Вы тут

Граф Чапскі вяртаецца


Навіна для аматараў сівой даўніны — ствараецца фонд імя Караля Чапскага. Напомнім шырокаму колу чытачоў, што Ян Караль Аляксандр фон Гутэн-Чапскі быў галавой гарадской управы Мінска тры тэрміны —  з 1890 па 1901 год. З яго дзейнасцю звязана з'яўленне тэатра (цяпер імя Янкі Купалы), тэлефоннай станцыі агульнага карыстання, сучасных дарог і гарадскіх вуліц, трамвая-конкі, электрастанцыі на Свіслачы, гарадской публічнай бібліятэкі, піўзавода (цяперашняя «Аліварыя»), прытулку для бяздомных, водаправода і каналізацыі. Намаганнямі маладога мэра, а яму ў той час было крыху за трыццаць, Мінск ператварыўся ў сапраўдную еўрапейскую сталіцу.


— Фонд імя Караля Чапскага задуманы як некамерцыйная мікрафінансавая арганізацыя, яна будзе займацца шырокім колам пытанняў, у тым ліку і падтрымкай малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, — расказвае адзін з ініцыятараў стварэння Іван Гардзіеўскі, які ўзначальвае мясцовы гісторыка-культурны фонд «Ляліва» і мае адпаведны вопыт. — Але сёння нам важна сказаць, што з дапамогай фонду спадзяёмся зрушыць з месца работу па ўшанаванні памяці самога патрыёта і падзвіжніка Чапскага.

Грамадскасць уздымае пытанне аб устаноўцы ў горадзе бюста Каралю Чапскаму і прывядзенні ў парадак месца, дзе пахаваны гарадскі галава.

У прыватнасці, прапануецца аднавіць каплічку на радавым пахаванні графаў Чапскіх у Станькаве, бо сёння яно вельмі непрыгляднае. У 1960-я гады, калі капліца, якая стаяла на радавой крыпце, ад часу правалілася, яе проста зраўнавалі з зямлёй. А пад ёю пахавана пяць прадстаўнікоў славутага роду, у тым ліку сам граф Караль Чапскі. Там сёння проста невялікі ўзгорачак, да апошняга часу нават крыжа не было. Летась ад імя грамадскіх арганізацый, ад Саюза прадпрымальнікаў паставілі крыж і на ім напісалі, хто пахаваны. Але Караль Чапскі заслугоўвае, каб яго магіла была адноўлена належным
чынам.

Навуковы кіраўнік Станькаўскага палацава-паркавага комплексу архітэктар Алег Масліеў распрацаваў праект капліцы. Праекты ўстаноўкі бюста і рэстаўрацыі капліцы знаходзяцца на сайце Talaka.by, з імі можна пазнаёміцца і нават падтрымаць матэрыяльна.

Створаны грамадскі камітэт, які звярнуўся ў Мінгарвыканкам з прапановай устанавіць бюст Каралю Чапскаму. Горад папрасіў даць прапановы па бюсце — з прывязкай да мясцовасці і ўказаць крыніцу фінансавання, бо гарадскім бюджэтам не прадугледжана ўстаноўка такіх помнікаў. Што тычыцца месца, то актывісты прапануюць устанавіць бюст Каралю Чапскаму ў скверы на вуліцы Леніна, а побач усталяваць памятны знак. Менавіта там знаходзілася гарадская ўправа.

З мэтай збору сродкаў арганізавана цэлая серыя выязных «круглых сталоў» у Станькаве і Прылуках па тэме «Культурная спадчына як фактар устойлівага развіцця мясцовай тэрыторыі». Для ўдзельнікаў праводзіцца насычаная экскурсія па музеі, з заходам у скарбніцу і на ратонду на беразе возера, а таксама ў царкву, за аднаўленне якой дзякуй ураду і мясцовай суполцы.

Разам з Іванам Гардзіеўскім важнай работай займаецца вялікае кола людзей, не абыякавых да нашай агульнай гісторыі. Сярод іх заслужаны работнік культуры, дырэктар цэнтра народнай творчасці ў Прылуках Леанід Воўчак, стваральнік грамадскага аб'яднання «Прылуцкая спадчына» Інеса Кароль, пісьменнік Анатоль Валахановіч — аўтар яшчэ не выдадзенай кнігі пра Чапскага. Гісторыкі, пісьменнікі, краязнаўцы...

Энтузіястаў падтрымліваюць Саюз юрыдычных асоб «Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва», грамадскае аб'яднанне «Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і работадаўцаў», Беларускі фонд культуры, Інстытут польскі ў Мінску, БДУ і БДУКІ, БНТУ. Арганізатары спадзяюцца, што падключацца іншыя. І, безумоўна, падкрэсліваюць яны, патрэбны сур'ёзныя інвестары.

Сядзіба ў Станькаве – адзін з нямногіх помнікаў багатай спадчыны Чапскіх,  які захаваўся. Тут нарадзіўся Караль Чапскі.

Узнаўленне памяці пра слынны род Чапскіх — толькі палова справы, якую хоча ўзяць на сябе фонд. Яго актывісты выступілі з прапановай ажыццявіць праграму «Культурная спадчына краіны — здабытак свету». З адраджэннем — не здзіўляйцеся — Вялікага Княства Літоўскага. Праўда, маецца на ўвазе ўзнавіць яго ў мініяцюры, на тэрыторыі ў 200 гектараў побач з Мінскам (месца ўжо прыгледзелі).

А на мяжы з ВКЛ стварыць вялікі культурна-забаўляльны комплекс для адпачынку гасцей — з прыгожым амфітэатрам, падводным рэстаранам, святломузычным фантанам. І ўсё гэта экалагічна чыстае, бо сілкавацца будзе ад сонечных панэляў. Экалагічнай задумана і сцежка ўздоўж ракі, па якой турысты пасля знаёмства са Станькавам і Прылукамі выйдуць на самы высокі пункт Мінскага раёна — 242 метры. Сядуць там на паветраныя шары і з вышыні птушынага палёту палюбуюцца маленькім Вялікім Княствам Літоўскім.

— Турыстам прапануем сотні маршрутаў па ўсёй Беларусі, будзе арганізаваны трансфер. Да іх паслуг верталёт, легкавая машына, камфартабельны аўтобус, нават запрэжаныя конныя экіпажы. Ідэя — стварыць побач з Мінскам нацыянальны турыстычны брэнд «Беларусь праз вякі» — «Спадчына Вялікага Княства Літоўскага». Пытанні гэтыя прагавораны ў Мінскім аблвыканкаме, Міністэрстве культуры і шэрагу галіновых міністэрстваў, — падтрымаў размову першы віцэ-старшыня грамадскага аб'яднання «Мінскі сталічны Саюз прадпрымальнікаў і работадаўцаў» Анатоль Грамадчанка, які разам з Іванам
Іванавічам наведаў «Звязду».

Між іншым, Іван Гардзіеўскі паабяцаў правесці прэс-тур для журналістаў розных выданняў, усё паказаць і расказаць.

Уладзімір Хількевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».