Вы тут

Амаль кожны трэці вясковы школьнік мае праблемы са зрокам


Дабрачынны праект «Я бачу!» падвёў першыя вынікі. З сакавіка гэтага года афтальмолагі агледзелі 4,8 тысячы дзяцей з сельскай мясцовасці ў Магілёўскай вобласці. Розныя паталогіі зроку знайшлі ў 29 працэнтаў школьнікаў. Прычым у 17 працэнтаў агледжаных гэтыя адхіленні выявілі ўпершыню.


Праект па дыягностыцы і аказанні афтальмалагічнай дапамогі вясковым школьнікам праводзяць Беларускі дзіцячы фонд і кампанія Velcom пры падтрымцы Магілёўскага аблвыканкама. Расказваючы пра актуальнасць мерапрыемства, дырэктар фонду Аляксандр ТРУХАН прыводзіць статыстыку: па звестках Міністэрства аховы здароўя, у структуры дзіцячых захворванняў праблемы зроку стаяць на другім месцы. Да таго ж у сельскіх хлопцаў і дзяўчат менш магчымасцяў атрымаць належную медыцынскую дапамогу. У некаторых раёнах Магілёўшчыны на 30-60 тысяч дарослага і дзіцячага насельніцтва прыходзіцца толькі адзін афтальмолаг. А ў шасці раёнах вобласці профільнага спецыяліста ўвогуле няма.

Медыкі прызнаюцца, што былі шакіраваны сітуацыяй у вёсках.

— Да пачатку праекта мы думалі, што тэхнічны прагрэс там не так развіты, як у горадзе, таму ў сельскіх дзяцей павінна быць значна менш праблем са зрокам. Але працэнт паталогій для вёскі аказаўся велізарны, — адзначае ўрач-афтальмолаг Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Марыя МАЛАШКА. Для параўнання: у гарадах праблемы са зрокам маюць 45 працэнтаў школьнікаў.

Калі разглядаць структуру захворванняў вачэй, то часцей за ўсё сустракаецца блізарукасць (яе выявілі ў 15 працэнтаў агледжаных). На другім месцы астыгматызм (гэта паталогія назіралася ў 189 школьнікаў), на трэцім — дальназоркасць (у 142 чалавек). Яшчэ ў 1,5 працэнта дзяцей дыягнаставалі касавокасць.

Сярод хлопцаў і дзяўчат са зніжанай вастрынёй зроку амаль палова мела патрэбу ў акулярнай карэкцыі, усяго выпісалі 680 акуляраў. Сем дзяцей адправілі на аперацыі, 18-ці прызначылі кансерватыўнае лячэнне ва ўмовах стацыянара. Дзевяць школьнікаў накіравалі ў Магілёўскую абласную бальніцу для паглыбленай дыягностыкі, яшчэ 19 запісалі на шпіталізацыю ў аддзяленне афтальмалогіі для канчатковага ўдакладнення дыягназу.

У некалькіх выпадках брыгада ўрачоў сутыкалася з сур'ёзнымі захворваннямі. Так, калі медыкі прыехалі ў Расненскую дапаможную школу-інтэрнат (Дрыбінскі раён), адзін з яе вучняў хадзіў з павязкай на воку. Высветлілася, што тры дні таму 11-гадовы хлопчык, гуляючы, трапіў сабе ў вока гумкай. Мясцовыя ўрачы аказалі дзіцяці толькі першую дапамогу: закапалі альбуцыд і сказалі, што праз пару дзён усё адновіцца. Мабільная ж брыгада адразу шпіталізавала школьніка. Калі б гэта не было зроблена своечасова, магла б пачацца язва рагавіцы, што прывяло б да слепаты.

У вёсцы ні школьнікі, ні іх бацькі не лічаць зніжаны зрок праблемай, заўважае Марыя Малашка. «Яны не надаюць гэтаму значэння. Хоць падлеткі ў 15-16 гадоў у стане ацаніць, што бачаць горш. У школьнікаў няправільныя адносіны да акулярнай карэкцыі: дзеці лічаць, што гэта непрыгожа і непатрэбна».

Спецыяліст дадае, што прафілактычныя агляды прадугледжаны не проста так — яны дазваляюць выявіць паталогіі. Некаторыя праблемы адразу не адбіваюцца на якасці зроку, таму без дыягностыкі іх складана заўважыць. Так, калі дзіця скардзіцца на галаўны боль, стомленасць, вяласць — гэта могуць быць першыя прыкметы блізарукасці. Падобныя сімптомы ўзнікаюць, таму што мышца, якая адказвае за зрок удалячынь і зблізку, пастаянна напружана. Каб не прапусціць паталогію, афтальмолагі раяць школьнікам праходзіць дыягностыку раз на год.

Сабраць грошы на праект «Я бачу!» дапамагла кампанія Velcom. У снежні мінулага года мабільны аператар правёў дабрачынную акцыю: на працягу 17 дзён з кожнага смартфона і планшэта, купленага ў фірменных цэнтрах продажу і абслугоўвання ці ў інтэрнэт-краме, арганізацыя пералічала 50 тысяч рублёў са свайго прыбытку на спецыяльны рахунак. Каля 36 тысяч чалавек паўдзельнічала ў гэтай ініцыятыве. У выніку было сабрана 1,8 мільярда рублёў. На гэтыя грошы набылі спецыяльнае аўто і мабільнае афтальмалагічнае абсталяванне, аплацілі працу ўрачоў брыгады.

Праект ужо ахапіў восем раёнаў: Бялыніцкі, Дрыбінскі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі і Круглянскі. У верасні стартуе другі этап акцыі. Да канца года ўрачы плануюць агледзець яшчэ дзесяць тысяч вясковых дзяцей у 11 раёнах Магілёўскай вобласці. Арганізатары спадзяюцца, што ў будучым змогуць ахапіць і іншыя рэгіёны. Па словах начальніка аддзела карпаратыўных камунікацый Velcom Вячаслава СМІРНОВА, кампанія гатова і далей падтрымліваць праект.

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Дзеці не хочуць насіць акуляры»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?