Вы тут

Май – у пчаляра добры ўраджай


Май – месяц галоўнага медазбору ў пчол. У гэты час цвітуць садовыя дрэвы, іва, маліна, крушына, дзьмухавец, і асноўны меданос – рапс. Раней пчолы збіралі нектар з канюшыны, грэчкі, але ў апошнія гады гэтыя культуры практычна зніклі. Да галоўнага медазбору пчаляру неабходна нарасціць сілу пчаліных сем’яў. Якія работы трэба правесці на пчальніку ў маі?

Пашыраем пчаліныя сем’і

У маі развіццё пчалінай сям’і набірае максімальныя абароты. Матка адкладвае найбольшую колькасць яек (каля 3000 у суткі) і праз 21 дзень з іх нараджаюцца пчолы. Да 15_25 мая сіла сем’яў дасягае піку свайго развіцця: колькасць пчол у вуллі складае прыкладна 80 тысяч. Пчаляр павінен стварыць для іх спрыяльныя ўмовы пражывання, каб ім было не горача і не холадна, забяспечыць насякомых неабходным свежым паветрам. На пчальніку мусяць быць вуллі дастатковага аб’ему і з добрай вентыляцыяй. З гэтай прычыны пасля запаўнення гнязда вулля рамкамі (соты і вашчына) ставяцца магазінныя надстаўкі. Іх колькасць залежыць ад велічыні пчалінай сям’і і наяўнасці медазбору.

Фота Анатоля Дрыбаса

Качоўка на меданосы

Цвіценне меданосаў на мясцовасці праходзіць у розных чыслах месяца і на рознай адлегласці ад пчальніка. Лепш за ўсё пчолы збіраюць нектар з раслін, якія растуць блізка ад іх. Максімальная адлегласць не павінна перавышаць 2 км. У пачатку мая пчолы збіраюць нектар з садовых дрэў, у сярэдзіне мая – з дзьмухаўца, а ў канцы месяца – з маліны і крушыны. Як правіла, у большасці выпадкаў забяспечыць пчол кармавой базай побач з пчальніком немагчыма, таму пчаляр вывозіць гэтых маленькіх працаўніц на медазбор.

Замена маткі

Далёка не ўсе сем’і дасягаюць піку развіцця да галоўнага медазбору. Прычын гэтаму шмат, але самай распаўсюджанай з’яўляецца нізкая пладавітасць маткі. Яна адкладвае мала яек, таму колькасць пчол у вуллі амаль не павялічваецца. Гэта можа быць звязана з узростам маткі альбо з атручваннем хімічнымі сродкамі, якія прымяняюцца пры лячэнні хвароб. Выйсце адно – замяніць матку на маладую і больш прадукцыйную.

Фота Алеся Несцяровіч

Фарміраванне часовых адводкаў

Пасля таго, як сям’я набрала максімальную сілу, матка пачынае адкладваць менш яек. У выніку маладыя пчолы, якія павінны карміць расплод, незанятыя працай. Іх колькасць штодня павялічваецца, таму ўзнікае раенне, а сям’я пачынае дзяліцца. Раенне непажадана для пчаляра, бо ў гэтым выпадку ён губляе мёд. Найбольш эфектыўным метадам супраць раення з’яўляецца фарміраванне часовых адводкаў. Робіцца гэта наступным чынам: з сям’і, якая дасягнула піку развіцця альбо блізка падышла да гэтага, забіраюць прыкладна 4 рамкі з пчоламі, з іх 2 рамкі запячатанага расплоду. Адводак фарміруюць побач з мацярынскай сям’ёй у маленькім вуллі, скрынцы альбо корпусе. Такім чынам мацярынская сям’я аслабляецца і зноў імкнецца набраць максімальную сілу, а раенне часова адкладваецца. У далейшым сфарміраваны адводак аб’ядноўваюць з мацярынскай сям’ёй з мэтай замены ў ёй маткі. Калі на працягу сезона адводак не выкарыстаны, у пачатку верасня яго аб’ядноўваюць з мацярынскай сям’ёй для яе ўмацавання.

Фота Анатоля Клешчука

Адкладка вашчыны

Ад сотавай гаспадаркі значна залежыць прадукцыйнасць пчол: калі ў наяўнасці шмат сотаў – пчолы дадуць больш мёду. Аднак мець дастатковую колькасць сотаў не надта проста. Справа у тым, што соты, якія выкарыстоўваюцца пад вывад пчол, цямнеюць і становяцца непрыдатнымі. Для аднаўлення старых сотаў неабходна штогод адкладваць на сям’ю не менш за 10 рамак вашчыны.

Інстынкт адкладкі сотаў у пчол найбольш праяўляецца ў маі. Пчаляру неабходна максімальна выкарыстаць адкладку і даць насякомым дастатковую колькасць рамак вашчыны для пабудовы сотаў. Рамкі з вашчынай трэба ставіць паміж рамак з расплодам. Такая пастаноўка прымушае пчол адкласці ўсе справы і будаваць соты. У сваю чаргу гэта добры прыём і супраць раення. Пчала, якая хаця б раз папрацавала, больш не будзе ісці на раенне.

 

Адкачка мёду

У маі цвітуць многія кветкі, таму пры спрыяльным надвор’і пчолы даюць таварную прадукцыю. Яе абавязкова трэба забіраць з вулля, каб пчолы маглі па максімуме сабраць нектару. З магазінных надставак альбо карпусоў пчаляры забіраюць на адкачку рамкі з запячатаным мёдам.

Пералічаны галоўныя майскія работы на пчальніку. Іх своечасовае і якаснае выкананне дапаможа сабраць багаты ўраджай мёду.

Васіль КАВАЛЕЦ, старшыня салігорскага міжраённага аб’яднання “Бортнік”

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.