Вы тут

Развіваем мозг па японскай методыцы


Незвычайная школа вуснага лічэння «Сарабан» з'явілася ў Мінску ўсяго пару месяцаў таму, але яе вучні ўжо здзіўляюць сваімі дасягненнямі. Унікальная методыка мае міжнародны фармат. У Японіі, Амерыцы яна нават уключана ў школьную праграму. У Беларусі гэта толькі другая па ліку школа (першая пачала працаваць у Гродне ў лютым гэтага года). На занятках пабывала і карэспандэнт нашай газеты.


Кіраўнік школы «Сарабан» і трэнер Алена САНЬКО разам са сваімі вучнямі.

2+7-1+4-3+2... — хутка міргаюць лічбы на экране. А вы можаце адначасова лічыць у галаве і расказваць верш напамяць? Вучні школы ментальнай арыфметыкі спраўляюцца з такой задачай на раз-два. А ўсё дзякуючы адначасовай рабоце двух паўшар'яў галаўнога мозга...

Вядома, што чалавек на працягу жыцця карыстаецца толькі невялікай доляй разумовага патэнцыялу. А ўсіх людзей звычайна падзяляюць на логікаў — у іх больш развіта левае паўшар'е, і творчых натур — з больш развітым правым. У школе «Сарабан» увесь працэс навучання накіраваны на тое, каб прывучыць працаваць абодва паўшар'і адначасова.

Пачынаецца ўсё са складання адназначных лікаў. Дзеці перасоўваюць костачкі на японскіх лічыльніках — сарабанах (адсюль і назва школы. — Аўт.) і бачаць вынік. Так трэніруецца мышачная памяць на кончыках пальцаў.

Ілля адначасова расказвае верш  на беларускай мове і лічыць.

Потым вучні ўяўляюць працэс лічэння — перасоўваюць костачкі візуальна ў адпаведнасці з матэматычнымі дзеяннямі. Рукі пры гэтым таксама працуюць, але на ўяўных сарабанах. Паступова хуткасць лічэння ўзрастае, а колькасць прыкладаў павялічваецца. Калі пераходзяць да двухзначных лічбаў, лічаць абедзвюма рукамі. Такім чынам адначасова развіваюцца і слыхавыя, і зрокавыя, і тактыльныя якасці.

На занятках вучні паводзяць сябе вольна, пахвілінна ўскокваюць, бо, як усе дзеці, не могуць спакойна сядзець на месцы, адказваюць наперабой, свабодна размаўляюць з трэнерам і ўцягваюць яго ў гульню. Здаецца, пануе звычайная дзіцячая мітусня. Але, як толькі на экране пачынаюць міргаць лічбы, дзеці імгненна ўключаюцца ў працэс. Аказваецца, гэта нават правіла паводзінаў для вучняў. Кіраўнік школы «Сарабан» і трэнер Алена Санько ўпэўнена: «Толькі свабоднае па прыродзе дзіця можа ўспрыняць інфармацыю».

Гульня. Менавіта ў такім фармаце праходзяць урокі. Размінка для пальчыкаў, «знайдзі памылку», «даміно», практыкаванні ў спецыяльных падручніках, і нават лічэнне на сарабане, які знаходзіцца на падлозе, з дапамогай ног. Не дзіва, што паўтары гадзіны пралятаюць непрыкметна, а навучанне не здаецца цяжкім.

Нават пяцігадовыя маляняты спраўляюцца з сарабанамі.

— Ужо шосты раз прыходжу ў «Сарабан». Усё лёгка пакуль даецца, і пры гэтым цікава на занятках, — кажа васьмігадовая Маша.

На першы погляд здаецца ўсё проста, але любое заданне патрабуе ад дзіцяці вялікай канцэнтрацыі. У адных атрымліваецца адразу, іншым патрабуецца месяц і больш, але рана ці позна навука даецца ўсім. Нават за тыя паўтары гадзіны, што я прысутнічала на занятках, назірала і слёзы, калі нешта крышачку не атрымлівалася, і неверагодную радасць, калі адказ аказаўся правільным.

Раз у тыдзень вучні наведваюць школу і кожны дзень займаюцца па 10-15 хвілін дома самастойна на спецыяльных анлайн-трэнажорах.

— Анлайн-трэнажор распрацаваны такім чынам, што, пакуль не зробіш папярэдняе заданне, нельга перайсці да наступнага, — расказвае Алена Санько. — Гэта дысцыплінуе. Акрамя таго, вучні бачаць наколькі паспяхова з практыкаваннем справіліся іншыя. Складаецца пэўны рэйтынг, што стымулюе больш старацца. Для дзяцей 4-11 гадоў (а менавіта да гэтага ўзросту мозг развіваецца найбольш актыўна, і ніводнае з паўшар'яў пакуль не дамінуе) такая рэгулярная нагрузка не здаецца вялікай, але патрабуе пэўнай адказнасці і руплівасці.

На самай справе навучыцца лічыць — гэта не канчатковая мэта, а толькі спосаб трэніроўкі мозга. Усё роўна як спартсмен развівае сваё цела штодзённымі заняткамі, так і дзіцячы мозг можна натрэніраваць. Усяго за два гады рэгулярных практыкаванняў здольнасці хутка канцэнтравацца і «працаваць галавой» даводзяцца да аўтаматызму, ад чаго ў мозгу ўтвараюцца нейронныя сувязі. Чым іх больш, тым вышэй узровень развіцця чалавека. Актыўная праца мозга становіцца звыклай (пераходзіць на падсвядомы ўзровень), а значыць, не патрабуе ад дзіцяці вялікага напружання. Уявіце сабе, чаго яно можа дасягнуць, калі пры ўсім яшчэ прыкладзе намаганні?

Дзеці лічаць з дапамогай ног.

Сапраўды, падчас заняткаў вучні набываюць навыкі, якія будуць карыснымі пры любых разумовых працэсах у далейшым жыцці. У дзяцей паляпшаецца памяць, павышаецца канцэнтрацыя, уважлівасць, развіваецца ўяўленне, здольнасць хутка рэагаваць, успрымаць вялікую колькасць інфармацыі і вылучаць з яе найбольш важную. У звычайнай школе вучням «Сарабана» значна лягчэй даюцца прадметы.

— Пра ментальную арыфметыку чула ўжо даўно, — кажа маці дзесяцігадовай Маргарыты. — Сёння ўсё хутка развіваецца, вялікая колькасць інфармацыі, трэба паспяваць яе засвойваць, умець карыстацца. У самой часам праблемы з гэтым, хачу, каб у дачкі іх не было. Наведваем «Сарабан» ужо крыху больш за месяц. Узнікаюць, вядома, пэўныя цяжкасці, але вельмі цікава, і дачка займаецца з задавальненнем.

За добрымі вынікамі стаіць штодзённая праца. Нават летам вучні школы «Сарабан» працягваюць займацца. Калі не могуць наведваць заняткі, працуюць з дапамогай анлайн-трэнажораў. Затое ў верасні, калі пачнуцца школьныя заняткі, дзеці з лёгкасцю ўключацца ў працэс навучання, бо ўсё лета трымалі свой мозг «у тонусе».

— Яшчэ адна вялікая перавага праграмы «Сарабан», — кажа Алена Санько, — у тым, што дзеці, становяцца больш упэўненымі ў сабе. Калі бачаць, што ў іх атрымліваецца, за спінай вырастаюць крылы. Павышаецца самаацэнка. А з упэўненага дзіцяці вырасце ўпэўнены ў сабе дарослы чалавек.

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Правае ці левае? Дуэт, або Развіваем мозг па японскай методыцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».