Вы тут

Спецыялісты рэкамендуюць выкарыстоўваць у інтэрнэце асобную картку


У мінулых матэрыялах рубрыкі мы пазнаёмілі чытачоў з пластыкавымі карткамі, а таксама з тым, як з іх дапамогай аплачваць тавары і паслугі ў банкаматах, інфакіёсках, у банках і крамах. Зараз мы пагаворым аб больш складанай працэдуры, якая тычыцца правядзення аперацый безнаяўнай аплаты «пластыкам» у інтэрнэце. І ў гэтым нам дапамагае пакрокавы дапаможнік, распрацаваны Нацыянальным банкам краіны.


Толькі па правераных каналах

Эксперты нацыянальнага фінансавага рэгулятара ўпэўнены, што для аплаты тавараў у сеціве лепш выкарыстоўваць асобную картку (да асобнага рахунку і з абмежаванай сумай грашовых сродкаў на ім), прызначаную толькі для гэтай мэты. Больш за тое, неабходна рабіць пакупкі толькі ў тых інтэрнэт-крамах, якія выклікаюць у вас давер.

Пры выкананні падобных пакупак трэба прытрымлівацца аднаго залатога правіла: нікому не давяраць і не дзейнічаць імпульсіўна.

Пра што гэта мы? Ды пра нашу часам празмерную гаварлівасць. А гэта не той выпадак. Спецыялісты ўвогуле раяць не адказваць на электронныя лісты, у якіх ад імя банка або іншых арганізацый, а таксама грамадзян вас просяць даць персанальную інфармацыю, у тым ліку рэквізіты вашай карткі, у мэтах іх абнаўлення або для рэгістрацыі. У гэтым выпадку трэба паспрабаваць высветліць правамернасць такіх прапаноў — звязацца з банкам па дакладна вядомым нумары тэлефона (напрыклад, атрыманаму вамі непасрэдна ад банка, які выдаў картку).

Зламыснікі часта распаўсюджваюць вірусныя праграмы праз розныя інтэрнэт-рэсурсы (ад сацыяльных сетак да звычайных навінавых сайтаў), з дапамогай электроннай пошты і праграм абмену паведамленнямі. Кліент, камп'ютар якога заражаны, пры спробе ўвайсці ў асабісты кабінет можа непрыкметна перанакіроўвацца на «фішынгавы» сайт, які знешне практычна не адрозніваецца ад сапраўдных сайтаў інтэрнэт-банкаў. Каб гэтага пазбегнуць, трэба максімальна выкарыстоўваць магчымасці свайго браўзера і паштовага кліента па забеспячэнні бяспекі. Для гэтага ў опцыях браўзера і паштовага кліента неабходна ўключыць дадатковыя функцыі. Напрыклад, такой функцыяй будзе «Блакіраванне усплываючых вокнаў», «Абарона ад фішынгу і шкоднага ПА», «Адкрываць файлы на падставе змесціва, а не пашырэння» і інш. Таксама не варта карыстацца акном папярэдняга прагляду ў паштовым кліенце.

Акрамя таго, рэкамендуецца заўсёды самастойна ўводзіць вэб-адрас банка (інтэрнэт-банкінгу) у адрасны радок браўзера замест выкарыстання любых гіперспасылак, тым больш з падазроных паведамленняў.

Не залішнім будзе яшчэ раз пераправерыць дакладнасць адрасоў інтэрнэт-сайтаў, да якіх кліент збіраецца падключацца для здзяйснення пакупкі, бо падобныя (крыху змененыя) адрасы могуць выкарыстоўвацца для ажыццяўлення неправамерных дзеянняў. Калі ў вас з'явіліся якія-небудзь падазрэнні адносна інтэрнэт-старонкі ці вы не хочаце прадастаўляць персанальныя звесткі або даныя карткі, то пакіньце старонку і ажыццявіце куплю ў іншым месцы.

