Вы тут

Урокі “Бярозкі”


Кожная школа, вядома, шукае свае “нестандарты” — незвычайныя крокі, арыгінальныя падыходы — для таго, каб адукацыйны і выхаваўчы працэсы ператварыць у сапраўдныя радасці працоўна-вучэбных будняў. Падтрымку ў гэтай справе можна атрымаць і ад часопіса “Бярозка”, яго нестандартных урокаў.


Даючы гэтаму артыкулу назву, нельга было не мець на ўвазе, што ўрокаў тут можа быць шмат. Можам пачаць падлік. Часопіс “Бярозка” вучыць чытаць творы школьнай праграмы, каб яны былі зразумелымі і цікавымі, — на тое спецыяльна створана рубрыка “Бел.літ.”, у якую пішуць і выкладчыкі ўніверсітэтаў, і студэнты, і ўласна аўтары твораў або іх спадчыннікі. Часопіс “Бярозка” вучыць пісаць — прыдумляць сюжэты, даваць імёны героям і шліфаваць іх мову так, як раіцца ў рубрыцы “Практыкум”. Часопіс “Бярозка” вучыць маляваць: у праекце “Я — мастак” выкладаюцца канцэпты натхняльных вобразаў. Часопіс “Бярозка” вучыць адпачываць карысна — рашаючы несур’ёзныя, а ўсё ж задачкі, разважаючы над думкамі равеснікаў, выкладзенымі на старонках-блогах, гуляючы з “Level 80” або “Перапынкам”, падарожнічаючы з “Я сардэчка Беларусь”, праглядаючы “Дамашні кінатэатр” або гартаючы “Гісторыю поспеху”. “Бярозка” вучыць нават выдаваць кнігі — праектам “Аповесць-канструктар” яна заснавала “Чытацкае выдавецтва”. І яшчэ шмат чаму вучыць: смяяцца, здзіўляцца, сябраваць, адмаўляцца ад шкоднага і пазбаўляць сябе непатрэбнага, быць рашучымі і ўдзячнымі, не “камплексаваць” і не баяцца. Але не пра тое артыкул. Сапраўдная яго тэма — урокі і пазакласныя мерапрыемствы, якія можна праводзіць у школах з удзелам “Бярозкі” і нават яе супрацоўнікаў.

Першае такое мерапрыемства — класная гадзінка пад назвай “Цудоўныя імгненні школьнага жыцця з часопісам “Бярозка” — прайшло ў 4 “А” класе Мінскай гімназіі № 75 імя П. Масленнікава за два дні да заканчэння навучальнага года. Выпускнікі пачатковай школы — “ніжні ўзроставы парог” часопіса, калі гаварыць мовай факта: міне лета — і яны назавуць сябе вучнямі сярэдняга школьнага ўзросту. Самы час будзе адкрыць для сябе “Бярозку”. Але гэтыя вось гімназісты, дасціпныя і жвавыя, разважлівыя і сур’ёзныя “верабейчыкі” настаўніцы Святланы Іванаўны Істомінай ужо атрымалі ў падарунак ад “Бярозкі” Віншавальны Трохкутнік Жаданняў. І сабралі, трэба верыць, пажаданні адзін аднаго і настаўніцы, і склалі “скарбоначку” шчыльненька, каб ніводнае не згубілася. Яны адкрыюць свае трохкутнічкі праз гады — і атрымаюць падарунак “Бярозкі” яшчэ раз, у выглядзе цікавасці да ўласнай споведзі перад будучыняй. І канечне, будуць памятаць “класную гадзіну”, праведзеную з “Бярозкай”.

Ідэя яе правядзення ўпісалася ў праект “Ад культуры чытання — да культуры асобы”, распрацаваны спецыяльна ў Год культуры факультэтам пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Згодна з умовамі праекта заняткі ў школах праводзяцца не “мясцовымі” настаўнікамі, а… так і хочацца сказаць: настаўнікамі будучыні — студэнтамі факультэта-распрацоўшчыка. Куратар праекта і яго натхняльнік — Ірына Аляксандраўна Буторына. Што да мерапрыемства па часопісу “Бярозка” у гімназіі № 75, то там у ролі настаўніцы Крысціны Ігараўны выступіла студэнтка Крысціна Чайка. Паслухмяныя і ўважлівыя вучні (тыя самыя “верабейчыкі”) праз гульню кшталту модных сёння квестаў— адгадванне загадак, пошукі канвертаў з новымі загадкамі-адгадкамі, нечаканасці ў выглядзе сустрэчы з рэдактарамі або напаўзабытай гульні “Раўчук”, гартанне старонак і запамінанне рубрык, знаёмства з больш чым 90-гадовай гісторыяй выдання і яго свежымі ідэямі пасцігалі невядомы дагэтуль свет — часопіс знутры. Яны і самі выступілі ў якасці аўтараў-“супрацоўнікаў”: нескладана было знайсці на старонках розных нумароў паэтычныя, празаічныя і нават выяўленчыя і архітэктурныя дасягненні сяброў па парце і трошкі старэйшых “калег”-гімназістаў.

Дзецям урок спадабаўся. Ды і з пункту гледжання розных дарослых — настаўніцы сапраўднай, настаўніцы на адзін урок, метадыстаў і рэдактараў — адбылася значная падзея. Што цяпер? Цяпер можна распрацоўваць не толькі агульнаазнаямляльныя пазакласныя мерапрыемствы, але і тэматычныя ўрокі з “Бярозкай”. Бо “Бярозка” вучыць шмат чаму. Памятаеце? Чытаць, пісаць, маляваць, падарожнічаць у прасторы і часе. І гэта значыць, што рэдакцыя часопіса згодна праводзіцьу любой школе краіны ўрокі беларускай мовы і літаратуры, выяўленчага мастацтва, гісторыі, геаграфіі і нават астраноміі. А яшчэ — псіхалагічныя трэнінгі і самыя розныя майстар-класы. Чакаем запрашэнняў ад школ краіны.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».