Вы тут

Сямейная кухня


Бабульчыны ландышы

«Сёння па дарозе ў краму ўбачыла, як маці давяла да слёз дзіця сваім крыкам, школьніца агрэсіўна тузанула сабаку на павадку, — піша мінчанка Дар'я ГУШТЫН. — І вось іду расстроеная, думаю, што ў нас за людзі такія злыя, на самых родных і блізкіх кідаюцца. І тут зусім незнаёмы чалавек дорыць мне ландышы... Я, канешне, не хацела спачатку браць, адмаўлялася. А ён паказвае на пакет, дзе яшчэ букетаў з дзесяць, і кажа: «Я купіў у бабулькі каля крамы ўсе кветкі. Мне шкада стала, што яна на сонцы такім сядзіць. Цяпер вось раздаю».


Букет з цукерак.

Ядомыя букеты

А вось яшчэ адна наша чытачка, Наталля Малчанава, — не аматарка зрэзаных кветак. «Сумна назіраць, як на другі-трэці дзень яны пачынаюць «паміраць» у вазе. Таму аддаю перавагу кветкам у вазонах або арыгінальным ядомым букетам. Маёй сястры, напрыклад, будучы муж замест стандартнага вясельнага падарыў мілы букецік з памідорак чэры, які мы пасля роспісу ўсе разам з'елі.

Я таксама аднойчы атрымала арыгінальны падарунак. Каляжанка на дзень народзінаў прэзентавала мне букет, зроблены з цукерак, унутры якога я знайшла сюрпрыз — феерверк для торта. Пасля гэтага сама не раз такім чынам здзіўляла блізкіх!

Калі збіраюся, напрыклад, у госці да сяброўкі, то набываю смачныя цукеркі ў бліскучай фользе і майструю з іх букет. Вельмі просты і адначасова прывабны можна зрабіць з выкарыстаннем гафрыраванай паперы. Акрамя яе, спатрэбіцца: невялікі пластыкавы вазон для кветак, драўляныя шпажкі, пенапласт і скотч. Вазон шчыльна запоўніце пенапластам. Разрэжце паперу на невялічкія квадрацікі. Праткніце цэнтр кожнага з іх шпажкай. Прымніце паперу так, каб атрымалася кветка. Яе аснову замацуйце скотчам. Лепш, калі ён будзе таго ж колеру, што і папера. На востры канец шпажкі насадзіце цукеркі, а затым уторкніце тое, што атрымалася, у вазон з пенапластам. Букет практычна гатовы! Застаецца толькі абгарнуць вазон светлай гафрыраванай паперай і перавязаць яго стужкай.

Букет з клубніц, вінаграду і ананаса.

Ёсць шмат розных варыянтаў ядомых букетаў. Прынамсі я нядаўна паэксперыментавала з клубніцамі. Узяла шакалад, растапіла яго на вадзяной лазні і акунула туды садавіну. Затым паставіла застываць у халадзільнік. Узор зрабіла з белага шакаладу адмысловым кулінарным шпрыцам. Акрамя клубніц на шпажкі можна нанізаць некалькі вінаградзін. А з ананаса выразаць сардэчкі. Вось так арыгінальна мы з мужам і дзецьмі адкрылі сезон клубніц».

Шаноўныя чытачы, праяўляйце фантазію і не стамляйцеся здзіўляць сваіх блізкіх. І, вядома ж, дзяліцеся з «Сямейнай газетай» сваімі думкамі, назіраннямі, парадамі, арыгінальнымі ідэямі. Чакаем вашых лістоў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?