Вы тут

Танцы са смерцю


Вярнуць каханую да жыцця — толькі ахвяраваўшы сабой.

«Хэпі-энд» на ўсходні лад: хтосьці павінен памерці, каб зацвіла кветка кахання для ўсіх людзей. Памірае Байджан — пакутуе Азер. Ён ідзе на змову з цёмнымі сіламі, каб яны адпусцілі каханую... Дзве стыхіі — каханне і смерць — кіруюць усім у балеце славутага азербайджанскага кампазітара Палада Бюльбюль аглы. Спектакль напрыканцы сезона з'явіўся ў афішы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатры опера і балета Беларусі. І няўжо вы думаеце, што імёны герояў балета — Азер і Байджан — выпадковыя?


Яны з племені агузаў, скарыць якіх імкнуцца каварныя кыпчакі. Забіраюць у палон, робяць рабамі, зневажаюць і гвалтуюць людзей, што так прагнуць свабоды. Байджан, якая толькі што заручылася з Азерам, лепш памрэ, чым падзеліць ложак са злосным ханам Гара-Мелікам. І сапраўды ж памірае... Але тут у барацьбу за яе ўключаюцца сілы кахання.

Пра гэта расказваецца ў старажытнацюркскім эпасе «Кніга майго Дзеда Каркуда», які ўзяў за аснову для сюжэта кампазітар Палад Бюльбюль аглы. На яго думку, створаны больш за 1000 гадоў таму помнік пісьмовай культуры народаў Усходу даводзіць спрадвечную мудрасць: дзе і ў чым варта шукаць духоўнае апірышча народам, якія якасці дапамагаюць утрымацца і захавацца, і чаму варта звяртацца да сваіх каранёў. Да напісання гэтага балета кампазітар прыйшоў, калі ў сваёй краіне ўзначальваў міністэрства культуры.

Разумныя кнігі, якія прыадчыняюць таямніцы паходжання, — яшчэ і духоўнае апірышча для краін, а гэта актуальна для маладых дзяржаў. Таму на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў гэты балет прыходзіць на сцэну ў Азербайджане. У расійскія і беларускія тэатры ён прыйшоў, відаць, з-за імя кампазітара Палада Бюльбюль аглы, якога яшчэ з савецкіх часоў вельмі любілі як аўтара папулярных песень. А тут — балет, маштабны твор, які ў афішы штомесяц. Бяспройгрышны варыянт, каб забяспечыць аншлагі.

І сапраўды, калі хто хоча адкрыць Палада Бюльбюль аглы наноў як кампазітара акадэмічнай традыцыі, то твор «Каханне і смерць» дазволіць гэта зрабіць. Нездарма аўтар лічыць гэты балет галоўным у сваёй творчасці. Эпас патрабуе засяроджанасці — мы яе адчуваем ад самага пачатку, далей развіццё музыкі з яе разгалінаваннямі ў тэмы белага і чорнага сусветаў выбудоўвае ўсю драматычную канву: нават праз інструменты, якія «агучваюць» дзве гэтыя стыхіі. Насычаная галасамі і эмоцыямі тэма кахання супрацьпастаўляецца лаканічнаму, стрыманаму, але настойліваму рытму ўварвання сіл смерці. Змаганне гэтых стыхій за душы галоўных герояў прапісана самім аўтарам. Але яшчэ набыло патрэбнае эмацыянальнае гучанне ў аркестры, якім падчас прэм'еры кіраваў азербайджанскі дырыжор Эйюб Куліеў. Музыка – асобны герой пастаноўкі, яна вяла рэй у спектаклі яшчэ і таму, што не пазбаўлена таго каларыту, які скіроўвае да культуры краін Усходу (а гэта — справа тонкая, як мы памятаем).

За ўвасабленне ў беларускім тэатры балета «Каханне і смерць» узялася харэограф Вольга Костэль, якая ўпершыню выйшла на вялікую сцэну з маштабнай пастаноўкай.

Спектакль сапраўды атрымаўся эпічным, дзе паступова развіваецца рамантычна-алегарычная гісторыя. Уся сутнасць яе паводле інтэрпрэтацыі Вольгі Костэль не столькі ў тым, дзе ўсё адбываецца, а ў тым, што мараль з усяго ўбачанага актуальная ў любой кропцы Зямлі.

