Вы тут

«У вас толькі хлеба не хапае»


Паштавікі забяспечваюць сваіх кліентаў не толькі цікавымі выданнямі, але і разнастайнымі бытавымі таварамі.

У Дзераўнянскае аддзяленне паштовай сувязі паступае больш за тысячу розных перыядычных выданняў. Гэтае аддзяленне адно з першых актыўна ўключылася ў падпісную кампанію на другое паўгоддзе 2016-га. Наведвальнікаў на пошце нямала з самай раніцы, і кожнаму з іх паштавікі не забываюць прапанаваць цікавыя выданні: для сябе, дзяцей, усёй сям'і. У каталогу такі шырокі выбар газет, часопісаў, што можна нават разгубіцца. Але работнікі пошты гатовы дапамагчы і падказаць, што выбраць, бо і самі лічацца аднымі з найбольш актыўных падпісчыкаў.


Пе­рад вы­ез­дам паш­таль­ё­ны (зле­ва на­пра­ва):  Воль­га Сай, Яні­на Ка­на­пац­кая, На­тал­ля Ку­зём­ка і Вік­то­рыя Чэм­ка.

Начальнік аддзялення Антаніна Жодзік і аператар Вераніка Яўсейчык рыхтуюць стэлаж для свежых выданняў, якія рэалізуюцца ў розніцу. Жанчыны ў прывабнай уніформе з сінімі фірменнымі гальштукамі (такі «дрэс-код» заведзены на пошце год таму), на беласнежных блузках прымацаваны бэйджыкі.

Антаніна Жодзік працуе ў аддзяленні дзевяць гадоў. Пачынала аператарам, а ў 2013-м пасля выхаду на заслужаны адпачынак ветэрана паштовай сувязі Валянціны Калошыч замяніла яе на пасадзе начальніка аддзялення. Сёння аддзяленне актыўна прапануе жыхарам аграгарадка і суседніх сельскіх населеных пунктаў новыя віды паслуг, выконвае даведзеныя планавыя заданні, працуе па новых камп'ютарных тэхналогіях. Напрыклад, устаноўлены счытвальнік для ажыццяўлення аперацый па безнаяўным разліку. Летась у аддзяленні быў зроблены касметычны рамонт.

На вызваленае Антанінай Жодзік аператарскае месца прыйшла Вераніка Яўсейчык. З камп'ютарам яна на «ты», таму цяжкасцяў у рабоце не ўзнікае. Свой добры настрой маладая жанчына і, дарэчы, мама дваіх дзяцей, тлумачыць яшчэ і зручнасцю месца працы: маўляў, дзіцячы садок акурат па дарозе на работу.

Працоўная раніца дазваляе заспець на рабочым месцы і паштальёнаў. Іх у аддзяленні чацвёра. Усе — жанчыны.

Неўзабаве са Стоўбцаў прыязджае машына з белай дыяганальнай паласой. Чуецца вокліч-сігнал: «Пошта прыйшла!» Разам з ёй прыбыў і розны тавар, які неабходна хуценька разгрузіць.

— Напярэдадні я зрабіла заяўку, заказ аказаўся вялікім, — тлумачыць Антаніна Жодзік і свае словы падмацоўвае лічбамі: — Тавараабарот аддзялення складае ў месяц у сярэднім каля 40 мільёнаў рублёў.

Тавары паўсядзённага попыту часткова будуць рэалізаваны непасрэдна ў аддзяленні паштовай сувязі (побач з ім — дзіцячая школа мастацтваў, жылы пасёлак, таму сюды ахвотна забягаюць і дзеці, і дарослыя, якія жартуюць: «У вас толькі хлеба не хапае»). Астатняе паштальёны развязуць сваім падпісчыкам, кліентам на службовым транспарце — веласіпедзе. У гэту цёплую пару года ён аблягчае іх працу.

Пасля разгрузкі паштовай машыны ў паштальёнаў яшчэ адзін важны абавязак — сарціроўка пошты. Адбываецца яна ў асобным памяшканні з шыльдай «Пакой паштальёна». У кожнага з супрацоўнікаў свой стол. І свой, зразумела, маршрут, аднак усіх іх яднае тое, што яны добра ведаюць людзей, і што людзі з нецярпеннем іх чакаюць.

— Мне і сёння ўжо тэлефанавалі жыхары, цікавіліся ў колькі прыеду, таму што хочуць аплаціць камунальныя паслугі, — кажа Наталля Кузёмка. — Людзі навокал добрыя, ветлівыя, — прызнаецца Наталля Іванаўна, сама ўраджэнка Валожынскага раёна. Шмат пастаянных кліентаў і ў яе вопытнай калегі шматдзетнай маці Яніны Канапацкай, у зоне абслугоўвання якой участковая бальніца, а таксама вёска Агароднікі. У «свайго» паштальёна з людзьмі вельмі цесныя і даверлівыя адносіны. «Ведаю нават, у каго якія праблемы», — дзеліцца Яніна Генадзьеўна.

«Людзям часта хочацца пагаварыць, нешта расказаць», — падзялілася са мной Вікторыя Чэмка, бадай, самы вопытны работнік аддзялення. З дня ў дзень ідзе яна не толькі да жыхароў Дзераўной, але і вёсак Барок , Барок-1, Зарэчча. Усюды паспявае. Непрыкметна і двое яе дзяцей выраслі — ужо ўнукаў маюць бабуля з дзядулем.

Самая маладая ў аддзяленні — Вольга Сай, пры тым што стаж яе работы ў раённым вузле паштовай сувязі дзесяць гадоў. Увесь час яна працавала ў аддзяленні ў Старыне, а пасля яго закрыцця пераведзена паштальёнам у Дзераўную. Пакуль працуе на паўстаўкі, але матулю дваіх дзяцей абяцалі забяспечыць работай. Энергічная Вольга ідзе насустрач жыхарам Дружнай, дзе жыве яе сям'я і якіх цяпер абслугоўваюць шляхам мотадастаўкі, па-ранейшаму дапамагае ім з прыёмам камунальных плацяжоў, дастаўкай тавару.

Таццяна Георгіева,

Стаўбцоўскі раён

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %.