Вы тут

Ратаваць блізкіх... немагчыма


Я часта чую ад матуль падапечных анкахворых дзетак скаргі на тое, што ў цяжкую хвіліну іх больш падтрымліваюць незнаёмыя людзі, чым блізкія. Нядаўна мама Аліна нават расплакалася ў тэлефонную трубку — так дзякавала, што не пакідаем яе, малазнаёмую жанчыну, у той час як сваякі адвярнуліся.


Яна думае, што адна такая, што праблема ў родных, іх ненадзейнасці ці абыякавасці. А можа, у ёй самой? Што зрабіла не так, чым заслужыла пагарду? Жанчына не знаходзіць сабе месца і ратуецца толькі падтрымкай чужых валанцёраў, матэрыяльнай і маральнай.

Але я бачыла шмат такіх выпадкаў. Гэта заканамернасць, абсалютна характэрная для чалавечай сутнасці. Сваякі не дрэнныя, а яна не вінаватая. Так працуе інстынкт самазахавання. Блізкім цяжэй дапамагаць, калі ведаеш, што гора вялікае і што далей можа быць горш. Разумееш, што маленькая дзяўчынка, любімая пляменніца, можа згаснуць на тваіх вачах. Падсвядома, інстынктыўна ты хаваешся ад гэтага, аддаляешся, аддзяляеш сябе ад гора, перастаеш прымаць удзел, спадзеючыся выратавацца ад болю.

Чужы чалавек прыходзіць з ніадкуль. Ён не бачыў, як нараджалася гэтая маленькая дзяўчынка, не калыхаў яе на сваіх руках, не гушкаў на арэлях, не смяяўся з першых няўмелых крокаў, не чуў першых слоў. Яго нічога з ёй не звязвае. Яму прасцей. Ён паглыбляецца, з самага пачатку рыхтуючыся да дрэннага фіналу. Ён гатовы страціць яе. Бо яна мала што значыць для яго.

Наваколле характарызуе мяне як неверагодна пазітыўнага жыццялюба. А вось майму мужу не пашчасціла — ажаніўся з істэрычкай. Блізкім заўсёды дастаецца ныццё, капрызы, зрывы, агрэсія. Гэта на людзях мы ўсмешлівыя і добразычлівыя. А пару выпускаем дома. Родныя ведаюць нас рознымі, бачылі шмат. І ім цяжка абстрагавацца ад нас непрыязных і непрыглядных. Гэта другая прычына складанасці ратавання блізкіх.

Адна жанчына, цяжка хварэючы, прасіла гатаваць ёй смачную ежу і падаваць у прыгожым посудзе. Яна ўжо не магла хадзіць і не ўставала з ложка. Клопатаў было шмат, і родныя з сіл выбіваліся, даглядаючы яе. Стравы выбіралі, каб хутчэй і прасцей, абед падавалі ў пластыкавай місцы, каб хворая не разбіла, выпусціўшы са слабых рук. Яна капрызіла, адмаўлялася ад такой ежы, не прымала такі догляд. Сваркі, непаразуменне, скандалы.

Збоку гледзячы на сітуацыю, усё разумееш. Чалавек тонкага складу цяжка перажываў сваю немач і залежнасць ад іншых. Хацелася ўзнёсласці, прыгажосці, хацелася расфарбаваць свае дні, якія, яна, відаць, разумела, ужо падлічаныя. Хацелася пажыць па-чалавечы.

А блізкія, звар'яцеўшы ад свайго гора, азлобіліся, пачалі кідацца на ўсіх, у тым ліку і на яго прычыну — хворую сваячку. Яны вінавацілі яе ў тым, што захварэла, прычыніўшы столькі болю; у тым, што пакідае іх, так і не даўшы змірыцца і прыняць; у тым, што патрабуе столькі ўвагі; у тым, што забірае сілы; у тым, што памірае. Яны не маглі ў сваёй хранічнай стомленасці і недасыпе праз глыбокія кругі пад вачыма разгледзець простай чалавечай неабходнасці — паміраць годна.

