Вы тут

Міхал Клеафас Агінскі не толькі пісаў музыку, але і інспектаваў мытні


На гэту не вельмі вядомую акалічнасць у аўтабіяграфіі аўтара паланэза «ля-мінор», больш вядомага як «Развітанне з Радзімай», Дзяніс Іваноў звярнуў увагу пасля таго, як прыйшоў працаваць на Магілёўскую мытню. Малады спецыяліст па адукацыі гісторык, але пасля службы ў пагранвойсках сам лёс прывёў яго ў гэтае ведамства. Разам з тым і сваёй першай прафесіі ён не здраджвае. У вольны час падарожнічае па Беларусі і занатоўвае ўбачанае. Пасля таго, як некалькі гадоў таму пабываў у Залессі — былой рэзідэнцыі Міхала Клеафаса Агінскага і даведаўся пра яго мытныя справы, мэтанакіравана стаў шукаць у інтэрнэце і бібліятэках усё, што звязана з гэтым чалавекам. Высветлілася шмат цікавага.


Пад уплывам Паўночных Афінаў

Хобі падарожнічаць з'явілася ў Дзяніса яшчэ ў студэнцкія гады — хацелася ўбачыць тыя мясціны, пра якія чыталі на лекцыях. З той пары ён ужо амаль усё аб'ехаў. Жартуе, што не паспеў толькі дэталёва даследаваць палескую глыбінку. Але ў яго яшчэ усё наперадзе. У выхадныя ён зноў збірае свой заплечнік, тыкае пальцам у карту і ідзе купляць квіток. Бо не любіць спланаваных паездак. У гэтым ёсць асаблівая асалода. Загадзя не ведаеш, што цябе чакае, з кім сустрэнешся. Часам яму складае кампанію яго калега па мытнай рабоце, а ў мінулым таксама выпускнік гістфака Антон Пусікаў — такі ж рамантык у душы і аматар спантанных прыгод.

Дзяніс і цяпер з захапленнем успамінае тое падарожжа ў Залессе, ці, як раней называлі сябры Агінскага гэты маёнтак, — Паўночныя Афіны. Ціхае ўтульнае месца з штучнымі вадаёмамі. «У 1817 годзе, калі Міхал Агінскі склаў з сябе паўнамоцтвы сенатара і вярнуўся ў свой маёнтак пад Смаргонь, ён зрабіў са сваёй беларускай рэзідэнцыі сапраўдную жамчужыну. Побач са старым палацам пабудаваў новы. Каля французскага парку разбіў яшчэ адзін у англійскім стылі, з утульнымі альтанкамі. Непадалёку размясціліся батанічны сад, заапарк, аранжарэя. Усе дарогі, якія вялі да Залесся, былі засаджаны дрэвамі. Сапраўды, райскі куточак. Ён знаходзіўся на шляху з Санкт-Пецярбурга ў Варшаву і служыў улюбёным месцам прыпынку для ганаровых і не вельмі гасцей. Тут заўсёды панавала музыка».

На жаль, ад былога хараства мала што засталося, але ёсць апантаныя сваёй справай людзі. «Пасля знаёмства з Сяргеем Верамейчыкам — старшым навуковым супрацоўнікам музея, я зусім па-іншаму зірнуў на Агінскага, — прызнаецца Дзяніс. — Мяне вельмі ўразіла гэта экскурсія».

На памяць аб той паездцы засталася аўтарская кніжка Сяргея Верамейчыка з дароўным надпісам. Даследчык у храналагічным парадку запісаў усе адметныя этапы жыцця дзяржаўнага дзеяча і таленавітага кампазітара і нават склаў свой варыянт яго радаводу.

Захоплены ўбачаным і пачутым, шчаслівы падарожнік вяртаўся ў Магілёў узрушаны і зачараваны, у галаве ўзнёсла гучаў паланэз.

Як Агінскі змагаўся са злоўжываннямі

Будучы выдатны палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, ганаровы член Віленскага ўніверсітэта, мяцежны ўдзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі, сенатар Расійскай імперыі, тайны дарадца Аляксандра Першага Міхал Клеафас Агінскі пачынаў сваю кар'еру са скарбовага ўпаўнаважанага Літвы. У 21 год ён кантраляваў дзейнасць мытных пастоў на мяжы Літвы з Расіяй. Як чалавек вельмі тонкай палітычнай інтуіцыі, віртуозна арыентаваўся ў любых складаных сітуацыях.
А яшчэ быў прынцыповым і рашучым, выяўляў злоўжыванні і пакідаў інструкцыі і распараджэнні. Вось толькі адзін факт, які сведчыць аб яго прыстойнасці і непрадузятасці. Вярнуўшыся ў Гародню, Міхал Клеафас публічна выкрыў злоўжыванні пры чаканцы новых медных манет, якія адбываліся па тайным распараджэнні пасла. Спробы камісіі падтрымаць пасла скончыліся нічым. Яны нават звярталіся да бацькі непакорнага ўпаўнаважанага. Той толькі напісаў сыну «...Не адступай ад шляху гонару і цноты. Палажыся на Бога, паважай законы, кіруйся ў дзеяннях сваім сумленнем». Закон быў на баку Міхала Агінскага, і пры галасаванні ён скарыстаўся сваім правам накласці вета.

