Вы тут

Зваляць... цацку


Трымаю ў руках невялікае медзведзяня, якое Наста Сакульская зрабіла ўсяго за 40 хвілін. Дзяўчына вучыцца на завочным аддзяленні БДПУ імя М. Танка (спецыяльнасць «Выкладчык-мастак»), працуе ў багетнай студыі, дзе выконвае афарміцельскія заданні, а ў вольны час займаецца сухім валеннем. Як з'явілася думка рабіць цацкі з воўны?


— Я чалавек творчы, таму да цацак ужо займалася бісерапляценнем і керамікай, пісала карціны, рабіла дэкаратыўныя абручы з гафрыраванай паперы. А тут неяк у сацыяльных сетках убачыла цацку-выдрачку, яна была як жывая. Захацелася зрабіць нешта падобнае.

— І што, апроч жадання, для гэтага трэба?

— Калі хочаш займацца валеннем, трэба адчуваць форму, інакш будзе цяжка нешта стварыць. Трэба разумець, як пойдзе лінія, як запхаць воўну, куды і як націснуць.

Для валення ёсць спецыяльныя іголачкі. Яны адрозніваюцца ад звычайных: у іх няма вушак, яны даўжэйшыя ў два разы. Усё неабходнае можна набыць у спецыяльных крамах. Воўна і прыстасаванні для працы каштуюць нядорага. Напрыклад, 10 грамаў патрэбнага матэрыялу прадаюцца за 15 тысяч, іголкі — за 20 тысяч рублёў.

— Як знаходзіш вобразы для сваіх вырабаў?

— У асноўным падглядаю ў інтэрнэце. Каб зрабіць вялікую цацку, патрэбна каля васьмі гадзін працы. На маленькую ідзе тры-чатыры, часам нават менш — усё залежыць ад эскіза, які задумала. Звычайна я не раблю цацку цалкам за дзень, пакідаю працу на наступны. Потым
гляджу, што трэба дабавіць, што выправіць. Вось быццам бы ўсё добра, але чагосьці не хапае. А прышпіліла банцік на галаву — атрымалася дзяўчынка, прычапіла яго на шыю — хлопчык. Кожная цацка павінна быць асаблівай.

— Ці хацела б зрабіць велізарную цацку?

— Ростам з чалавека? Гэта ж колькі трэба воўны вычасаць! Самая вялікая цацка ў мяне была 50 сантыметраў, яе я рабіла восем гадзін. Але паспрабаваць было б цікава!

Настасся Жухарава, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?