Нам цяжка прыняць нервовыя зрывы хворых сваякоў, цяжка зразумець іх пераасэнсаванне жыцця, цяжка не асудзіць капрызы. Бо нам жа таксама складана. Гэта ж у нас захварэў блізкі чалавек, гэта на нашы плечы кладзецца клопат пра яго. Гэта нам (не дай Бог!) потым перажываць страту. Гэта мы тут бедныя! Мы не ведаем, што гаварыць, як сябе паводзіць. Усё атрымліваецца штучным і ненатуральным. І часта, жадаючы падтрымаць, мы толькі крыўдзім.

Валанцёр — чалавек падрыхтаваны, нават калі гэта валанцёр-навічок. Ён ведае, куды і для чаго прыйшоў. На яго не звальваецца раптоўная неабходнасць клопату. Ён свядома, асэнсавана прыняў гэта. Ён не супраціўляецца абставінам, а падпарадкоўваецца ім. Ён на адной хвалі з хворым, у іх адно кола інтарэсаў і больш шанцаў знайсці паразуменне. Проста дазвольце блізкім застацца на задворку такой сітуацыі. Не асуджайце іх, не марнуйце часу на тлумачэнні, не прымушайце і не ўскладайце надзеі. Дайце ім магчымасць з усмешкай прэзентаваць вам распісную фарфоравую талерку, ад душы рабіць вам прыемныя дробязі, а не паглыбляцца ў боль і, як загнаны конь, нясцерпна лічыць дні да канца. А вам будзе прасцей ў коле тых, хто ў тэме.

Я, напрыклад, вельмі падтрымліваю ідэю дамоў састарэлых. Не толькі ў ролі сваячкі, але і ў ролі самой састарэлай. Я хачу, каб у пэўным узросце і з пэўнымі праблемамі дзеці адправілі мяне ў спецыялізаваную ўстанову. Не пра дзяцей клапачуся — пра сябе. Там асяродак такіх жа, з такімі ж думкамі і тэмамі. І падрыхтаваны персанал, які выконвае сваю працу, не затрачваючы пры гэтым душэўныя сілы, не становячыся ценем, не праклінаючы белы свет, сябе і старое нямоглае цела. Я не хачу, каб апошні час зносін з блізкімі дайшоў да гэтага. А боль, стомленасць абавязкова выклікае агрэсію, сваркі і крыўды. Я хачу, каб яны прыходзілі да мяне ў госці свежымі, шчаслівымі і вясёлымі, каб расказвалі пра свае навіны, каб у іх было сваё жыццё, а не павіннасць, абавязак з духу выбіцца, бо я ж калісьці іх нарадзіла. Я хачу, каб нашы сустрэчы былі радаснымі, каб мы былі ўдзячныя адно аднаму і запомнілі толькі светлае. А чорную работу няхай робіць спецыяльна навучаны персанал.

Калі ў нябыт адыходзіла мая цётачка, я не была побач. Неверагодных высілкаў мне каштавалі кароткія сухія званкі ёй. І ў апошні час я проста перастала званіць. Я ратавала чужых мне, незнаёмых людзей з такім жа дыягназам. Я падтрымлівала, шкадавала іх, ахвяравала свой час, грошы і эмоцыі. Але нічога не зрабіла для паміраючай цёткі.

Толькі пасля яе адыходу я адчула, якой блізкай яна была мне, як мы маглі сябраваць і разумець адна адну. Я лаўлю сябе на яе думках, чытаю яе ў сабе. І не магу дараваць, што не была побач, што не дала элементарнага — проста прысутнасці, маўклівага разумення, магчымасці выгаварыцца, быць пачутай і зразуметай. Мне вельмі не хапае яе. Праз гады страта не становіцца меншай, боль не сціхае, успаміны не сціраюцца.

Але, цяпер зразумеўшы свае паводзіны, адшукаўшы іх прычыны, баюся, што, нават адматаўшы час назад, я зрабіла б усё тое самае. Блізкіх цяжка ратаваць. Іх ратаваць немагчыма. Яны надта шмат значаць для нас.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».