Вы тут

Чаму спажыўцы аплачваюць паслугі, якія ім не аказваліся?


Рэкламаванне аб'ектаў нерухомасці без ведама і згоды іх гаспадароў, двайная плата за адну і тую ж паслугу, выдача ненадзейных або неіснуючых адрасоў для пошуку жылля і іншыя «памылкі», якія робяць беларускія рыэлтары, cёння могуць абысціся агенцтвам вельмі дорага. Некаторыя новаўвядзенні па ўдасканаленні рыэлтарскай дзейнасці запрацавалі з сакавіка гэтага года. Шэраг карэкціровак у адпаведнае заканадаўства яшчэ ўдакладняецца.


Парушыў адзін — пакаралі ўсіх

За адзіны хіб любога супрацоўніка агенцтва нерухомасці ліцэнзіі цяпер можа пазбавіцца ўся кампанія. Асабліва нядобрасумленнымі, якія афіцыйна ўнесены ў спіс грубых парушэнняў заканадаўства па ліцэнзаванні, лічацца наступныя:

* Праца з кліентам без заключэння адпаведнага пісьмовага дагавора.

* Аказанне работнікамі ліцэнзіята шэрагу паслуг, якімі яны не маюць права займацца, бо гэтыя пытанні знаходзяцца выключна ў кампетэнцыі рыэлтара.

* Вядзенне справы асобамі, якія знаходзяцца па-за штатам рыэлтарскай кампаніі (па даручэнні гэтай арганізацыі).

* Ужыванне тарыфаў, лічбы якіх адрозніваюцца ад велічыні, устаноўленай законам на рыэлтарскія паслугі.

З іншага боку, знікла такое паняцце, як прадаўжэнне ліцэнзіі. Для тых, хто сумленна працуе ў гэтай галіне, яны цяпер сталі бестэрміновымі.

— Змены ў палажэнне аб ліцэнзаванні асобных відаў рыэлтарскай дзейнасці распрацоўваліся перш за ўсё ў спадзяванні павысіць якасць паслуг на рынку нерухомасці, — адзначыў Мікалай СТАРАВОЙТАЎ, начальнік упраўлення адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці Міністэрства юстыцыі. — Новыя ліцэнзіі, якія мы выдаём з 1 сакавіка гэтага года, не абмяжоўваюцца тэрмінам дзеяння. Такім чынам мы спрашчаем дзейнасць рыэлтараў і арганізацый. Няма ніякага сэнсу раз за разам прадаўжаць ліцэнзіі, калі рыэлтарская арганізацыя не парушае ўмоў і патрабаванняў закона аб ліцэнзаванні.

Цяпер законам устаноўлена мінімальная колькасць рыэлтараў, праца якіх у агенцтве павінна быць асноўным месцам. Раней большую частку пытанняў за іх вырашалі агенты. Праз гэта цярпела выніковая якасць працы, бо агенты не могуць аказаць поўны набор паслуг, якія прадугледжаны беларускім заканадаўствам. Цяпер, калі ў арганізацыі працуюць, напрыклад, 10 чалавек, дзе ёсць 2 рыэлтары, для абодвух з іх гэта павінна быць асноўным месцам.

Без мяне мяне рэкламавалі

Рэкламаваць аб'ект нерухомасці без дагавора на рыэлтарскія паслугі забаронена законам. Аднак гэта не перашкаджае з'яўленню ў сродках масавай інфармацыі звестак пра аб'екты, якія не існуюць або каштуюць у рэальнасці зусім не тых грошай, што пазначаны ў аб'яве.

— Самае страшнае, што агенцтвы рэкламуюць будынкі без дагавора са спажыўцом (прадаўцом або пакупніком) і без яго згоды. У выніку грошы, якія кліент плаціць за рэкламу, ідуць у кішэню кампаніі, а самі рыэлтары пазбягаюць падаткаабкладання, — заўважыў Мікалай Старавойтаў. — Летась у выніку маніторынгу такіх рэкламных аб'яў восем кіраўнікоў рыэлтарскіх арганізацый былі прыцягнуты да адказнасці за парушэнні.

Згодна са зменамі, якія распрацоўваюцца, распаўсюджвальнік рэкламы зможа размясціць аб'яву пра жыллёвы аб'ект толькі тады, калі рэкламадаўца (рыэлтарская арганізацыя) прад'явіць дакумент, што пацвердзіць згоду гаспадара на рэкламаванне яго маёмасці. Пры гэтым у аб'яве абавязкова павінен будзе прысутнічаць нумар дагавора паміж гаспадаром і рыэлтарам на аказанне паслуг. Гэта стане яшчэ адным доказам таго, што праца вядзецца афіцыйна.

