Вы тут

Пра нас


У снежні 2014 года часопісу “Бярозка” спаўнілася 90 гадоў.

Нямногія перыядычныя выданні могуць пахваліцца такім даўгалеццем, тым больш, выданні для юных чытачоў. Вось ёсць у Расіі часопіс “Мурзілка”, якому на паўгода раней, чым “Бярозцы” 90 гадоў стукнула, — дык яго наогул у Кнігу рэкордаў Гінеса занеслі. Нашай “Бярозцы” так не пашанцавала… Мо таму, што спачатку часопіс называўся “Беларускі піянер”, потым – “Іскры Ільіча”… Потым была вайна і вымушанае спыненне выхаду часопіса. І толькі з чэрвеня 1945-га, калі часопіс быў адноўлены і трэці раз змяніў сваю назву, ён стаў, нарэшце, той “Бярозкай”, якую ўсе ведаюць.

Але вернемся да першых гадоў існавання часопіса, калі ён яшчэ выходзіў пад назвай “Беларускі піянер”. Тады ў кожным, лічы, нумары змяшчаліся матэрыялы пра жыццё і справы беларускай піянерыі. Але існавалі і іншыя рубрыкі. Да прыкладу, навукова-папулярныя.

У іх публікаваліся самыя разнастайныя карысныя і займальныя звесткі біялагічнай, хімічнай, медыцынскай, тэхнічнай тэматыкі. Вось назвы некаторых артыкулаў з гэтага раздзелу: “Як зрабіць фотаапарат”, “Рыба, якая ўе гнёзды”, “Ці адчуваюць насякомыя боль”, “Трэба мець моцныя і чыстыя зубы”, “Радыё для глухіх”.

Былі ў “Юным піянеры” і артыкулы-інструкцыі з практычнымі парадамі: “Рамантуем кніжкі”, “Як латаць панчохі”. А красавіцкі нумар за 1928 год быў прысвечаны ахове птушак і прапаноўваў піянерам самім зрабіць дуплянкі і шпакоўні па чарцяжах, якія прыводзіліся на старонках часопіса.

Галоўнай часткай часопіса “Юны піянер” была, вядома ж, літаратурная. Тут друкаваліся дзіцячыя творы самых разнастайных пісьменнікаў, у тым ліку і тых, якія пазней сталі класікамі беларускай літаратуры: Кандрата Крапівы, Уладзіміра Жылкі, Максіма Гарэцкага, Янкі Маўра…

Што датычыцца Янкі Маўра, то менавіта з “Юнага піянера” і пачаўся ягоны шлях у вялікую літаратуру. Справа ў тым, што рэдактару “Юнага піянера” Алесю Якімовічу тэрмінова патрэбны былі новыя аўтары, якія б маглі пісаць для дзяцей. Вось тады і адбылося знаёмства Якімовіча з немаладым ужо настаўнікам, Іванам Міхайлавічам Фёдаравым (будучым Янкам Маўрам), які прынёс у рэдакцыю сваю першую аповесць “Чалавек ідзе”. Аповесць гэтая пачала друкавацца ў “Беларускім піянеры” з канца 1926 года і прынесла аўтару ўсебеларускую вядомасць.

Дарэчы, і потым, стаўшы “Бярозкай”, часопіс працягваў “адкрываць” для юных чытачоў новых і новых аўтараў. А многія з сучасных вядомых беларускіх пісьменнікаў калісьці, яшчэ школьнікамі, упершыню друкаваліся менавіта на старонках “Бярозкі”. Да прыкладу, Уладзімір Мазго, Алесь Бадак, Алесь Карлюкевіч… Ды хіба ўсіх пералічыш.

Так атрымалася, што апошнія некалькі гадоў “Бярозка” выходзіла пад адной вокладкай з часопісам “Маладосць”. А са студзеня 2015 года зноў стала асобным выданнем. Прыгожым, каляровым і прытым адзіным у нашай краіне цалкам беларускамоўным часопісам для падлеткаў. Каб, прымаючы эстафету ў “Вясёлкі”, перадаваць яе потым часопісу  “Маладосць”. Каб не перарывалася, такім чынам, літаратурная сувязь пакаленняў і каб тыя дзеці, якія праз “Вясёлку” пасябравалі з прыгожай і мілагучнай нашай мовай, здолелі потым захаваць гэтае сяброўства на ўсё жыццё.

Ну, а тыя, хто стварае сёння часопіс “Бярозка”, робяць усё для таго, каб ён быў не толькі карысным і змястоўным, але і вельмі цікавым — як для саміх вучняў, так і для іх бацькоў, класных кіраўнікоў і іншых настаўнікаў.

