Вы тут

На Высокім беразе


Высокі Бераг, кут мой мілы!

Люблю я жоўць тваіх пяскоў,

Разложных хвоек гурт пахілы

І ціхі гоман лазнякоў.


Гэтыя пранікнёныя радкі народнага паэта Беларусі Якуба Коласа як прызнанне ў любові да роднай зямлі і само месца — турбаза «Высокі бераг» на стромкім беразе Нёмана, якая так побач з малой радзімай класіка Мікалаеўшчынай, — задалі танальнасць турыстычнаму злёту, што ў 14 раз ладзіць «Беларусбанк». Ды і год асаблівы — Год культуры. Так што ўсе складнікі мерапрыемства – ад прэзентацыі камандаў і абароны лагера да кубка па аэробіцы – у культурна-асветным трэндзе і знаходзіліся.

Натуральна, вышыванкі, беларуская мова і мелодыі, што так ці інакш звязаны з Беларуссю, хай сабе па біяграфічнай прыналежнасці (як наш славуты зямляк Юрый Антонаў), мелі большыя шанцы заваяваць сімпатыі гледачоў-балельшчыкаў.

А ўрэшце і заваёўваць не давялося: людзі прыехалі неабыякавыя, зацікаўленыя. Каманды свае падтрымлівалі актыўна, за вынік перажывалі ўсім сэрцам.

Спаборніцтвы кіраўнікоў прайшлі ў форме турыстычнага квэста. Гучна, да зрыву галасоў калегі падтрымлівалі адзін аднаго. Радаваліся меткасці стральбы, здабытым секундам, хуткасці запальвання вогнішча, якасці стравы ў кацялку ды колькасці правільных адказаў па алімпійскай тэматыцы. Бо без спартыўных спаборніцтваў турзлёт уявіць немагчыма. Валейбол, футбол, мнагаборства. Усё не на жарт, па-сур'ёзнаму, як доказ, што ў банку спорт паважаюць і ўсяляк падтрымліваюць.

Падводзіць вынікі было запрошана прафесійнае журы. «Візітку» ацэньвалі былыя ўдзельнікі Клуба Вясёлых і Знаходлівых, старшынёй журы быў двойчы ўладальнік «Хрустальнай савы» Яўген Зайцаў. Аэробіку — майстры спорту, спартыўныя спраборніцтвы — тытулаваныя суддзі. Так што спрэчак наконт вынікаў не ўзнікала. Суперніцтва, хоць і сяброўскае, было відавочнае. Зразумела, бо кожны ехаў па перамогу. Як і належыць, у спорце перамаглі наймацнейшыя, у творчасці — найбольш артыстычныя і крэатыўныя.

Што да вынікаў, то па суме балаў першае месца заняла каманда галаўнога офіса.

А ўрэшце прайграўшых не было, як не было сумных і бяздзейных. Кожны за справай: хто на кухні, хто на спартыўнай пляцоўцы, хто на дыскатэцы, але ўсе разам з гітарай ля агню, са старымі і новымі песнямі пра каханне, мары, спадзяванні. Рамантыка!

Важна, што чырвонай ніткай праз усе спаборніцтвы праходзіла любоў да гісторыі, культуры, традыцый Бацькаўшчыны. А яшчэ да абранай справы — банкаўскай. Бо гэта не толькі прафесія, багаж ведаў, але і дух карпаратыўнасці, адданасць статуту ўстановы. Дзеля чаго, уласна кажучы, гэты злёт і быў наладжаны.

Ларыса ГРЫНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».