Дзе гэта вуліца, дзе гэты дом?

Найбольшая колькасць скаргаў на няякаснае выкананне, а дакладней невыкананне агенцтвамі сваіх абавязкаў у насельніцтва ўзнікае, калі яны звяртаюцца па прадастаўленне пісьмовай інфармацыі аб існаванні попыту і прапаноў на арандаванае жыллё.

Чалавек плаціць за гэтую паслугу 5 базавых велічынь (далей — БВ) (сёння гэта больш за 1 млн рублёў). Рыэлтар дае яму паперку з некалькімі адрасамі, і грамадзянін ідзе шукаць жыллё. Часта атрымліваецца, што адзін варыянт ужо заняты або там ўвогуле нічога не здаецца, другі проста не існуе, трэці каштуе больш, чым напісана. Вынік адзін — спажыўца проста ашукалі, бо паслугу ён аплаціў, але не атрымаў яе ў поўным аб'ёме.

Прапанаваныя Мінюстам змены ў парадак аплаты рыэлтарскіх паслуг прадугледжваюць разлік толькі пасля знаходжання чалавекам падыходзячага варыянта. Да таго часу паслуга лічыцца нявыкананай.

— Агенцтва павінна падабраць кліенту, які звярнуўся ў кампанію па паслугу, аб'ект нерухомасці, характарыстыкі якога (магчымае размяшчэнне і плошча жылля, колькасць пакояў, кошт) адпавядаюць пажаданням чалавека. Патрабаваць аплаціць гэтую паслугу кампанія можа толькі пасля фактычнага выканання паслугі, — патлумачыў рашэнне спецыяліст Мінюста. — Напрыклад, патэнцыйны пакупнік ці наймальнік жылля самастойна знайшоў і ўпадабаў пэўны аб'ект (у тым ліку і праз карыстанне інфармацыяй, размешчанай у інтэрнэце). Патрабаванні рыэлтарскай арганізацыі аплаціць ім паслугу па падборы варыянту здзелкі з нерухомасцю ў гэтым выпадку будуць неправамоцныя, бо факт падбору сам па сабе не меў месца. Пры гэтым не мае значэння, ад чыйго імя была размешчана інфармацыя пра аб'ект нерухомасці, якой скарыстаўся чалавек: прадаўца або рыэлтарскай кампаніі, што дзейнічала на падставе дагавора аб аказанні паслуг.

Як вылічыць «чорнага рыэлтара» і не заплаціць лішняга

Мінюст не мае права праводзіць мерапрыемствы па выяўленні арганізацый, якія працуюць без ліцэнзіі («чорных рыэлтараў»). Аднак калі падмануты кліент звернецца па дапамогу да юрыста, і той не знойдзе парушальніка ў базе рыэлтараў, інфармацыю пра несумленнага працаўніка накіруюць у Камітэт дзяржаўнага кантролю або ў падатковую інспекцыю.

Сапраўдны рыэлтар або агент па аперацыях з нерухомасцю павінен мець ідэнтыфікацыйную пластыкавую картку, якая і дае ім права на аказанне рыэлтарскіх паслуг.

— Калі такой карткі няма, то проста ўставайце і ідзіце — перад вамі не спецыяліст, — раіць Мікалай Старавойтаў. — На жаль, людзі не хочуць плаціць вялікія грошы за паслугі і шукаюць, дзе танней, каб вырашыць свае пытанні. Аднак калі яны не будуць звяртацца да «чорных рыэлтараў», праблема вырашыцца сама — тыя знікнуць як клас, калі не будзе попыту на іх несумленныя паслугі.

Прадугледжана таксама карэкціроўка ў сістэме дзяржаўнага рэгулявання цэн на паслугі рыэлтараў. Кошт іх аднолькавы для ўсіх падобных арганізацый і зацверджаны Саўмінам. Напрыклад, прадастаўленне пісьмовай інфармацыі пра наяўнасць на рынку прапаноў жылля для арэнды каштуе 5 БВ, падбор варыянта жылля — 45 БВ. На практыцы кошт паслуг адрозніваецца ў розных агенцтвах. Гэта вынік таго, што ў дагаворы кампаніі ўказваюць цэлы набор паслуг, у тым ліку тых, якія яны не аказвалі, што значна павялічвае выніковы кошт. Карыстаючыся няведаннем кліента, рыэлтары проста ўпісваюць у дакумент дадатковыя паслугі. А спажывец няздольны дасканала разабрацца, што ўваходзіць у поўны набор паслуг, нават калі ён пра гэта пачытае.

Загаловак у газеце: Рыэлтары больш не падмануць!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».