Вы тут

Бойкі алавяны салдацік


Этгар Керэт — аўтар шырока вядомы ў свеце, і для беларускай аўдыторыі голас не новы. Голас іранічны, але не з’едлівы. Добры, але не «мяккацелы». Вясёлы, але за смехам дасціпнага аўтара чутно горыч, трывогу за наступны дзень, боль, хоць і добра прыхаваны, за сваю краіну, чыёй пастаяннай музыкай сталі стрэлы й выбухі вайны. Сын Ізраіля, да якога прыслухоўваюцца чытачы ўсяго свету.


У Беларусі Этгар Керэт мае сталую аўдыторыю, што было бачна па бітком набітай зале падчас сустрэчы з пісьменнікам чытачы розных узростаў ды прафесій, якіх лучыць любоў да добрай прозы і здаровага смеху... Нагодай для сустрэчы сталася прэзентацыя кнігі Этгара Керэта «Сем добрых гадоў», якая з’явілася на нашых кніжных паліцах дзякуючы перакладчыку Сяргею Шупу.

Папярэдняй і першай кнігай ізраільскага пісьменніка, перакладзенай на беларускую, быў зборнік прозы «Кіроўца, які хацеў стаць Богам» (перакладчык Павал Касцюкевіч).

Што так прыцягвае чытача да прозы Керэта? Адразу ж хочацца сказаць ― гумар. Сапраўды, смех як забава і як найдзейснейшы лек заўжды быў пад рукой чалавека. Пісьменнікі-сатырыкі жывуць найдаўжэй у чалавечай памяці (Вальтэр, Свіфт, Рабле, бліжэй ― Ільф і Пятроў, Мрый, Гашэк...). Але ў прозе Керэта смех не з’яўляецца самамэтай. Для яго іронія і самаіронія (другой, здаецца, нават больш) з’яўляюцца адначасова і падмуркам, і шчытом. Без іх дасціпная проза магла стацца непраглядна-змрочнай: смерць бацькі, пастаянная вайна на тваім парозе, як вынік ― трывога за будучыню маленькага сына, які аднойчы можа стацца салдатам, крытычны погляд на справу пісьменніка ў сучасным свеце, усведамленне ўласнае безабароннасці перад выбрыкамі лёсу і ўвогуле… Прамоў усё гэта без усмешкі, і скончыш слязьмі.

Відаць, сакрэт абаяльнасці аўтара (як апавядальніка і як асобы) у яго мужнасці, стойкасці алавянага салдаціка, які смяецца не з нагоды, але насуперак.

«Сем добрых гадоў» ― кніга нон-фікшн, збор калонак, што друкаваліся цягам сямі гадоў у розных СМІ. Як для аўтара ― вялікі час. І за меншыя тэрміны стыль можа змяніцца да непазнавальнасці. Але Этгар Керэт застаецца верны сабе. Не ведаючы акалічнасцяў стварэння гэтай кнігі, можна было б застацца ва ўпэўненасці, што напісаная яна адным духам. Цэласнасць «сямігадовай» кнігі можна ставіць у прыклад асобным нашым раманам, напісаным за два месяцы. Цэласнасць ― але не аднастайнасць. Кожны з гэтых гадоў для Керэта нечым азначаны: адзін раздзел ставіць акцэнт на літаратурнай дзейнасці, іншы ― на асабістым, трэці ― на сяброўскіх стасунках. Але найбольш яўныя межы маюць першы і крайні год, гады нараджэння сына і смерці бацькі. Пра гэтыя вялікія падзеі, найрадаснейшую і найсмутную, аўтар гаворыць аднолькава спакойна. Этгар Керэт увогуле не спекулюе на пачуццях чытача. Кім-кім, а маніпулятарам яго не назавеш. Дэталі, такія кранальныя і незабыўныя, — вось што праймае. І пачуццё безабароннасці, усведамленне сябе дарослым дзіцём ­робяць аўтара і яго расповед, заўжды аўтабіяграфічны, надзвычай блізкім, так што па прачытанні «Сямі добрых гадоў» застаецца ўражанне асабістага знаёмства з кранальным, але бязлітасным у праўдзе жыцця Керэтам.

