Вы тут

Як прайшла чарговая беларуская экспедыцыя ў Антарктыду?


З пяці яе ўдзельнікаў чацвёра пабывалі на белым кантыненце ўпершыню. Галоўнымі задачамі палярнікаў былі мантаж першага аб'екта новай станцыі, створанага на адным з нашых прадпрыемстваў, а таксама правядзенне навуковых даследаванняў па праграме Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Будаўніцтва, тым больш ва ўмовах вечнай мерзлаты і моцнага ветру, — задача не з простых. Менавіта таму ў склад каманды быў уключаны медык — урач-хірург Леанід НІКІЦЮК. Карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з удзельнікам экспедыцыі адразу пасля вяртання на радзіму і распытаў яго пра работу і эмоцыі, якія ён атрымаў ад падарожжа ў Антарктыду.


— Пачну з таго, што сам я з Брэста. Калі надышоў час атрымліваць адукацыю, паступіў у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, але адразу пасля яго заканчэння вярнуўся на малую радзіму. Працаваў у хірургічным аддзяленні Брэсцкай абласной бальніцы і ні пра якія падарожжы на белы кантынент нават не марыў. Але лёс некалі звёў мяне з Аляксеем Гайдашовым — нашым славутым палярнікам і пастаянным кіраўніком нацыянальных антарктычных экспедыцый. Нават не ведаю, што падштурхнула яго зрабіць такі выбар: калі экспедыцыя шукала медыка, але пазваніў ён менавіта мне.

Я доўга не раздумваў над прапановай. Якраз склалася такая сітуацыя, калі і на працы мяне маглі адпусціць на даволі працяглы тэрмін, і сям'я была не супраць. Жонка нават узрадавалася, што яе мужу давераць такое адказнае заданне. З аднаго боку, гэта набыццё ўнікальнага досведу. З іншага — ёсць у такіх паездках пэўная доля рамантызму — пабываць на далёкім кантыненце і пабачыць гэтыя бясконцыя льды не кожнаму наканавана.

Вядома, я разумеў, што сутыкнуцца можна з самымі рознымі праблемамі. Работа там у любым выпадку ў некаторай ступені рызыка, але з ёй трэба мірыцца.

— Ці былі ў вас якія-небудзь абавязкі, акрамя медыцынскіх?

— Чатыры разы на тыдзень я быў кухарам, а таксама выконваў навуковую біялагічную праграму НАН. Я вывучаў жывёльны свет, напрыклад насякомых і паразітаў, збіраў узоры расліннасці, а таксама антарктычныя бактэрыі і мікраарганізмы з унікальнымі ўласцівасцямі, якія могуць быць запатрабаваны ў фармакалогіі і медыцыне. Апрацоўкай сабранага матэрыялу будуць займацца ўжо прафесійныя біёлагі.

— Палярнікі шмат хварэюць?

— Калі казаць пра вірусныя захворванні, то не, бо ў Антарктыдзе самае чыстае паветра на планеце. На першым месцы ў нашай экспедыцыі была прафілактыка траўматызму, бо мы займаліся цяжкай фізічнай працай па мантажы модуляў і тэхналагічных сістэм новай станцыі. Але нічога сур'ёзнага, на шчасце, не здаралася. Максімум — удары і іншыя дробязі. На другім — прафілактыка рызыкі ўзнікнення рознага кшталту вострых станаў, бо ўсе мы людзі. Але экспедыцыя прайшла без ускладненняў.

— Што гатавалі калегам?

— Тое самае, што і дома. У нас з сабой было шмат свежых прадуктаў, таму ад аднастайнасці страў мы не пакутавалі. На першае або боршч з капусты ці буракоў, або булён, на другое яшчэ што-небудзь, ну і абавязкова — кампот. На Новы год накрывалі святочны стол і гатавалі дранікі — такая вось святочная страва. Але быў і селядзец «пад футрам» — яго гатаваў Аляксей Гайдашоў.

— На адпачынак часу хапала?

— Скажам так, лішку дакладна не было, бо мы прыехалі не на курорт, а на адказную работу. Першым часам працавалі нават без выхадных, каб паспець выканаць мантаж у зададзеныя тэрміны, таму вольны час аддавалі амаль выключна на сон. Потым маглі адпачыць у нядзелю. Але, вы ж разумееце, на пляж там не сходзіш (смяецца). Я браў з сабой кнігі ў электронным выглядзе, бо ў нас кожны грам грузу падлічаны. Павёз цэлую віртуальную бібліятэку. За час працы, напрыклад, каторы раз перачытаў «Дванаццаць крэслаў» Ільфа і Пятрова — выдатна падымала настрой. Аднойчы дазволілі сабе схадзіць усёй камандай на рыбалку, бо такой у Беларусі дакладна нідзе няма. Нават калі стаяла непагадзь — а штормы там страшэнныя — і працаваць было нельга па тэхніцы бяспекі, нам хапала работы ў памяшканнях станцыі.

— Паўгода ўдалечыні ад дому, у замкнёным калектыве...

— У нас, я лічу, склаўся выдатны калектыў. Можа быць, паўплывала тое, што большасць удзельнікаў былі навічкамі, таму было шмат тэм для стасавання. Ды і псіхалагічная ўстойлівасць у хлопцаў на ўзроўні. Што датычыцца суму па радзіме і блізкіх... Зноў жа скажу, на эмоцыі і рэфлексію банальна не хапала часу. Тым больш, з домам мы, бывала, звязваліся па спадарожнікавай сувязі — кожнаму за час экспедыцыі было дазволена
40 хвілін размовы па тэлефоне. Можна было выкарыстаць усё адразу, а можна было расцягнуць на паўгода.

— Ці апраўдала Антарктыда вашы першапачатковыя чаканні?

— Не проста апраўдала, але і пераўзышла. У любым выпадку, гэта вельмі яскравы этап у маім жыцці і працы. У першую чаргу, прыемна ўсведамляць, што ты выконваў важную і патрэбную для краіны задачу. Па-другое, безумоўна, «зачапіла» прырода, гэта нешта неверагоднае. Ледзяны купал, айсбергі, бясконцы снег — усё вельмі незвычайна. Гэта тое самае, што паехаць у любую краіну, дзе ніколі да гэтага не бываў — цікавай становіцца кожная дробязь. Вось толькі ў Антарктыдзе ўвогуле мала хто бываў (смяецца).

— Хацелі б адправіцца туды зноў?

— Шчыра кажучы, я пакуль не думаў. Яшчэ дадому прыехаў не да канца, як кажуць, «галава яшчэ там».

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «На рэфлексію часу не было»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?