Вы тут

Сама сабе начальнік


У глыбінцы паслугі «Белпошты» адпавядаюць сучаснаму ўзроўню, а іх спектр у вёсках не адрозніваецца ад гарадскога.

На Шуміліншчыне нашаму карэспандэнту пашчасціла пазнаёміцца з прафесіяналамі ў сферы паштовых паслуг з вялікай літары. Начальнік аддзялення ў вёсцы Дабея Вольга Несцярэнка паспяхова выступіла на прафесійным конкурсе — яна ў «топавым спісе» па вобласці. Акрамя таго, яна адначасова і паштальён.


— Нядаўна ў Віцебску на галоўным паштамце адбыўся абласны конкурс прафесійнага майстэрства. Спачатку журы трэба было прадставіць асабістую прэзентацыю. Канкурсанты творча распавядалі пра працоўныя будні. Было і тэсціраванне, і практычныя заданні. Я зрабіла адпраўленне «Па шляху» з дакументамі, аформіла страхоўку на аўто. Пры гэтым трэба было вызначыць сапраўднасць дакументаў. Акрамя таго, адправіла электронны грашовы перавод за мяжу — у Расію... Па выніках нялёгкіх выпрабаванняў, бо ўсе канкурсанткі былі моцныя ў прафесійным плане, заняла 8-е месца, — падзялілася яна ўражаннямі.

Абаяльная жанчына аказвае паштовыя паслугі ў Дабеі і населеным пункце Прыазёрны. Маё пытанне, як жа яна спраўляецца з такім вялікім «фронтам работ», — выклікала ў жанчыны ўсмешку. Сказала, што любіць сваю работу, таму і спраўляецца адна. За ўсе гады скаргаў не было. Галоўнае — усё ведаць дасканала і загадзя планаваць працоўны час.

— Ва ўсім паспее той, хто, як кажуць, ад «а» да «я» ведае сакрэты прафесійнага майстэрства. Мой агульны паштовы стаж прыкладна гадоў 10. Раней працавала паштальёнам. Каля 3-х гадоў — на цяперашняй пасадзе. Так, яна вельмі адказная. Землякі і госці раёна ведаюць, што пошта працуе надзейна круглы год. І пры самым капрызным надвор'і ім акажуць паштовую паслугу, — гаворыць Вольга.

Вольга Савельеўна на сваім «пасту» — у аддзяленні паштовай сувязі ў Дабеі з 8.00 да 12.30 і з 15.30 да 17.00 гадзін. А калі яе няма ў памяшканні пошты пасярод рабочага дня, значыць яна ў вёсцы. Усяго абслугоўвае больш за 540 чалавек!

У асноўным у аддзяленне прыходзяць, каб адправіць ліст ці пасылку, купіць тавары штодзённага попыту, аплаціць камунальныя паслугі, мабільную сувязь... Калі пералічваць усё, што можна зрабіць у гэтым утульным памяшканні, бадай, не хопіць газетнай старонкі. У наш час пошта — «шматпрофільны сэрвісны цэнтр», дзе аказваюць дзясяткі паслуг. Напрыклад, можна заказаць тавары беларускіх вытворцаў (па каталогу), аформіць страхоўку, аплаціць за кватэрны тэлефон... І якасць, аператыўнасць абслугоўвання — высокія, незалежна ад месцазнаходжання аддзялення паштовай сувязі.

— Сярод кліентаў ёсць і адзінокія. Напрыклад, 90-гадовая бабулька часта просіць харчовыя тавары прынесці. А ў нас дастаткова багаты выбар і прымальныя цэны. Можаце параўнаць кошт цукру, напрыклад, макаронных вырабаў, кансерваў, — працягвае Вольга.

Пенсіянеркі любяць яе, як дачку. І вельмі сумуюць, калі яна ў адпачынку. Але, канешне, пошта працуе і ў гэтыя дні. Бо Вольгу падмяняе «дублёр».

Удвая прыемна пісаць менавіта пра Вольгу і таму, што яе свякроў — падпісчыца «Звязды» з вялікім стажам. Любоў Васілеўна Несцярэнка наогул любіць чытаць беларускамоўныя выданні і кнігі. Ёсць упэўненасць, што і 6-класнік, яе ўнук, сын Вольгі, таксама будзе паважаць роднае слова. Хлопец вучыцца ва ўнікальнай гімназіі ў Ляскавічах.

Калі ёсць трохі вольнага часу, яна шые вопратку сабе і сваякам. Вучылася ў Віцебску ў індустрыяльна-педагагічным каледжы. Мае дыплом майстра вытворчага навучання і тэхнолага. Але звязала сваё працоўнае жыццё з поштай і не шкадуе. Бо і праца прэстыжная, і штодня служыць людзям — для яе гонар. Робіць усё, каб яе кліентам заўсёды было што чытаць, каб своечасова атрымлівалі лісты, адчувалі сабе літаральна на сувязі з усім светам.

На памяць шаноўнай Вользе і яе свекрыві перадаў фірмовыя падарункі ад «Звязды». Не забыў пакінуць і сувеніры для іншых падпісчыкаў старэйшай дзяржаўнай беларускамоўнай газеты.

Нагадаю, у наступным годзе «Звяздзе» споўніцца 100 гадоў! І заўсёды падчас камандзіровак хочацца ўбачыць тых, хто агітуе за наша выданне, выпісвае яго. У Шумілінскім раёне такіх дзясяткі!

pukshanskі@zvіazda.by

Шумілінскі раён

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.