Падобных кніг ― падсумаванне калумністыкі, ці збор дзённікавых нататак, — у беларускай літаратуры хапае. Згадаем Віктара Шніпа з яго «Пугачоўскім цырульнікам» і «Заўтра была адліга». Згадаем Альгерда Бахарэвіча і яго «Гамбургскі рахунак». Вельмі розныя, яны ўсё ж аднакарэнныя па жанры. Але Віктар Шніп, калі параўноваць яго з ізраільскім пісьменнікам, занадта сентыментальны, а ў іншым выпадку ператвараецца ў дакументаліста, прыводзячы краязнаўчыя-гістарычныя звесткі. Занатоўвае тое, што найперш важна для яго. Калі чытачу нецікава ― прагартае. Альгерд Бахарэвіч дасціпны і цікавы, але «вузкаспецыяльны», залежны ад сваіх герояў. Словам, Этгара Керэта няма з кім параўнаць.

Раней згаданую дзіцячасць аўтара не варта разумець як інфантыльнасць. Так, Этгар Керэт не хавае сваіх сумненняў, страхаў, разгубленасці перад абставінамі, выстаўляе іх на пацеху чытачу, тым самым падбадзёрваючы яго і сябе. Такі сабе мудры блазан (да слова, заходнія крытыкі так яго і называюць: «белы клоўн сусветнай літаратуры»). І блазнерства гэтае не пазбаўляе яго ад адказнасці. Цікава назіраць за апавядальнікам, які сам жа з’яўляецца героем. Дык вось, герой гэты, пазбаўлены ўсякіх мужных прыўкрас а-ля непераможнасць, самаўпэўненасць, насамрэч зусім не слабы. Слабы не здолеў бы ператварыць бамбёжку ў вясёлую гульню для свайго сына.

Лінія сын ― айцец у «Сямі добрых гадах» адна з найгалоўнейшых, калі не самая. Яна мае падвойнае ўвасабленне: аўтар і яго сын; аўтар як сын ― і яго бацька. У гэтых стасунках адлюстроўваюцца тыя самыя вечныя каштоўнасці, трываласць сям’і, на якой, урэшце, стаяць і краіна, і свет людзей. Тым вастрэй успрымаюцца аповеды пра сям’ю, што фонам ім выступае вайна. Вайна ў мінулым сям’і (айцец Этгара разам з бацькамі падчас Вялікай Айчыннай хаваўся ў зямлянцы пад Баранавічамі; маці Этгара жыла ў Варшаўскім гета). Вайна ў цяперашнім: Этгар спрачаецца з жонкай, ці пойдзе іх сын у далёкай будучыні ў войска. Маці катэгарычна супраць: яна не можа і не хоча бачыць у адзіным сыне гарматнае мяса. Этгар таксама гэтага не хоча; але хто стане абараняць краіну?.. Урэшце, істотна не адно прыватнае пытанне, але тое, што вайна сама па сабе ― абсурдная, бессэнсоўная з’ява, якая змушае глядзець нават на немаўлят як на салдат. Этгар Керэт падае гэта ў пацешнай форме. Чытач смяецца. А потым ― задумваецца.

Да слова, жаночых роляў у «Сямі добрых гадах» няшмат. Яны эпізадычныя. Але жанчыны вачыма Керэта ― рацыянальныя, моцныя і небяспечныя (бо непрадказальныя).

Вайна не адзіная нагода для горкага смеху. З самаіроніяй Этгар Керэт разважае пра долю пісьменніка (яго аповеды пра літаратурныя фестывалі блізяцца да анекдотаў, як і гісторыя напісання першага апавядання). З той жа ўсмешкай ― пра стаўленне свету да яўрэяў. Гуманізм і іншыя прыгожыя словы ― гэта, вядома ж, добра, але Этгар Керэт, як чалавек разумны, у гэтым стаўленні адчувае і насцярожанасць. Разам з тым ён пасмейваецца з саміх яўрэяў, якія ўпарта бачаць наўкола праявы антысемітызму. Гэтак жа насцярожна і ў той жа час з усмешкай ён распавядае пра артадоксаў. Зрэшты, усмешка адрасуецца не ім, але крайнім поглядам людзей увогуле — не мае значэння, на што.

Гатоўнасць (аўта)героя Этгара Керэта сустрэць усякае выпрабаванне з усмешкай нагадвае нашага Несцерку. Справа ў варунках, у якіх выпадае жыць таму і другому. Беларусы, нацярпеўшыся ўсякага ліха, нарадзілі нязломнага персанажа, увасабленне саміх сябе такімі, якімі хацелася б быць. Нацярпеўся і народ Ізраіля. У выніку нарадзіўся пісьменнік Этгар Керэт. З «непарадным пад’ездам» чалавечага дома ён знаёмы з маленства: бацька замест казак на ноч распавядаў яму гісторыі сваёй маладосці ― пра мафіёзі, прастытутак ды алкаголікаў.

Але сем гадоў, апісаныя ў кнізе, застаюцца добрымі.

Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.