Вы тут

Сонца на далоні


Дзеля чаго мы ездзім "галопам па еўропах"?


У курортных фатографаў гэта ўжо даўняя "фішка" — зняць героя фота ў антуражы старажытнай архітэктуры або маляўнічага пейзажу ў такім ракурсе, нібыта ён трымае на далоні нейкі вядомы будынак ці прыродны аб'ект. Сакрэт гэты ведаюць цяпер амаль усе ўладальнікі мабільных камер, таму падобных карцінак і ў сямейных фотаальбомах, і на старонках у сацыяльных сетках — безліч. Я, напрыклад, магу пахваліцца, што "трымала на руцэ" фасад антычнай бібліятэкі ў старажытным Эфесе, знакаміты Кёльнскі сабор і нават рымскі Калізей.

Толькі, ведаеце, хваліцца асабліва не хочацца. Ёсць ва ўсіх гэтых радасных фота штосьці... няшчырае, ці што? Трапіў у чужую краіну, у чужую культуру, не паспеў яе нават на каліва спазнаць, а ўжо рукамі (няхай сабе і фігуральна) хапаеш. І што карыснага для розуму, для душы застаецца з тых павярхоўных паездак ("Уся Еўропа за сем дзён!" — як не купіцца на такую заманлівую аб'яву?), акрамя вось гэтых пастановачных картачак, зробленых выключна па прынцыпе "І я тут быў"?..

Паспрачайцеся са мной, калі не згодныя, але мне здаецца, што гэты прынцып, якім кіруемся амаль заўсёды, калі кідаемся на якую танную ці "гарачую" пуцёўку, абражае мясціны, у якія мы імчым за тысячы кіламетраў, каб сфатаграфавацца на іх фоне, не менш, чым графіці ці выразаныя нажом літары на старажытных мурах. І не трэба здзіўляцца і абурацца, калі праз ветлівыя ўсмешкі месцічаў, якія прымаюць, абслугоўваюць турыстаў, проста назіраюць за імі, часам вельмі нават заўважна прагляне пагарда з адценнем крыўды. Уявіце сябе на іх месцы: зайшоў натоўп разявак у хату, нават не павіталіся, не пацікавіліся, як справы, чым жывеш, сфатаграфаваліся па чарзе каля прабабчынага антыкварнага серванта, натапталі, накідалі смецця, не падзякаваўшы і не развітаўшыся, сышлі. Толькі дух перавёў — а на ганку ўжо новая гурма топчацца — таксама хочуць прабабчын сервант паглядзець. І не выганіш, бо грошы за тое плацяць, але ж на душы паскудна...

Гартала нядаўна архівы на камп'ютарных дысках і здзівілася сама сабе: там апошнім часам нашмат паменела фотак з далёкіх і блізкіх паездак. Бо — парадокс! — калі едзеш не арганізавана, не галопам, калі ўглядаешся і стараешся зразумець, зусім не да фотакамеры. Ніякае, нават самае якаснае фота не перадасць пачуццё неаспрэчнай наканаванасці, якое ахоплівае ўсю істоту перад Левітанаўскім "Над вечным спакоем" у маскоўскай Траццякоўцы. Ці тое жудасна-захопленае здранцвенне, калі глядзіш на крывава-натуралістычныя карціны ранніх фламандскіх прымітывістаў у музеі Бруге. Або ашаломленасць ад ведання, што сабор Святой Алены ў Трыры — гэта былая рэзідэнцыя імператрыцы, і ніжняя частка будынка памятае чацвёртае стагоддзе і саму гаспадыню, якая знайшла ў Іерусаліме крыж Хрыста праз трыста з лішнім гадоў пасля распяцця. (Укладваючы ў галаве гэту інфармацыю, я мо гадзіны дзве сядзела проста на брукаванцы перад храмам, задраўшы голаў да яго вышыні.) Я ўжо не кажу пра пахі, гукі, дотыкі, якія ў кожным месцы асаблівыя, але іх не адчуеш і не пачуеш, калі нясешся ад аб'екта да аб'екта вылупіўшы вочы (няхай сабе і ў суправаджэнні добрага экскурсавода).

І так — паўсюль. Паспрабуйце з'ездзіць "сваім ходам" у Брэсцкую крэпасць. Ці ў Гальшанскі замак. Або на Прыпяць — у Мазыр з яго дзівоснымі ўзгоркамі, пад Петрыкаў, дзе археолагі капаюць паселішчы пятага стагоддзя, а ў старыцы ракі нават удзень брохаюць вялізныя самы і шчупакі. У Полацк, пра які ўжо вывучылі ўсё і яшчэ ў школе двойчы былі там на экскурсіі. (А ці бачылі вы, як ажываюць фрэскі на сценах Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, калі сонца зазірне менавіта ў бакавое акенца? Гэта не ўбачыш імгненна, трэба сцішыўшыся сядзець і цярпліва чакаць, каб злавіць момант пераходу з цьмянага ў залацістае. І нават самы найлепшы гід не раскажа вам, якія там шыкоўныя ўвосень каштаны на вуліцы Карла Маркса, як дажджлівым днём іх бліскучыя плады бухаюць у мокрую траву, бы спелыя цяжкія яблыкі...) Вяртаючыся з такіх паездак, гартаеш не старонкі з фоткамі — успаміны і ўражанні. Адкрываеш не толькі дзівосныя мясціны, але і... сябе самога для сябе. Чалавека, які ўмее здзіўляцца, захапляцца, які не страціў у штодзённай руціне шчырасць і непасрэднасць. Вельмі важнае па сённяшнім часе веданне.

...І ўсё ж ёсць у мяне адно фота "з далонькай", якое вельмі люблю. Там, дзе "трымаю ў руцэ" сонца на грыбной паляне. У ходжаным-пераходжаным, з дзяцінства вядомым лесе яно нібы само раптам лягло на руку, калі паказвала штосьці ўверсе, і сястра ўдала злавіла кадр (якраз тэлефонам здымала свой баравіковы "ўлоў"). І што ў параўнанні з гэтай прыгажосцю халодныя сцены чужых незнаёмых будынкаў?..

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».