Вы тут

Валанцёрства — гэта толькі для студэнтаў?


Вы лічыце, што валанцёрства — гэта толькі для студэнтаў? Вольга Пуцінцава сваім прыкладам даказвае, што клапаціцца пра іншых трэба ў любым узросце. Яна заснавала праект «Пажылыя — старым», у якім пенсіянеры дапамагаюць людзям, старэйшым за іх. Адразу адгукнуліся яшчэ некалькі актывістаў і арганізавалі атрад «Клопат».


Гэтае аб'яднанне працуе ў Першамайскім раёне сталіцы. Зараз у пяці валанцёраў – дзевяць падапечных. Каб далучыцца да атрада, трэба мець адпаведныя асобасныя якасці: жвавы характар, схільнасць да самаразвіцця і лідарства.

Аднадумцы Вольгі Пуцінцавай не толькі іншым дапамагаюць, але і самі шмат вучацца. Яны ўдзельнічаюць у адукацыйных праграмах пры Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа. Так, яны могуць самастойна даглядаць цяжкахворых і аказваць псіхалагічную дапамогу ў крызісных сітуацыях. Навыкі вельмі зручныя, бо валанцёры сутыкаюцца з рознымі выпадкамі.

Часцей за ўсё дапамога патрэбна ў побыце. Усе навіны з Міністэрства працы і сацыяльнай абароны перадаюць валанцёры. Дапамагаюць са штодзённымі клопатамі, зборам дакументаў. Аднак зрэдку прыходзіцца нават звяртацца разам у суд. Вольга Мікалаеўна расказвае, што такое было двойчы. Часам падапечныя церпяць ад сваіх жа знаёмых. Так, сусед адной з пенсіянерак зламаў ёй руку дзвярыма. Прыйшлося звяртацца да праваахоўнікаў па пакрыццё шкоды. Грошы выплацілі. Але ці бяспечна жыць адзінокім старым побач з такімі суседзямі?

Вольга Мікалаеўна ганарыцца сваімі падапечнымі. У кожнага з іх быў няпросты лёс. Ёсць сярод іх і вязень фашысцкіх лагераў, і жыхар блакаднага Ленінграда. А Зінаіда Падабед, якой сёлета спаўняецца 95 гадоў, удзельнічала ў Сталінградскай бітве. У сваёй сям'і яна была самым малодшым, трынаццатым дзіцем. Паступіла ў Мінск у педагагічны інстытут, але недавучылася — пачалася вайна. Услед за сястрой эвакуявалася ў Бузулук Чкалаўскай вобласці (цяпер Арыенбургская).

Там Зінаіда Рыгораўна пачала працаваць на швейнай фабрыцы, але не змагла спакойна жыць у тыле. І ўвесну 1942 года пайшла добраахвотніцай на фронт. Пасля Сталінградскай бітвы іх полк быў перакінуты ў Запаляр'е. Там, у дзеючай арміі, яна і заставалася да Перамогі.

Цяпер жыве разам з сынам. Ён, як гаворыць Зінаіда Грыгор'еўна, яе «жывая палачка». А Вольга Мікалаеўна — самая надзейная сяброўка. Заўсёды дапамагае ў цяжкіх сітуацыях.

Валанцёры разам са сваімі падапечнымі ладзяць культурныя вечары: спяваюць, чытаюць вершы, паказваюць убранне, зробленае сваімі рукамі, сустракаюцца з малодшым пакаленнем. Так складаецца калектыў. Існуе ў іх і Майстэрня добрых спраў. Тут яны робяць сувеніры, рамантуюць адзенне, сустракаюцца ў гуртку па інтарэсах.

Вольга Мікалаеўна заўсёды імкнецца арганізаваць такія сустрэчы, бо многія з яе падапечных жывуць адны і нават паразмаўляць бывае няма з кім. Такая непадробная неабыякавасць да лёсу іншых людзей выхавалася ў яе з дзяцінства. Нарадзілася яна ва Украіне і рана засталася без бацькоў. Яны былі педагогамі. Вырасці і навучыцца рабіць нейкія справы па гаспадарцы ім з сястрой дапамагалі суседзі і сябры сям'і. Сярод іх было шмат вучняў бацькоў. Так і гадаваліся яны, дапамагаючы адна адной.

Сёння, кажа Вольга Пуцінцава, у маладых зусім іншыя ідэалы, таму і адыходзіць ад спраў нельга. Валанцёрства — гэта не проста хобі, а лад жыцця. Свой дзень Вольга Мікалаеўна плануе, зыходзячы з патрэб сваіх падапечных. А што можам зрабіць мы? Звярнуць увагу на сваіх бабуль і дзядуляў ці дапамагчы пажылой суседцы па пад'ездзе. Часам нават спытаць пра справы і падтрымаць словам будзе дастаткова, каб разнастаіць і абагрэць іх дзень.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Ты малады, пакуль дапамагаеш старэйшым

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.