Вы тут

Пасля вайны...


Як выглядаў Віцебск у першыя пасляваенныя гады, можна ўбачыць на рэдкіх фотаздымках Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, большасць з якіх ніколі не публікавалася.


Су­бот­нік па ад­наў­лен­ні Ві­цеб­ска. Фо­та зроб­ле­на ў снеж­ні 1945 го­да.

— Фотадакументы маюць важнае значэнне ў гістарычных даследаваннях. Яны не толькі дапаўняюць пісьмовую інфармацыю, але і выступаюць самастойнымі крыніцамі. Фота фіксуюць і перадаюць факты і ўздзейнічаюць эмацыянальна. У зборы Віцебскага абласнога краязнаўчага музея 280 фотаздымкаў і 18 негатываў, якія датуюцца 1945 годам. У іх ліку маюцца хрэстаматыйныя здымкі, якія выкарыстоўваліся як ілюстрацыйны матэрыял у навуковых і навукова-папулярных працах, апублікаваны ў многіх выданнях. Але большасць фатаграфій уводзіцца ў навуковае абарачэнне ўпершыню, — расказвае галоўны захавальнік фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Вольга Давідоўская.

Здымкі паступалі ў музей на працягу 1945-1946 гадоў ад розных арганізацый: камунальнай гаспадаркі горада, ваенкамата, НКУС, са збору беларускага мастацтвазнаўцы Міхала Кацара.

Але большасць фотадакументаў — ад арцелі «Гігіена». Гэта вытворчае аб'яднанне працавала яшчэ да вайны як цырульня. Пасля вызвалення горада яно аднавіла дзейнасць літаральна на наступны дзень: 27 чэрвеня 1944 года. Апроч іншага, майстры выконвалі заказы на выраб фотаздымкаў па дамоўленасці з рознымі арганізацыямі і ўстановамі.

— Па адным асобніку большасці фотаздымкаў, выкананых у арцелі, перададзена Дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, па адным-два — у віцебскі музей. Першыя фота былі перададзены нам 28 студзеня 1945 года — шэсць здымкаў разбуранага чыгуначнага вакзала і разбуранага моста праз Заходнюю Дзвіну. Пазней — здымкі разбураных прадпрыемстваў, будынкаў розных устаноў і арганізацый... Другая група фатаграфій адлюстроўвае ход аднаўленчых работ у Віцебску. На пяці картках адлюстравана будаўніцтва моста праз Віцьбу (сучасны Кастрычніцкі мост). Яно пачалося яшчэ ў канцы 1944 года і скончылася ў маі 1945 года. Кіраўніцтва горада лічыла будаўніцтва мастоў адной з найважнейшых сваіх задач. На гэтую справу мабілізавалася непрацоўнае насельніцтва Віцебска, супрацоўнікі розных устаноў і арганізацый, — працягвае музейны работнік.

На думку Вольгі Давідоўскай, асобна трэба вылучыць здымкі, якія адлюстроўваюць розныя праявы палітыкі фашысцкіх акупацыйных улад у дачыненні да мясцовага насельніцтва. На такіх фота — будынкі, занятыя падчас акупацыі нямецкімі або мясцовымі органамі ўлады, у тым ліку фельдкамендатурай (сучасны будынак ветэрынарнага інстытута). Ёсць некалькі здымкаў падвалаў былой фашысцкай турмы СД. Апошняя знаходзілася на вуліцы Крылова, 7. Цяпер тут размяшчаецца Віцебскае духоўнае вучылішча, у падвалах — музейная экспазіцыя «Памяці патрыётаў Віцебшчыны». Захаваўся 21 фотаздымак надпісаў, пакінутых вязнямі на сценах турэмных камер...

— Частка здымкаў зроблена на тэрыторыі аднаго з самых буйных у Беларусі канцлагераў «5-ты полк». Ён знаходзіўся на ўскрайку Віцебска. Лагер быў створаны ў хуткім часе пасля акупацыі горада. Існаваў да мая 1944 года. Ва ўмовах недахопу ежы, цяжкай прымусовай працы, антысанітарыі, здзекаў і катаванняў у лагеры ўтрымліваліся ваеннапалонныя і цывільныя. Многія былі расстраляны. Памерлых хавалі тут жа. У лагеры было 150 тысяч чалавек, з якіх 80 тысяч загінулі, — канстатуе суразмоўца.

Бу­ды­нак, дзе ця­пер зна­хо­дзіц­ца рэ­ста­ран (ка­лісь­ці — жы­лы дом).

Па заказе аддзела камунальнай гаспадаркі гарвыканкама здымкі рабіў маскоўскі фатограф і архітэктар. У музеі захоўваюцца ўсе 100 здымкаў, выкананых А. Жарковым.

Яны былі перададзены ў фонды ў 1946 годзе, кожны здымак у адным экзэмпляры. Гэтыя фота адлюстроўваюць пераважна стан прадпрыемстваў, будынкаў, розных устаноў. Фатограф зафіксаваў і першыя заняткі ў вышэйшых навучальных установах. У прыватнасці, лекцыю ў ветэрынарным інстытуце, падрыхтоўку да заняткаў у інтэрнаце педагагічнага інстытута...

Даследчыца лічыць, што адзін са здымкаў можна назваць унікальным. На ім выява могілак побач з царквой у гонар Уздзвіжання Крыжа (знаходзіліся ў пачатку цяперашняга Маскоўскага праспекта). На фота выразна відаць пашкоджаны будынак царквы і даваенныя надмагіллі. На першым плане — некалькі абеліскаў на магілах загінуўшых воінаў Чырвонай Арміі. На жаль, царква і могілкі не захаваліся да нашага часу. Здымак доўга заставаўся адзінай выявай гэтага храма.

Дарэчы, гарадская ўлада ў 1945 годзе клапацілася аб ахове помнікаў архітэктуры. Прынамсі, гэтаму ўдзялялася ўвага на адным з пасяджэнняў гарсавета. Канстатавалася, што ў Дабравешчанскай царкве (старэйшы храм XІІстагоддзя. — Аўт.) няма даху, там без дазволу жывуць гараджане. А ў дамініканскім касцёле зрабілі склад, і яго дах таксама трэба аднаўляць. Гаварылі і пра жудасны стан іншых збудаванняў. Вырашылі звярнуцца да абласнога Савета з просьбай аб прыняцці мер па аднаўленні і захаванні помнікаў архітэктуры.

— Але, на жаль, мякка кажучы, далёка не ўсё было зроблена для захавання культавых пабудоў. І тое, што не было знішчана ў гады вайны, разбурылі ў мірны час. У Віцебску аўтэнтычнымі можна назваць толькі некалькі храмаў, — рэзюмавала Вольга Давідоўская.

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота з архіва Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?