Вы тут

І банкаматы бываюць «свае» і «чужыя»


Спецыялісты раяць дакладна даведацца пра ўсе нюансы карыстання менавіта вашым «пластыкам», у тым ліку пра памер камісійнага ўзнагароджання.

У мінулым матэрыяле мы пазнаёмілі чытачоў з рэкамендацыямі экспертаў наконт аперацый безнаяўнай аплаты ў інтэрнэце. А сёння мы пагаворым аб асаблівасцях правядзення аперацый з пластыкавай карткай. Гэта, на першы погляд, дробязі, але без іх наша «безнаяўнае» жыццё будзе не зусім беспраблемным. У гэтым нам дапамагае пакрокавы дапаможнік, распрацаваны Нацыянальным банкам краіны.


Паслуга на капейку там каштуе рублі

Адразу паспрабуем разабрацца з самымі распаўсюджанымі памылкамі карыстальнікаў пластыкавых картак. Яшчэ пры атрыманні «пластыка» спецыялісты эмітэнта паведамляюць кліенту аб тым, у якіх банкаматах (звычайна даюць цэлы спіс адрасоў) выдача наяўных грошай ажыццяўляецца без страт. А вось банкаматы іншых банкаўскіх структур адмінусуюць з вашага рахунку пэўны працэнт ад знятай сумы наяўных. З падобнымі выдаткамі чалавек згаджаецца толькі ў выключных выпадках, калі яму спатрэбіліся грошы менавіта ў гэтым месцы і ў гэты час.

Іншая справа, калі ўладальнік карткі збіраецца ў «чужым» банкамаце ці інфакіёску атрымаць нейкую інфармацыйную паслугу. Галоўным чынам гэта тычыцца тых, хто вырашыў сэканоміць і не падключыў паслугу SMS-інфармавання аб зробленых па картцы аперацыях і змене рэшткаў на рахунку.

Уставіў чалавек картку ў банкамат не свайго банка, прагледзеў інфармацыю аб тым, колькі ў яго там грошай засталося, а аўтаматыка спіша з яго рахунку ад 7 да 15 тысяч рублёў (у залежнасці ад апетытаў розных банкаў).

Адна мая знаёмая толькі за адзін дзень з прычыны сваёй празмернай цікаўнасці страціла з рахунку ажно 120 тысяч рублёў.

Каб падобная навіна не стала для кліента шокам, эксперты Нацбанка рэкамендуюць уважліва знаёміцца з памерам камісійнага ўзнагароджання, які спаганяецца банкам, што выдаў картку, за тыя ці іншыя аперацыі. Памер такога камісійнага ўзнагароджання пры правядзенні адной і той жа аперацыі можа быць розным у банка, які выдаў картку, і ў іншых банкаў.

Аперацыі канверсіі і абменны курс

Яшчэ больш можна «трапіць на грошы» пры зняцці з карткі валюты. Таму пры заключэнні дагавора аб выкарыстанні карткі (крэдытнага дагавора) асаблівую ўвагу трэба звярнуць на палажэнні, якія тычацца аперацый канверсіі (куплі-продажу) з выкарыстаннем карткі і абменнага курса банка, які яе выдаў. Калі валюта рахунку не супадае з валютай аперацыі, курс канверсіі (куплі-продажу валюты), што выкарыстоўваецца для адлюстравання аперацый па рахунку, ужываецца банкам згодна з дагаворам аб выкарыстанні карткі. Напрыклад, банк можа прымяніць курс канверсіі (куплі-продажу) не на дату здзяйснення трымальнікам аперацыі з выкарыстаннем карткі, а на дату адлюстравання аперацыі па рахунку.

І гэта часам мае прынцыповае значэнне, бо ёсць нюансы. Тут неабходна ўлічваць, што спецыфіка здзяйснення аперацый з выкарыстаннем карткі мае на ўвазе наяўнасць часовага разрыву паміж датаю аперацыі і адлюстраваннем яе па рахунку.

Працягласць перыяду паміж днём здзяйснення аперацыі і днём яе адлюстравання па рахунку залежыць ад месца ажыццяўлення аперацыі (на тэрыторыі Беларусі або за мяжой), прыналежнасці тэхнічнай інфраструктуры (банку, які выдаў картку, або іншай фінансавай установе), часу ажыццяўлення аперацыі (начны або дзённы час, рабочыя або выхадныя, святочныя дні).

Аб дадатковай камісіі і DCC

Спецыялісты Нацбанка падрыхтавалі некалькі парад для карыстальнікаў такіх плацежных сродкаў за мяжой. Сапраўды, у залежнасці ад краіны знаходжання пры правядзенні аперацыі з выкарыстаннем карткі можа ўтрымлівацца дадатковая камісія, аб памерах якой мэтазгодна пацікавіцца ў работніка, які вас абслугоўвае, непасрэдна перад здзяйсненнем аперацыі. Таксама такая інфармацыя можа быць адлюстравана на экране банкамата або прылады самаабслугоўвання пры здзяйсненні аперацыі.

Пры аплаце тавараў (паслуг) за мяжой варта звяртаць увагу на наяўнасць сэрвісу Dynamіc currency conversіon (DCC), што ў перакладзе азначае «дынамічны абмен валюты». Гэты сэрвіс прадугледжвае дадатковы этап канверсіі, што, як правіла, прыводзіць да аплаты дадатковай камісіі: агульная сума пералічваецца ў беларускія рублі па курсе, вызначаным банкам, які прапануе паслугу DCC. Неабходна ўважліва сачыць за інфармацыяй, што прадстаўлена на экране тэрмінала, а таксама правяраць названыя ў карт-чэку ўмовы правядзення аперацыі (у прыватнасці, варта звяртаць увагу на наяўнасць абрэвіятуры DCC). У выпадку нязгоды з умовамі правядзення аперацыі лепш не пацвярджаць яе подпісам на карт-чэку або ўводам ПІН-кода, а настойваць на адмене аперацыі і яе правядзенні без прымянення дынамічнай канверсіі.

Пры наяўнасці ў банка, які выдаў картку, такой магчымасці, вы можаце забараніць ажыццяўленне аперацый з выкарыстаннем паслугі DCC (напрыклад, праз інтэрнэт-банкінг або непасрэдна ў банку).

Пра рэквізіты і махлярства

Пры правядзенні аперацый без вашай фізічнай прысутнасці падчас і (або) у месцы правядзення аплаты (напрыклад, з дапамогай пошты, факса, тэлефона і г.д.) паведамляйце (уносьце ў адпаведныя палі) неабходныя рэквізіты карткі толькі для правядзення аперацыі, якую вы самі ініцыявалі і лічыце правамернай. У выпадку, калі вы ўсё ж пацярпелі ад махлярства: неабходна неадкладна звярнуцца ў службу кліенцкай падтрымкі банка, які выдаў картку, для яе блакавання і прытрымлівацца рэкамендацый спецыяліста. Па факце махлярства рэкамендуецца падаць заяву ў праваахоўныя органы.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».