Вы тут

Зорка Уладзіміра Мулявіна як нацыянальная натхняльніца


Вечар добрага дня. Людзі падцягваюцца да гарадскога парку. Сем'ямі — парамі, з дзеткамі ў калясках. Па дарозе — паміж шапікаў з традыцыйнымі вырабамі прайсціся і далей рушыць па дарожках, сустракаючы знаёмых і сяброў: канцэрты — цудоўная нагода пражыць разам нейкі час і пагаварыць. Пра любімыя песні і любімых артыстаў. Усіх беларускіх выканаўцаў тут ведаюць па імёнах і любяць: шмат хто нарадзіўся як артыст менавіта ў Маладзечне. На вачах раслі і станавіліся зоркамі. А тыя, хто «хварэў» за іх падчас конкурсаў, раслі як гледачы. Нацыянальныя гледачы, якія любяць і паважаюць сваё.


Галіна Грамовіч і Міхаіл Фінберг.

Цэлае пакаленне вырасла ў горадзе Маладзечне, выхаванае Нацыянальным фестывалем беларускай песні і паэзіі, які ладзіцца з 1993 года. Гэтыя гледачы запаўняюць залу Амфітэатра, нягледзячы на хмаркі, што ўвечары ў суботу падплылі да горада. Усе навучаныя папярэднімі гадамі — з парасонамі і цыратовымі накідкамі. Але ніякіх сумневаў: канцэрт адбудзецца пры любым надвор'і. І публіка не разыдзецца: на адкрыццё фестывалю быў запланаваны канцэрт у гонар Уладзіміра Мулявіна. Той варыянт, калі іншага не дадзена.

Святло ад зоркі па імені «Мулявін» усё яшчэ зыходзіць. Таму на канцэрт у яго гонар прыехалі нават вядомыя асобы з Мінска і іншых гарадоў.

Сярод натоўпу, што скіроўваўся ў бок парку, шпарка ішоў да галоўнай фестывальнай пляцоўкі спадар міністр культуры. Каля Амфітэатра яго прыпынілі журналісты, і Барыс Святлоў патлумачыў, у чым асаблівасць сёлетняга фестывалю:

— Мы ў папярэдніх фестывалях шукалі адметныя, яркія з'явы, якія маглі б быць пакладзены ў аснову канцэпцыі фестывалю, канцэртных праграм і іншых мерапрыемстваў. Мы зрабілі акцэнт на трох адметных момантах: фестываль адбываецца ў Год культуры, Маладзечна сёлета — культурная сталіца краіны, і для ўсяго нашага народа ёсць знакавы юбілей: 75-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Я з ім быў асабіста знаёмы. Гэта не было блізкае знаёмства: мы жылі, працавалі побач, але ж у розных вымярэннях, таму што існавала розніца ва ўзросце. Памятаю, як убачыў «Песняроў» упершыню: я быў навучэнцам старэйшых класаў у горадзе Мінску, ішоў у цэнтры горада і бачыў, як па вуліцы шпацыруюць нашы «Песняры», якія тады рабілі першыя крокі, але ўжо былі вядомыя ў вузкіх колах творчай эліты беларускай сталіцы. Сёлета я выдзеліў для сябе падзею: фотавыстаўку Юрыя Іванова, дзе дэманструюцца малавядомыя фота Уладзіміра Мулявіна, але я, на жаль, да яе пакуль не дайшоў. Аднак з задавальненнем адзначаю, што да традыцыйных мерапрыемстваў Маладзечанскага фестывалю далучыўся новы элемент: спектакль «Пясняр» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага.

Спектакль, дзе кожны глядач хоча спяваць. Але і канцэрт «Песенная спадчына Уладзіміра Мулявіна», падрыхтаваны Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі, быў разлічаны на гэта. З усёй багатай «песняроўскай» спадчыны мастацкі кіраўнік калектыву прафесар Міхаіл Фінберг абраў песні, якія найбольш знітаваныя з фальклорнай традыцыяй. Іншая справа, што цяпер амаль усе яны набылі новую інтэрпрэтацыю: іх выконвалі артысты ХХІ стагоддзя. Праўда, не без удзелу тых, каму выпала працаваць з Мулявіным. Народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг успамінаў, як прымаў удзел у канцэрце, калі ў Маскве закладвалі «зорку» Уладзіміра Мулявіна. Выдатны гітарыст Уладзімір Ткачэнка калісьці працаваў у «Песнярах» і высокую творчую планку трымае цяпер: яго сола на гітары выклікала авацыі.

Песні стваралі крыху настальгічны настрой: па тых часах, калі здзіўлялі самі мулявінскія «Песняры», прапаноўваючы новыя — розныя — праграмы.

Прыгожыя песні і прыгожыя спевы не выходзяць з моды, хто б іх ні выконваў цяпер — Галіна Грамовіч, Дзмітрый Качароўскі, Руслан Мусвідас... Ці зусім маладыя артысты, у якіх сваё адчуванне гэтых песень. Напрыклад, «Скрыпяць мае лапці» ў выкананні саліста Яўгена Цымбаліста і «Рэчанька», якую праспявала Алеся Дзяржавец, прагучалі ў джазавай манеры. Але аказалася, што песні, якія памятаем у выкананні самога Мулявіна, могуць мець і жаночае гучанне: Прыма Вера прадставіла «Сівы голуб», а «Чырвоная ружа» набыла асаблівы драматызм дзякуючы магутнаму выкананню Таццяны Глазуновай.

