Вы тут

Аднойчы ў маленстве...


Аднойчы ў маленстве мы пайшлі на пошукі скарбу. У «пошукавую экспедыцыю» выправіліся чалавек сем хаўруснікаў, старэйшаму з якіх было гадоў дванаццаць. Завадатарам была ваша пакорная слуга, якая, начытаўшыся Жуля Верна, вырашыла, што і ў наваколлі вёскі павінна нешта каштоўнае быць. Тым больш з далёкага пагорка ўжо даўно прываблівалі маляўнічыя руіны палаца пана Пратасевіча, куды хадзіць раз і назаўсёды было забаронена дарослымі, бо там трэба было ўброд пераходзіць даволі глыбокую рэчку. Але ж самі дарослыя любілі расказваць байкі, што, уцякаючы ў 1939-м, пан нібыта не паспеў забраць свае багацці, схаваў іх дзесьці ў сутарэннях...


Нічога, акрамя драпін, сінякоў ды папечаных старой крапівой лытак, мы ў тым паходзе, вядома ж, не прыдбалі. Але колькі было ўражанняў, якое было пачуццё, як сказалі б сённяшнія дзеці, «драйву»! Да таго ж мы адчувалі сябе амаль героямі, бо разам цягнулі з вады нашу гарадскую сяброўку Светку, што прыехала да бабулі на канікулы. Яна, наіўная дурніца, спалохалася жабы і саступіла з броду на глыбіню. Пасля мы яе агульнымі намаганнямі супакойвалі, сушылі, выкручвалі, хтосьці з хлопцаў даў ёй надзець на мокрае сваю сухую майку, але вяртацца не сталі, дый яна сама першая не хацела гэтага рабіць, бо падвяла б астатніх...

Мы не знайшлі і слядоў таго міфічнага скарбу, але затое даведаліся, што вялізная елка са зламанай верхавінай побач з руінамі — і не елка зусім, бо іголкі ў яе мяккія.

Знайшоўшы ў нашай бібліятэцы энцыклапедыю, доўга сярод дрэў на малюнку шукалі падобнае і нарэшце даведаліся, што завецца яно — лістоўніца...

А яшчэ ў маленстве, асабліва падчас летніх канікул, калі з'язджалася і гарадская дзятва, былі гульні. У выбівалы, у футбол, у «квача», вядома ж, у вайну. (Памятаю, будучы прадстаўнікамі каманды «партызанаў», на разлінееных аркушах са сшытка панапісвалі «лістовак» і парасклейвалі на ўсіх саўгасных гаспадарчых пабудовах. Не пашкадавалі нават цюбіка дэфіцытнага па тым часе клею «Фенікс». Як тады лаяўся наш брыгадзір, дзядзька Башлык! «Фенікс», калі памятаеце, быў клей вельмі добры, асабліва калі мацаваць ім паперу да амаль не габляваных дошак.) Кожны дзень прыдумлялі нешта новае: насіліся на веласіпедах, ладзілі заплывы на возеры, хадзілі гаманлівым натоўпам у лес у грыбы ці ягады. Усю работу па гаспадарцы, якой было нямала і да якой далучаліся з малых гадоў, рабілі лёгка, весела і хутка, бо пасля маці адпускала гуляць і зноў можна было пускацца ў прыгоды з сябрамі.

У верасні мы вярталіся ў школу загарэлыя да чарнаты, з паабіванымі каленямі, якія асабліва вылучаліся на фоне бялюткіх гольфаў, памацнелыя, падрослыя. Але, акрамя фізічнага сталення і здароўя, мы кожнае лета атрымлівалі новыя жыццёвыя веды, новы ўласны досвед, якія пакрысе, па цаглінцы, складваліся ва ўласны кодэкс гонару для кожнага з нас. Цану сяброўства і здрады мы спасцігалі не з разумных кніг, а са сваіх, дзіцячых яшчэ, але сапраўдных спрэчак і ўчынкаў. Мы ведалі, што не кідаць таго, хто побач у бядзе, — гэта не проста прыдуманыя словы, а чыесьці рэальныя слёзы і боль і твае ўласныя згрызоты сумлення, калі ты не дапамог. (Як выдатна ведалі і тое, што заўтра ў бяду можаш трапіць ты сам.) У нашых летніх гульнях і прыгодах закладваліся сапраўды чалавечыя стасункі, мы вучыліся быць людзьмі, назіраючы, як становяцца людзьмі нашы равеснікі, абменьваючыся ведамі, уражаннямі, адчуваннямі, фарміруючы характар... І дзякуючы менавіта гэтаму існаванню ў вольнай дзіцячай супольнасці не адно пакаленне ўспамінае маленства як найлепшы ў жыцці час, калі з верхавіны дрэва было так блізка да неба, а коні на начным поплаве былі падобныя да вялікіх казачных птушак.

Вы заўважылі, што апошнім часам улетку і з гарадскіх двароў, і з вясковых вуліц зніклі звонкагалосыя дзіцячыя натоўпы?

Не стукае нідзе мяч, не рыпяць арэлі. (Я тут не кажу пра арганізаваныя летнікі.) Дзяцей менш у нас, як сведчыць статыстыка, не стала, у летнікі едуць далёка не ўсе. Куды ж яны падзеліся спякотнымі летнімі днямі?.. Правільна, сядзяць за камп'ютарамі, смартфонамі, планшэтамі. І ў гарадскіх кватэрах, і ў вясковых хатах бабуль і дзядуляў. Многія знаёмыя скардзіліся, што без гаджэта малыя проста адмаўляюцца ехаць у вёску. Што цікава, самі дарослыя ў большасці сваёй ставяцца да гэтага абыякава: маўляў, хай сядзяць, так спакайней будзе, затое не ўваб'юцца ні ў якую шкоду, а можа, і навучацца чаму...

Чаму? Не адносінам паміж людзьмі, не спагадзе да ўсяго жывога, не разуменню, што жывуць побач з такімі ж, не горшымі, чым яны самі, — дакладна. І калі ўсю гэту не вывучаную за камп'ютарам навуку (пра здароўе — асобная размова) яшчэ як-кольвек можа кампенсаваць сям'я і школа, дык успаміны — найлепшыя дзіцячыя ўспаміны, якія потым нясеш праз усё жыццё, мы сваёй абыякавасцю забіраем у нашых дзяцей незваротна. Што яны прыгадаюць? Як перамаглі віртуальнага героя ў камп'ютарнай гульні?

Але ж той герой праз трыццаць гадоў не скажа ўжо даросламу дзядзьку ці сталай кабеце: «Прывітанне. Рады цябе бачыць. Заходзь сёння ўвечары, пасядзім, дзяцінства ўспомнім...»

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.