Вы тут

Арганізацыям – ліміт на ваду


Пры перавышэнні лімітаў Мінжылкамгас прапануе браць плату за водазабеспячэнне з юрыдычных асоб у павышаным памеры.

Палата прадстаўнікоў учора прыняла шэраг законапраектаў, два з якіх разглядаліся ў першым чытанні. Адзін з новых праектаў тычыцца аўтамабільнага транспарту і аўтамабільных перавозак, а другі закранае пытанні пітнога водазабеспячэння.


Аб'яднаць у адзіную сістэму

Як растлумачыў парламентарыям міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў, праектам закона вызначаюцца прававыя асновы пітнога водазабеспячэння і асноўныя патрабаванні да крыніц і сістэм пітнога водазабеспячэння (санітарна-эпідэміялагічныя, прыродаахоўныя і горадабудаўнічыя).

У прыватнасці, для стымулявання развіцця сістэм абаротнага водазабеспячэння і павелічэння спажывання тэхнічнай вады ўводзіцца паняцце «ліміт водаспажывання». Праектам закона прадугледжана, што агульныя ўмовы вызначэння ліміту водаспажывання будуць вызначацца Саветам Міністраў, а правам на іх зацвярджэнне надзяляюцца мясцовыя ўлады. «У выпадку перавышэння ўстаноўленага ліміту плата за паслугу па водазабеспячэнні з юрыдычных асоб будзе брацца ў павышаным памеры, зыходзячы з аб'ёмаў фактычна ўзятай вады за кожны разліковы перыяд», — сказаў Аляксандр Церахаў.

Паводле яго слоў, з мэтай прыцягнення пазабюджэтных крыніц фінансавання для будаўніцтва сетак водазабеспячэння ў існуючай жылой забудове ўводзіцца вузкаскіраваны тэрмін «вулічныя сеткі пітнога водазабеспячэння», які з'яўляецца элементам цэнтралізаванай сістэмы водазабеспячэння.

Разам з тым, як адзначыў міністр, наспела неабходнасць пераходзіць да адзінага далучэння абанентаў і спажыўцоў да цэнтралізаваных сістэм пітнога водазабеспячэння, а таксама рэгулявання адносін паміж абанентамі, спажыўцамі і арганізацыямі водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі. Сёння гэты парадак рэгламентуецца правіламі карыстання, якія зацверджаны загадам міністэрства яшчэ ў 1995 годзе. «Аднак каля 13% арганізацый, якія ажыццяўляюць водазабеспячэнне ў краіне, цяпер не адносяцца да сістэмы Мінжылкамгаса. Адпаведна, на такія арганізацыі агучаны парадак не распаўсюджваецца. Для вырашэння гэтага пытання праектам закона Савет Міністраў надзяляецца паўнамоцтвамі па вызначэнні адзіных падыходаў далучэння да цэнтралізаваных сістэм пітнога водазабеспячэння. Праект адпаведнай пастановы распрацаваны і праходзіць юрыдычную экспертызу ў Савеце Міністраў», — дадаў Аляксандр Церахаў.

Плаціць за таксі — толькі па чэку

Гэта новаўвядзенне, прапанаванае Мінтрансам, мае на ўвазе дазволіць пасажырам не плаціць за паслугі таксі, калі кіроўца не дае чэка з фіксаванай сумай па таксометры. Існуюць і іншыя прапановы.

Як адзначыў міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак, прадугледжваюцца значныя змены ў галіне перавозак пасажыраў аўтамабілямі таксі. Так, уведзена падрабязная рэгламентацыя адносін паміж заказчыкам перавозак, аператарамі таксі, дыспетчарам і перавозчыкамі. «Артыкул 28 закона дапоўнены правам пасажыра адмовіцца ад аплаты за праезд у аўтамабілі таксі ў выпадку неатрымання ад кіроўцы чэка, які пацвярджаецца паказчыкамі таксометра», — расказаў міністр.

А вось міжнароднаму сэрвісу Uber давядзецца абавязкова зарэгістраваць юрыдычную асобу на тэрыторыі менавіта нашай краіны. Гэта дзеля таго, каб у спажыўцоў няякаснай паслугі не было сумненняў, што іх не падмануць. У цэлым, паводле слоў Анатоля Сівака, дакументам прапануецца сфарміраваць празрыстую сістэму арганізацыі аўтамабільных перавозак, заснаваную на эфектыўным узаемадзеянні суб'ектаў гаспадарання і ўпаўнаважаных дзяржорганаў.

Мяжу ўчастка лепш фіксаваць

Палата прадстаўнікоў учора прыняла шэраг законапраектаў у другім чытанні. У прыватнасці, папраўкі ў Кодэкс аб зямлі больш дэталёва вызначаюць кампетэнцыю мясцовых улад у рэгуляванні зямельных адносін. Таксама дакумент прадугледжвае, што Дзяржкамітэт па маёмасці абавязаны вызначаць парадак зліцця зямельных участкаў, удакладніць парадак змены іх меж. Прынятыя парламентарыямі змены прадугледжваюць і магчымасць канфіскацыі ўчастка пры замене забудоўшчыка і прадастаўленні гэтай зямлі новаму спажыўцу без аўкцыёну.

Таксама можна будзе забараняць змяненне мэтавага прызначэння ўчасткаў, пакуль не пройдзе восем гадоў з моманту дзяржрэгістрацыі жылых дамоў, пабудаваных на гэтай зямлі. Яшчэ адна навіна — гэта прыярытэт фіксаванай мяжы зямельнага ўчастка над нефіксаванай. Акрамя таго, калі да ўступлення ў сілу гэтых паправак члены сям'і работніка, які праходзіць альтэрнатыўную службу, атрымалі права на службовы зямельны надзел, то права на такую зямлю ў іх застанецца і надалей.

Інтэлектуальную ўласнасць абараняем разам

Прагаласавалі ўчора дэпутаты і за далучэнне Беларусі да Дагавора аб патэнтавым праве. Як адзначыў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Андрэй Косаўскі, Дагавор аб патэнтавым праве, прыняты ў Жэневе ў 2000 годзе, функцыянуе пад эгідай Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці і вызначае ўзгодненыя на міжнародным узроўні базавыя стандарты аховы правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці. Дзякуючы далучэнню да гэтага дакумента спрашчаюцца фармальныя працэдуры ў дачыненні да нацыянальных і рэгіянальных патэнтаў на вынаходкі і заявак на выдачу патэнтаў.

Акрамя таго, на пасяджэнні дэпутаты ратыфікавалі Дагавор аб каардынацыі дзеянняў па абароне правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці. Гэты дакумент рэгулюе ўзаемадзеянне ўпаўнаважаных органаў дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза паміж сабой і з Еўразійскай эканамічнай камісіяй у мэтах фарміравання адзінай сістэмы абароны правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці на тэрыторыі саюза.

«Прышчэпка» ад рэвалюцый

Таксама ў другім чытанні на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў быў зацверджаны законапраект аб Ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь. Новая дактрына ўлічвае такія з'явы, як гібрыдная вайна і каляровая рэвалюцыя. Дакумент паступіў у Палату прадстаўнікоў 12 лютага 2016 гады пасля таго, як яе ўхваліў Прэзідэнт Беларусі па выніках пасяджэння Савета бяспекі. Прыняцце новай дактрыны выклікана зменамі ваенна-палітычнага становішча ў свеце, характару ўзброенай барацьбы, сучаснымі тэндэнцыямі развіцця беларускай дзяржавы. У дакуменце цяпер прапісаны напрамкі развіцця абароннага сектара эканомікі.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.