 

"Бярозка"-new

Тры гады пад вокладкай "Маладосці" каму заўгодна пойдуць на карысць — так цяпер хочацца сказаць, бо праз тры гады, якія суправаджаліся літаральна енкам гаваруноў пра літаратурныя справы, незадаволеных сітуацыяй з часопісам “Бярозка”, мы, енкаў не слухаючы, выпусцілі-такі з-пад сваёй вокладкі ў новае самастойнае жыццё легендарнае выданне “Бярозка”, падарыўшы яму на памяць аб сумесна праведзеным часе новы-навюткі фармат. Адукацыйна-забаўляльны праект пад назвай ”Бярозка” у спадчыну ад сябе самога, 90-гадовай гісторыяй слаўнага, атрымаў найкаштоўнейшую (і што асабліва цешыць — запатрабаваную) традыцыю быць выданнем для школьнікаў, якія мараць стаць пісьменнікамі. Сярэднія і старэйшыя класы школы — бярозкаўскія чытачы і аўтары адначасова. Менавіта з такім падыходам — праз гарантыю інтэрактыўнасці — ствараецца новая “Бярозка”. Яе аўтары — гэта вучні ў кожным з сэнсаў дадзенага слова: пачынаючы з вокладкі (ілюстрацыі для яе малююць выхаванцы мастацкіх школ), завяршаючы “Школай журналістыкі”, старонкі якой, завераныя пячаткай, як знойдуцца пасля, калі давядзецца прадстаўляць працы на творчы конкурс пры паступленні ў Інстытут журналістыкі.

“Бярозка” вучыць пісаць. Школьныя сачыненні, апавяданні, казкі і вершы, эсэ і паэмы. На тое тут ёсць рубрыка “Практыкум”, весці якую запрошаны лепшыя метадысты ВНУ і найвопытнейшыя з настаўнікаў мовы.

“Бярозка” заахвочвае чытаць творы школьнай праграмы — так, каб усё ў іх было зразумелым і не ўзнікала жадання закінуць падручнік літаратуры куды падалей. На тое “Бел.літ.” — адмысловая рубрыка, якая абяцае так раскласці мастацкі твор і так прадставіць яго герояў, што ў пару ім будзе зрабіцца кумірамі і героямі кампьютарных гульняў ці коміксаў.

“Бярозка” адукоўвае і забаўляе адначасова. Якое слова пачынаецца трыма “т” і заканчваецца трыма “я”? Што будзе з казою, калі ёй споўніцца 10 гадоў? Ці можа чалавек падскочыць вышэй экскаватара?

“Бярозка” стварае ўмовы для шматбаковага развіцця — праз асобную тэрыторыю “Псі-факторыя”, дзе працуюць прафесійныя псіхолагі і самыя душэўныя педагогі і нават бацькі.

“Бярозка” дае магчымасць дзяліцца якімі заўгодна думкамі — пра школу і пазашкольнае, спорт і мастацтва, кнігі, пачуцці, жыццё… У часопісе адведзена плошча пад “калумністыку”.

Асобная пэўная колькасць старонак “Бярозкі” штомесяц аддаецца спецыяльнаму праекту “Настаўніцкая на праслушцы”, заяўленаму ў якасці найлепшай магчымасці настаўнікам выказацца, а вучням — пачуць. Бо падслуханая размова настаўнікаў — гэта, згадзіцеся, куды больш магутная зброя, чым ушчуванні, угаворванні, перакананні, выказаныя вучню наўпрост.

Хто не ведае, што такое гатавальня? Тут зноў давядзецца пісаць пра тое, як шкада, што на слых словы могуць быць аднолькавымі, хоць на зрок яны розныя. “Гатавальня” — гэта рубрыка часопіса “Бярозка”. Мяркуючы па назве, можна здагадацца, што і яна — вучыць. Не, не вычэрчваць бісектрысы і дыяганалі, хоць і гэтыя навыкі чытачу “Гатавальні” карысныя. “Гатавальня” вучыць гатаваць. Весела, смачна і тое, што гатавалі або елі героі мастацкіх твораў. Нашы падлеткі ведаюць, як гатаваць піцу, з чаго складаюцца паверхі чызбургераў-гамбургераў і што сушы-бараў у нашай краіне пад назвай Беларусь куды болей, чым корчмаў, дзе падаюцца сапраўдныя (а не галандскай замарозкі) дранікі, нацыянальная страва. Кулінарная рубрыка з літаратурным падтэкстам (з рэцэптам пад тэкстам) — гэта якраз тое, што сапраўды патрэбна. Гэта якраз да таго, што пакуль распрацоўваліся канцэпты “Бярозкі”, якіх толькі прапаноў мы не чулі: і пра падзелкі-самаробкі, і пра анекдоты з крыжаванкамі, і ўсялякія забаўкі-падманкі. Не прыжыліся, бо іначай “Бярозка” страціла б традыцыю літаратурнага выдання. “Гатавальня” ж — залатая сярэдзінка. Гэтаксама як і рубрыка “Незапыленае” — быццам бы гламурныя штучкі, а на самай справе паход у музей…

 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.

Эканоміка

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ад спантаннай пакупкі са «зніжкай па-беларуску» можна не толькі не атрымаць якой-небудзь эканоміі, але і пераплаціць за яе.

Культура

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

Выстаўка адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.