Вы тут

Дзеці змогуць вучыцца праграмаванню з 2-га класа


Ужо ў наступным навучальным годзе ў шэрагу школ краіны з'явіцца новы платны факультатыў, на якім ахвотныя будуць вучыцца праграмаваць у асяродку Scratch.


Фота: 2x2.su

— Калі раней галоўным крытэрыем для вызначэння адукаванасці былі навыкі чытання і пісьма, то цяпер, незалежна ад будучай прафесіі, любы чалавек павінен валодаць інфармацыйнымі тэхналогіямі і ўмець раскладаць любы працэс на складаныя часткі, — расказаў падчас анансавання праекта намеснік дырэктара Парка высокіх тэхналогій Аляксандр МАРЦІНКЕВІЧ. — Невыпадкова развітыя краіны ўводзяць у сістэму пачатковай і сярэдняй адукацыі курсы па асновах праграмавання і камп'ютынгу. Некалькі кампаній-рэзідэнтаў ПВТ выйшлі з ініцыятывай аб стварэнні адпаведнага курса і ў Беларусі. Тым больш што інфарматыка ў нашых школах выкладаецца толькі з 6-га класа, у той час як у суседзяў значна раней.

У выніку сумесна з Міністэрствам адукацыі быў распачаты нацыянальны праект па ўкараненні курса асноў алгарытмічнага мыслення і праграмавання. У якасці падмурку быў выбраны распрацаваны ў Масачусецкім універсітэце візуальны асяродак праграмавання пад назвай Scratch, які паспяхова выкарыстоўваецца для навучання малодшых школьнікаў ва ўсім свеце. Беларускія настаўнікі, што маюць досвед працы са Scratch, разам з метадыстамі і прадстаўнікамі кампаній-рэзідэнтаў стварылі навучальную праграму для факультатыва з 2-га па 6-ты клас. Цяпер дакумент праходзіць працэдуру рэцэнзавання.

У пачатку чэрвеня распачнецца падрыхтоўка будучых выкладчыкаў факультатыва, прайсці якую ПВТ запрашае настаўнікаў любых прадметаў. Падрыхтоўчыя курсы будуць бясплатнымі. Як запэўнівае Аляксандр Марцінкевіч, вучыць дзіця пры дапамозе Scratch могуць нават бацькі, бо праграма не патрабуе спецыяльных ведаў у праграмаванні. Найлепшыя з навучэнцаў атрымаюць статус трэнераў і самі змогуць перадаваць веды іншым, аплочваць іх працу будуць кампаніі-рэзідэнты парка.

Сама платформа Scratch не патрабуе ад карыстальніка ведання моў праграмавання, усё робіцца пры дапамозе графічнага інтэрфейса.

Вучань не ўводзіць каманды з клавіятуры, а проста «перацягвае» дзеянні ў спецыяльнае поле, расстаўляе іх у правільным парадку, задае шэраг параметраў. З яе дапамогай можна ствараць мультфільмы, інтэрактыўныя ролікі, гульні і многае іншае. Курс тэсціравалі на дзецях супрацоўнікаў кампаній ПВТ — першакласнікі «з нуля» праз 45 хвілін занятку ўжо арганізавалі простыя дзеянні.

Па словах Аляксандра Марцінкевіча, у факультатыўны курс уключаны і міжпрадметныя сувязі. На занятках будуць выкарыстоўвацца прыклады з іншых дысцыплін. Напрыклад, праграма дапаможа праілюстраваць самыя розныя прыродныя працэсы, дасць дзецям магчымасць праявіць творчасць, ствараючы «экранізацыі» літаратурных твораў.

Колькасць школ, у якіх ужо ў гэтым верасні распачнуцца заняткі па новым курсе, будзе залежаць ад колькасці настаўнікаў, якія пройдуць навучанне летам. Яшчэ адно патрабаванне для адкрыцця факультатыву — наяўнасць у навучальнай установе камп'ютарнага класа.

Даведка:

Зарэгістравацца на падрыхтоўчыя курсы для будучых выкладчыкаў факультатыву можна, звязаўшыся з адміністрацыяй ПВТ па электроннай пошце: іnfo@park.by. Перыяд навучання будзе складаць 3-4 дні.

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Стаць айцішнікам з пялёнак

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».