Вы тут

Пенсіянер лічыць, што камунальнікі перашкаджаюць яму эканоміць ваду


Магілёўскі пенсіянер Васіль Лявоненка лічыць, што камунальнікі... перашкаджаюць яму эканоміць ваду.


Ва­сіль Паў­ла­віч спа­дзя­ец­ца, што пы­тан­не вы­ра­шаць на дзяр­жаў­ным уз­роў­ні.

— Не буду плаціць за чыюсьці безгаспадарчасць, — заяўляе ён з парога і дэманструе цэлы стос афіцыйных папер. — Гэта ўсё адпіскі, а справай ніхто займацца не хоча.

Васіль Лявоненка жыве ў Магілёве ў доме па Пушкінскім праспекце на апошнім — 9-м паверсе. Праблема ў тым, што гарачая вада ў яго кран паступае не адразу — прыходзіцца спачатку некалькі літраў халоднай зліваць. Заяўнік сведчыць, што ўрэзка ў трубу, па якой ідзе гарачая вада, у яго санвузле знаходзіцца зверху, у той час як на астатніх паверхах — знізу. Там усё ў парадку: людзі ўключылі гарачую ваду — адразу карыстаюцца. А вось у Лявоненкі і тых, хто жыве на адной з ім пляцоўцы, праблема. Каб вада прагрэлася да сацыяльнага нарматыву — плюс 50 градусаў, трэба літраў 5-6 зліць.

— Так было з 1979 года, калі дом здалі, — сведчыць заяўнік. — Раней, калі вада лілася ракой, на гэтую акалічнасць увагі не звярталі. А цяпер прыборы лічаць кожны літр. Я плачу з разліку, што яна плюс 50 градусаў, а атрымліваю халодную, — абураецца ён.

Летась мужчына пачаў звяртацца ў розныя інстанцыі, каб яму адрэгулявалі сістэму з гарачай вадой. Толькі за гэты год у яго кватэры пабывала некалькі камісій. Спачатку на сігнал адрэагавала прадпрыемства цеплаэнергетыкі. Прыйшлі спецыялісты, замералі тэмпературу і ў акце чорным па белым напісалі: трэба зліць 6 літраў вады, пакуль яна набярэ неабходныя 50 градусаў. Факт ёсць факт. Але праблема засталася нявырашанай.

Шэсць літраў выліваецца ў каналізацыю, а хто павінен за іх плаціць? З гэтым зусім не рытарычным пытаннем мужчына звярнуўся ўжо ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна на «прамую лінію». Прыйшла яшчэ адна камісія, прыкладна ў тым жа складзе — прадстаўнік ЖЭУ, цеплаэнергетыкі і Кастрычніцкага ЖРЭУ. Намералі ўжо 4,5 літра. Але воз, як той казаў, і сёння там.

Наш герой зусім быў апусціў рукі, але пачуў па тэлевізары, што на гэты конт думае Прэзідэнт. Падчас візіту на «Камунарку» кіраўнік дзяржавы якраз акцэнтаваў увагу на неабходнасці эканоміць рэсурсы — як у краіне ў цэлым, так і ў кожнай кватэры асобна.

Пенсіянер зноў пайшоў да камунальнікаў. Хай перанясуць гэтую злашчасную разводку і назаўжды пазбавяць яго неабходнасці плаціць за тое, чым ён не карыстаецца. А ў звароце на імя старшыні гарвыканкама напісаў пра ўсё, што набалела. Маўляў, плачу спраўна па «лічыльніках», але не па сваёй віне павінен зліваць вялікую колькасць халоднай вады, якая цячэ з гарачага крана. Адначасова губляю грошы на халоднай вадзе і каналізацыі, бо тут усё ўзаемазвязана. Споведзь атрымалася на некалькіх лістах, з матэматычнымі разлікамі. 6 літраў у нікуды — гэта ж за раз, але вада патрабуецца часцей, чым раз на дзень. Праз гадзіну кран адкрываеш, а труба зноў астыла. У выніку як мінімум метр кубічны вады за месяц ідзе невядома куды.

Усе за­пы­ты ма­гі­ляў­ча­ні­на па­куль не да­юць ад­ка­зу на яго пы­тан­не: ча­му ён па­ві­нен за гэ­та пла­ціць?

— Праблема гэта не толькі мая, але і ўсіх тых, хто апынуўся ў маёй сітуацыі, — заклапочаны Васіль Паўлавіч. — У нашым доме 6 пад'ездаў, на кожнай пляцоўцы 4 кватэры, атрымліваецца 24. Гэта значыць, што 24 кубы псеўдагарачай вады выкарыстоўваецца нерацыянальна. А колькі такіх дзявятых паверхаў па горадзе? А па краіне? Дзяржава гэтую ваду з-пад зямлі дастае помпамі, падагравае, яшчэ і датацыю дае, а нас прымушаюць яе зліваць. Навошта? Я звяртаю ўвагу на тое, што трэба каштоўны рэсурс зберагчы, а мяне адсылаюць куды падалей адкрытым тэкстам.

У афіцыйных адказах настойліваму скаржніку патлумачылі: разводка зроблена ўверсе для разпаветрывання сістэмы, так, маўляў, прадугледжана праектам. Васіль Паўлавіч не разумее, чаму за гэта павінны разлічвацца асобныя жыхары? Да таго ж ён лічыць, што спасылкі на праект — гэта проста зручная пазіцыя нічога не рабіць. Некалькі гадоў таму мясцовы сантэхнік прапаноўваў яму паслугі па пераносе разводкі ў прыватным парадку. Сказаў, што гэтая справа выедзенага яйка не вартая. Ніхто, запэўніваў, не ўбачыць. «Я вырашыў ісці законным шляхам: трубы ж не мае, яны знаходзяцца на балансе ЖЭУ, — сведчыць суразмоўца. — А сутыкнуўся з такой бюракратыяй. Камунальнікі самі нічога не робяць, а іншыя іх безгаспадарчасць падтрымліваюць. Куды ні звяртаўся, а правершчыкі адны і тыя ж — прадстаўнікі роднага ЖЭУ, ЖРЭУ, цеплаэнергетыкі. Яшчэ і смяюцца: ды ты хоць міністру пішы, усё роўна мы прыйдзем і адказ будзем даваць. Так яно і ёсць. Тэкст у лістах з розных інстанцый як пад кальку напісаны». Асабліва пакрыўдзіла магіляўчаніна фраза ў афіцыйных адказах: нарматыў на зліў вады ў дзяржаве не ўстаноўлены. Інакш як здзекам гэта не назавеш. Іншымі словамі, злівай, спажывец, ваду, колькі жадаеш, а якой якасці наша паслуга, нікога не турбуе.

Васіль Лявоненка лічыць, што такую праблему, як гэта, трэба вырашаць на ўзроўні не толькі аднаго горада, а вышэй.

— Дом пабудавалі ў 1979 годзе, але ж на вуліцы ўжо нават другое стагоддзе. Трэба мяняць нешта. Навошта мяне і іншых людзей, якія апынуліся ў такім стане, прымушаць плаціць за тое, чым мы не карыстаемся?

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Грошы капалі з-пад крана

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.