы. У лепшае асяроддзе. Усе карціны Таццяны Радзівілкі напісаны на мове знакаў, вельмі важных для разумення.

Уладзімір Кандрусевіч – адданы аматар эксперыментаў. Ён нават малюе алеем на... пазалочаным метале. Мастак любіць укараняць людзей у матэрыю — гэта можа быць агонь, вада ці зямля — і глядзець на вобразы зверху, як сапраўдны творца. Адна з самых моцных карцін — «Гравітацыя», дзе людзі, сплеценыя ў клубок, перыядычна... распадаюцца. Хтосьці адбіваецца ад «статка». Куды ён паляціць? Тыя, хто баіцца — вядома ж, уніз, але смелыя – да нябёсаў.

Вяскоўцы ва усёй красе, у амаль фантастычна яркіх уборах – на карцінах Жанны Капуснікавай. Яна прапануе адчуць пах зямлі і сырадою, убачыць узмах крылаў бусла над ранішнім лугам, пачуць храбусценне свежых агурочкаў з градкі... Частка праекта «Дажынкі» экспануецца ў «Доме карцін». Своеасаблівы поп-арт на сельскі манер. Хоць аўтарка ніколі і не жыла ў вёсцы, каларыт перададзены цудоўна.

А вось Наталля Залозная можа расказаць гісторыю жыцця рэчаў (скажам, правага і левага чаравіка) – акрылам, кітайскай тушшу і пяском, яшчэ і ў духу неасімвалізму. Альбо напісаць пра салодкія нябёсы з ваты, праз якія нясмела прабіваецца дырыжабль. Яе работы супакойваюць, дазваляюць памедытаваць, адчуць бязмежнасць прасторы і часу і нават умяшацца ў іх несупынны рух.

Цікава, што гадоў шэсць таму ў сталічным Музеі сучаснага мастацтва праходзіла яе выстаўка «Свабодны палёт». Ад мастачкі сапраўды вее духам новага еўрапейскага жывапісу, зачараваннем Бруселем, дзе яна заўсёды запатрабаваная. Але і ў Мінск часта прыязджае. Акрамя жывапісу, дарэчы, Наталля Залозная займаецца інсталяцыяй, лічыць, што ўзаемапранікненне і разнапланавасць – адны з галоўных рыс мастацтва.

Работ яе мужа, Ігара Цішына, у «Доме карцін» чамусьці няма, але арганізатары паабяцалі, што пазней ён абавязкова далучыцца да калег. Мастак любіць спалучаць розныя прыёмы – напрыклад, сумяшчае фотаздымкі з накладаннем фарбаў. З апошняга – удзел у праекце Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, дзе было паказана, як жывапіс урываецца ў фота, але не псуе, а надае яму другое жыццё. Абстракцыя ўступае ў дыялог з сюррэалізмам і элементамі коміксаў. Віртуоз сумяшчэння розных прыёмаў, кантрастаў (кшталту сумяшчэння на адным палатне жыццялюбства і трагізму), аматар спасылацца на розныя культурныя плыні, іранізіраваць, адчуваць смела і адкрыта...

Але самыя, відаць, манументальныя і моцныя па ўздзеянні карціны –
ад Сергея Грыневіча. Мастак прымушае спыніцца і паглядзець углыб, агаліць думкі і жаданні, зняць мішуру стэрэатыпаў. Ён увесь час даследуе ўплыў масавай культуры на чалавека. Карціны шматмерныя, яны паглынаюць і ціснуць, падпарадкоўваюць, але змяшчаюць адказы на актуальныя праблемы часу, грамадскіх працэсаў, ломкі маральных і духоўных арыенціраў.

Цікава, што адзіны скульптар на выстаўцы – Канстанцін Селіханаў. Ён зацвердзіўся на пляцоўцы даволі ўпэўнена і гарманічна. Майстар адабраў для «Дома карцін» філасофскую серыю пра Давіда і Галіяфа, а таксама неадназначную скульптуру «Хор». Тэма творчых даследаванняў – узаемаадносіны чалавека і натоўпу. Лаканічныя, невялікія фігуркі са сталі і бронзы выглядаюць велічна, бо ўнутрана яны зараджаны воляй. Але з іншага боку – асобы, сабраныя разам, могуць ператварыцца ў масу. Дзе мяжа? А гэта ўжо пытанне да нас.

Гуляючы па «Доме карцін», можна раптам наткнуцца на... каву з малаком, разлітую на палатне ў выглядзе хітра сплеценых ліній і кропляў, што нагадваюць то каліграфію, то графіці. Чысты экспрэсіянізм ад Аляксандра Фалея. Здаецца, яго рука сама рухаецца па паперы пад дыктоўку тэмпераменту.

На кантрасце – Уладзімір Канцадайлаў, які прадставіў серыю мінімалістычных, прыглушаных па колерах выяў ландшафтаў на трохкутніках. Відаць, гэта адно і тое ж месца, але то ўзімку, то летам, на захадзе ці світанку. Розныя станы прыроды і часу надаюць падзеям і прадметам нечаканыя адценні.

Апошні герой экспазіцыі, Іван Сямілетаў, як і ўсе, імкнецца да палётаў – то вандруе ў міжчасавай прасторы, то вывучае пазасвядомасць, захапляецца сюррэалізмам, адлюстроўвае вольныя асацыяцыі, наўмысна створаныя быццам бы дзіцячай рукой... Што галоўнае, акрамя свабоды? Шчырасць.

Загаловак у газеце: Выстаўка «Ты можаш быць вольным...» праходзіць у мастацкай галерэі «Дом карцін»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.