Вы тут

Пад Мінскам урачыста адкрылі павільён «Космас» і Алею Герояў


Урачыстае адкрыццё павільёна «Космас» адбылося ў Мінскім аэраклубе ДТСААФ. Цяпер, завітаўшы ў пасёлак Баравая, які побач са сталіцай, можна ўбачыць унікальныя экспанаты на касмічную тэматыку. А на тэрыторыі 50-й змяшанай авіябазы, што ў Мачулішчах, ушанаваць памяць герояў-авіятараў.


Першымі касмічныя экспанаты музея-павільёна ацанілі касманаўты — ураджэнцы Беларусі, лётчыкі-касманаўты СССР і Расійскай Федэрацыі, славутыя лётчыкі-выпрабавальнікі. Наведвальнікі экспазіцыі, сярод якіх і высокапастаўленыя дзяржаўныя асобы, убачылі спускальны апарат карабля «Саюз», лажамент і скафандр касманаўта Пятра Клімука, манекен у касмічным скафандры, касцюмы экіпажа міжнароднай касмічнай станцыі і набор бартавога харчавання для касманаўтаў. З дапамогай дакументаў і фотаздымкаў усе ахвотныя азнаёміліся з асноўнымі этапамі засваення космасу.

— Сёння адкрываецца першы ў Беларусі музейны павільён, прысвечаны космасу, — адзначыў падчас урачыстага мерапрыемства дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў ЗАСЬ. — Гэта наша даніна павагі тым, хто стаяў ля вытокаў развіцця галіны. Беларусь з самага пачатку была ўключана ў касмічныя распрацоўкі. Многія нашы землякі стаялі ля вытокаў касманаўтыкі.

Гэтыя людзі, якімі ганарыцца Беларусь, — Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак і Алег Навіцкі — сталі галоўнымі героямі мерапрыемства. Кожны з іх перадаў музею-павільёну свае рэчы.

У экспазіцыі — скафандр Пятра Клімука, у якім касманаўт здзейсніў свой другі касмічны палёт. На адкрыцці павільёна генерал-палкоўнік у адстаўцы прызнаўся, што ганарыцца Беларуссю і яе людзьмі, а таксама радуецца поспехам краіны. «Яшчэ раз пераканаўся, што самае вялікае багацце — гэта людзі, якія робяць усё, каб і зямля была багацейшая, і самі яны былі больш заможнымі», — перакананы двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр КЛІМУК.

Касманаўт Уладзімір КАВАЛЁНАК расказаў, што на Усебеларускім народным сходзе адзін з арганізатараў сённяшняга мерапрыемства выступіць з прапановай, каб Беларусь прыняла ўдзел у падрыхтоўцы сваіх касманаўтаў. Па словах двойчы Героя Савецкага Саюза, не выключана, што беларусы змогуць паступаць у Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў у Расіі. «Касманаўтам стаць проста, варта толькі захацець, — упэўнены Уладзімір Кавалёнак. — Так што, юнакі і дзяўчаты з Беларусі, наперад у аэраклубы — на самалёты! А потым — у космас!»

— Космас — гэта вельмі патрэбная сфера дзейнасці чалавека, — лічыць касманаўт-выпрабавальнік, Герой Расіі Алег НАВІЦКІ. — Перспектывы ў нас велізарныя. Напрыклад, мы разглядаем палёты да далёкіх планет.

Своеасаблівым працягам мерапрыемства стала адкрыццё Алеі Герояў 50-й змяшанай авіяцыйнай базы Узброеных Сіл, што дыслакуецца ў Мачулішчах.

— Мы помнім, што воіны 50-га асобнага змяшанага авіяцыйнага палка праявілі найвышэйшую мужнасць і гераізм у ходзе ваенных дзеянняў у Афганістане, калі ўпершыню ў найноўшай гісторыі менавіта воіны-інтэрнацыяналісты кінулі выклік міжнароднаму тэрарызму і спробам увесці свет у постцывілізацыйны хаос, — сказаў падчас адкрыцця Алеі Герояў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег БЕЛАКОНЕЎ. — Пра баявое напружанне лётнага складу, які ваяваў у Афганістане, сведчаць наступныя факты. За суткі кожны лётчык у сярэднім здзяйсняў да 6—8 баявых вылетаў, а за год знаходжання ў Афганістане лётны склад выканаў да 800 вылетаў з агульным налётам больш як тысячу гадзін.

Пасля таго, як Алея Герояў урачыста адкрылася пад гукі ваеннага аркестра, ганаровыя госці і ўсе прысутныя ўбачылі ваенную тэхніку, якая стаіць на ўзбраенні вайсковай часці, наведалі самалёт-музей воінскай славы.

kanyuta@zviazda.by

Загаловак у газеце: Касмічная памяць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».