Вывучаць умовы пагаднення — да апошняй коскі

Перад правядзеннем аперацыі аплаты тавару (паслугі) трэба ўважліва вывучыць усе ўмовы прапанаванага пагаднення. У прыватнасці, гэта тычыцца ўсіх правілаў прадастаўлення паслуг, умовы дастаўкі, вяртання, замены тавару, а таксама працэдуры адмены заказу. Асабліва ўважліва неабходна чытаць умовы ажыццяўлення аперацый, звязаных з азартнымі гульнямі (казіно, латарэі), бо менавіта яны могуць прадугледжваць аўтаматычную падпіску на паслугу, а гэта пацягне спісанне грашовых сродкаў на рэгулярнай аснове.

Захоўвайце любыя электронныя дакументы, перапіску па электроннай пошце, якая датычыцца спроб вырашэння спрэчнай сітуацыі з арганізацыяй гандлю (сэрвісу), бо гэтыя звесткі могуць стаць важнымі для абароны вашых правоў спажыўца. Пры немагчымасці самастойна вырашыць спрэчную сітуацыю звярніцеся ў банк, які выдаў картку. У выпадку, калі ўмовы для вас незразумелыя, трэба адмовіцца ад плацяжу. Тут трэба разумець, што вяртанне грашовых сродкаў па праведзеных вамі аперацыях будзе магчымым далёка не ва ўсіх выпадках.

Пін-код не патрабуецца

Спецыялісты Нацбанка паведамляюць, што ніколі нельга агучваць свой пін-код пры заказе тавараў па тэлефоне ці пошце і ўводзіць яго ў форму заказу на сайце гандлёвага пункта. Пры здзяйсненні аддаленых аперацый увод пін-кода ніколі не патрабуецца.

Пэўныя нюансы існуюць і пры папярэднім браніраванні гасцініцы праз інтэрнэт-сайт. Калі па нейкіх прычынах кліент не плануе скарыстацца ёю, тады неабходна абавязкова ажыццявіць адмену браніравання праз той жа інтэрнэт-сайт згодна з прапісанымі на ім працэдурамі.

Атрыманне кліентам кода адмены браніравання гасцініцы з'яўляецца доказам таго, што бронь сапраўды адменена. У іншым выпадку за несвоечасовую адмену броні гасцініца мае права прадставіць да спісання з вашага рахунку суму грошай ва ўстаноўленым ёю памеры.

На ўласнай тэрыторыі

Пакрокавы дапаможнік Нацбанка рэкамендуе нам рабіць пакупкі толькі са сваіх электронных прылад і не карыстацца інтэрнэт-кафэ і іншымі агульнадаступнымі сродкамі, дзе могуць быць устаноўлены праграмы-шпіёны, якія запамінаюць уведзеныя пакупніком канфідэнцыйныя звесткі.

Калі банкам, які выдаў картку, падтрымліваецца тэхналогія дадатковага пацвярджэння аперацый, што здзяйсняюцца трымальнікамі картак з выкарыстаннем іх рэквізітаў у інтэрнэце (напрыклад Verіfіed by Vіsa або MasterCard SecureCode), рэкамендуецца падключыць такую паслугу для забеспячэння больш высокага ўзроўню бяспекі інтэрнэт-плацяжоў.

А яшчэ эксперты прапануюць устанаўліваць на свае прылады ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне, у тым ліку антывіруснае, міжсеткавыя экраны (фаерволы і брандмаўеры) і рэгулярна ажыццяўляць іх абнаўленне. Гэта дапаможа абараніць вашы прылады ад вірусаў і іншых дэструктыўных праграм, а таксама ад несанкцыянаванага доступу да канфідэнцыйнай інфармацыі. Нават калі вы ўпэўнены ў сваім праграмным забеспячэнні, не варта адкрываць або загружаць укладанні электронных лістоў ад незнаёмых і сумніўных адрасатаў.

І яшчэ. Спецыялісты лічаць, што не варта дазваляць браўзерам захоўваць інфармацыю аб вашай картцы «для спрашчэння здзяйснення пакупак у будучыні». Звычайна ў нас не такое супер-праграмнае забеспячэнне, якое немагчыма ўзламаць...

У наступным матэрыяле рубрыкі «Разумныя грошы» мы раскажам пра асаблівасці правядзення аперацый з выкарыстаннем картак, а таксама аб нюансах сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: У сеціве лепш «засвечвацца» паменей

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.