Канцэрт харошых песень пачынаўся і завяршаўся ўдарна: «Белая Русь ты мая...» Разлік быў на тое, каб спяваць яе разам. І тут узнікла адчуванне таго, што ёсць песня ў кантэксце часу: гэтыя словы яшчэ гадоў 30 таму і цяпер успрымаліся зусім па-рознаму. Калі яе спявалі «Песняры», яшчэ не было краіны, нават мары пра яе. Цяпер яна ёсць, і мае назву... Краіна, якую стваралі ў тым ліку і «Песняры» сваёй творчасцю, калі паказалі, што ёсць беларуская мова і якія прыгожыя песні, што гучаць на ёй. Сімвалічна, што спяваў саліст аркестра Аляксандр Салаўёў, шлях якога на вялікую сцэну пачынаўся менавіта з конкурсу маладых выканаўцаў, што праходзіць у рамках Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі.

Удава Мулявіна Святлана Пенкіна ўручыла прыз імя Уладзіміра Мулявіна Аляксандру Саванцу.

Адбыўся ён і сёлета. Другі і трэці туры конкурсу завяршыліся менавіта ў маладзечанскім Палацы культуры. Рашэнне журы ўразіла неверагоднай спагадлівасцю да маладых артыстаў. Адзначылі адразу шасцярых. На трэцяй пазіцыі адначасова апынуліся Аляксандр Ласоўскі (Гомельская вобласць), Ксенія Бучылка (Гродзенская вобласць), Аляксандра Вітушкіна (Віцебская вобласць). Другое падзялілі Ніна Жукоўская (Мінск) і Марына Бараноўская (Віцебская вобласць). Затое пераможца адзін: прадстаўнік Міншчыны Аляксандр Саванец, выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Асаблівасць конкурсу вакалістаў, што адбываецца ў Маладзечне, у тым, што маладыя артысты спяваюць песні на беларускай мове. Рыса апошніх гадоў: ім мала класічнага рэпертуару, вядомых песень, якія ведае ўся краіна. Яны імкнуцца да непаўторнасці, часта абіраюць песні самадзейныя, адпаведна, ёсць пытанні па якасці. Вылучыцца на конкурсе з імі, верагодна, можна. Іншая справа — ці дапамогуць такія песні стаць асобай у творчасці? Інакш навошта тады конкурсы, калі не шукаць артыстаў, не падобных ні да каго? Аляксандр Саванец сёлета атрымаў адзін вельмі знака-
вы прыз — імя Уладзіміра Мулявіна. Вытанчаная і празрыстая гітара, якую ўручыла маладому спеваку Святлана Пенкіна-Мулявіна (якая прадстаўляе музей народнага артыста СССР і Беларусі) — гэта, хутчэй, сімвал надзеі, што ў нас будуць з'яўляцца творцы новых пакаленняў, вартыя іх папярэднікаў.

Таму што спяваць ёсць для каго: маладзечанская публіка — самае яркае сведчанне таго, што песні на беларускай мове людзям патрэбны, яны гатовыя іх слухаць.

І можа быць часта пытанне ў тым: ці ўсе нашы артысты гатовыя і ўмеюць іх спяваць так, каб запала ў душу. Песні зашмат не бывае — упэўненыя арганізатары Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі. Таму яшчэ адна праграма Нацыянальнага канцэртнага аркестра мела назву «Цудоўныя музычныя фарбы з родных куткоў Бацькаўшчыны». А завяршэннем стаў канцэрт «Беларусь — крыніца натхнення». Адметна, што натхненне жыхарам і гасцям Маладзечна падаравалі артысты, якія выхоўваліся і загартоўваліся на гэтым фестывалі. Напрыклад, Іну Афанасьеву, Ірыну Дарафееву, Вікторыю Алешку памятаюць як маладых канкурсантак, а цяпер ужо яны тут выступаюць як зоркі эстрады. Ці гурт «Палац» тут рады заўсёды бачыць: колькі гадоў плённай працы за плячыма ў выканаўцаў фолку ў сучаснай манеры, што высока ацаніў у свой час і Уладзімір Мулявін. Ды вось яшчэ адкрыццё, пра якое гаворыць краіна: гурт «Navі». Не трэба гадаць, што і адкуль у нас бярэцца ў творчасці: глеба ёсць, дык і зярняткі прарастаюць. Калі будзе разуменне: яны цікавыя тым, што адметныя. Яны адметныя — калі ўласныя душы знітоўваюць з духам сваёй зямлі і яе народа. І тады ён адкажа ўдзячнасцю. І будзе ўзаемная зачараванасць, якая, у адрозненне ад звычайнай папулярнасці, не згасае нават пасля жыцця.

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Неразгаданыя чары

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».