І крыху экзотыкі: павага да краіны паходжання балета захаваная перш за ўсё ў працы Кацярыны Булгакавай, мастака па касцюмах, якія героі мяняюць даволі часта. Свята Наўруз, калі Айзера і Байджан напаткала каханне, — адзін вонкавы вобраз. Ворагі-кыпчакі маюць адрознае ад агузаў увасабленне, ханскі гарэм пераканаўчы. І нават у тых парах, якія танцуюць на баку сіл Кахання і Смерці пазнаеш азербайджанскія строі. Пры тым, што супрацьстаянне белага і чорнага ў інтэрпрэтацыі харэографа падаецца канцэптуальным, хоць сам балет мог быць пастаўлены як абсалютна ўмоўнае і абстрактнае асэнсаванне тэм кахання і смерці.

Аўтар харэаграфіі была да гэтага схільная. Канструкцыя некаторых сцэн у балеце даволі складаная, здавалася, што артысты занепакоеныя тым, як правільна выканаць усе задачы. Можа таму спектакль падаўся стрыманым у эмацыянальным складніку з боку выканаўцаў, але ж гэта толькі першыя паказы... Відавочна, што беларускія прыхільнікі балета будуць з задавальненнем глядзець работу любімых артыстаў. Таму што ў партыі Байджан можна пабачыць Ірыну Яромкіну, Ганну Фокіну, Вікторыю Трэнькіну. Азера танцуюць Юрый Кавалёў, Ігар Аношка, Ягор Азаркевіч. У балеце наогул шмат парных танцаў, складаныя падтрымкі, якія змяняюць адна адну, не дазваляючы разняволіцца. Перфекцыянізм харэографа навідавоку: больш арыгінальнасці і эфектнасці, каб пазбегнуць спрошчанасці. У яе былі яшчэ задачы. Злучыць эпохі: далёкае мінулае і сучаснасць (таму што для гледача ХХІ стагоддзя). Злучыць часткі свету: каб усходняе адгукалася ў Беларусі.

Таму вечнасць тэмы выйшла на першае месца. І казачнасць узяла сваё: гісторыю ж трэба расказаць уцямна, а балет мала таго, што насычаны персанажамі, яшчэ і мае вялікую колькасць масавых сцэн, якія раскручваюцца вакол магутнага дрэва, што ўвасабляе жыццё.

Яно з падачы мастака-сцэнографа Аляксандра Касцючэнкі іграе яшчэ адну ролю ў спектаклі: можа спаць і прачынацца (дзякуючы асвятленню), засмучацца, падавацца калючым і змрочна-засохлым у стане кыпчакаў, расквітае ў гонар кахання. Як жыве і кветка кахання, што застаецца Байджан ад Азера. Таму па ходзе дзеяння кожны з гледачоў дадае ўласныя эмоцыі. А наш народ, як выяўляецца, вельмі чуллівы.

Хто сумняваўся, што Паладу Бюльбюль аглы наладзяць авацыю? Хто сумняваецца, што спектакль будзе мець шчаслівы сцэнічны лёс? У нас любяць з каларытам. І ўсходняя тэма, у прыватнасці, у балеце, прадстаўлена цудоўна не адным спектаклем. Нават лепш, чым беларуская, дзе з тэмай нацыянальнай гісторыі звязаны «Князь Вітаўт» кампазітара Вячаслава Кузняцова. І наогул беларускіх балетаў цяпер на сцэне — па пальцах пералічыць. Любая пастаноўка аўтаматычна становіцца падзеяй нацыянальнага маштабу (як яшчэ і «Маленькі прынц» Я. Глебава). Тэатру можна гэтым карыстацца. Тым больш што сярод нашых сучасных кампазітараў шмат тых, хто гатовы пісаць балеты для тэатра. І беларуская мелодыка стала б тым каларытам, за якім бы бачыўся ўсё ж Вялікі тэатр Беларусі, які носіць званне нацыянальнага. І кветкі ў нашых паданнях не менш таямнічыя.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».