— Уражвае, наколькі разумна і эфектыўна малады чалавек змог арганізаваць работу мытных органаў, — з веданнем справы кажа Дзяніс. — Ён падрыхтаваў справаздачу, у якой прадставіў свае заўвагі па зніжэнні выдаткаў і прапанаваў шэраг мер, каб пазбегнуць фактаў злоўжывання службовымі абавязкамі. У прыватнасці, кожны супрацоўнік мытнага Дэпартамента павінен быў выконваць пэўныя і размежаваныя абавязкі, суперінтэндантам (кіраўнікам) належала аб'язджаць мытні і пасты не чатыры разы на год, як таго патрабаваў закон, а рэгулярна. Каб супрацоўнікі не мелі магчымасці выкарыстоўваць грошы мытных кас у сваіх мэтах, малады дэпутат раіў увесці правіла здаваць грошы ў казну часцей, чым 2 разы ў год. Рэкамендаваў унесці ў тэкст прысягі мытнага чыноўніка пункт, згодна з якім кожны супрацоўнік абавязаны быў дакладваць кіраўніцтву аб фактах злоўжыванняў або падрыхтоўцы да іх. Усе гэтыя і іншыя парады былі прыняты да ведама.

У 1788 годзе на эканамічнай сесіі ў Гродне быў прыняты і апублікаваны цэлы шэраг мытных інструктажоў Вялікага Княства Літоўскага. Скарбовая камісія плённа кіравала дзейнасцю мытнай службы княства, і тая прыносіла значны даход у казну дзяржавы.

Бялынічы лічыліся «мясцовай Чэнстаховай»

З Магілёўскай вобласцю Міхала Клеафаса Агінскага наогул шмат што звязвае.

Нават настаўнік музыкі Восіп Казлоўскі быў родам з Прапойска (цяпер Слаўгарад). У 1821 годзе аўтар афіцыйнага гімна Расійскай імперыі «Гром победы, раздавайся», вяртаючыся з дачкой на радзіму ў Прапойск, некаторы час гасціў у свайго былога вучня ў Залессі.

Сярод беларускіх уладанняў Агінскіх некалькі было і ў Магілёўскай губерні — у Бялынічах і на Мсціслаўшчыне. Пра гэта Дзяніс знайшоў шмат карыснай інфармацыі і ў кнігах свайго калегі па мытнай службе з Гродзеншчыны Віктара Саяпіна — той таксама сур'ёзна цікавіўся гісторыяй, нават ездзіў у польскія і літоўскія музеі і архівы.

— Агінскі не аднойчы бываў у Магілёве, сустракаўся з фаварытам расійскай імператрыцы Рыгорам Пацёмкіным. Той запрашаў яго ў сваю світу. Тут жа, у Магілёве, Міхал Клеафас прысягаў Кацярыне ІІ, каб мець права на ўезд у свае беларускія ўладанні. У Бялынічах у яго была сядзіба, якая, на жаль, не захавалася. Цяпер на гэтым месцы парк. Дарэчы, пры Агінскіх тут таксама быў парк, які лічыўся помнікам садова-паркавага мастацтва. Дзякуючы гэтаму роду, Бялынічы сталі буйным рэлігійным цэнтрам, або, як тады казалі, «мясцовай Чэнстаховай». Менавіта намаганнямі Агінскіх тут быў закладзены касцёл у гонар Узнясення Божай Маці, вернуты выкрадзены падчас войнаў цудатворны абраз Божай Маці Бялыніцкай — святыні, ушанаванай вернікамі трох канфесій: праваслаўнымі, католікамі і ўніятамі, — расказвае Дзяніс.

Пра За­лес­се Дзя­ні­су на­гад­вае кні­га Сяр­гея Ве­ра­мей­чы­ка.

Падарожжы клічуць

Цікавасць калег па Магілёўскай мытні да яго падарожжаў прымушае Дзяніса, так бы мовіць, трымаць сябе ў форме. Нядаўна разам з Антонам Пусікавым яны пабывалі у Жыровічах, Слоніме, Ружанах, Косаве.

— Прыемна адчуць атмасферу горада, раёна, стасавацца з супрацоўнікамі музеяў, назіраць за жыццём горада, — кажа Дзяніс. — У нас шмат цікавых мясцін. Мне падабаюцца маленькія населеныя пункты, да якіх мала хто даязджае. З паездак прывожу магніты. На жаль, яны не ўсюды ёсць. А яшчэ раблю шмат фота, трэба ж нечым падмацоўваць уражанні. Мытня і гісторыя дапаўняюць адно аднаго. Той жа Агінскі і мытняй займаўся, і музыку добрую пісаў.

На Магілёўскай мытні цікавасць Дзяніса да гісторыі Беларусі многіх зачапіла за жывое. Калі ведаеш сваю краіну, пачынаеш яшчэ больш яе любіць, адчуваеш сапраўднае, а не штучнае пачуццё патрыятызму. А мытнік і патрыятызм — паняцці сугучныя.

Сярод пераможцаў леташняй віктарыны, аб'яўленай ветэранамі Магілёўскай вобласці напярэдадні 70-годдзя Перамогі, ёсць і прозвішча Іваноў. Да таго ж згадваецца яно двойчы. Разам з Дзянісам удзел у ёй прымаў і яго бацька Уладзімір, ветэран вайны ў Афганістане.

Загаловак у газеце: Пад гукі паланэза

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.