Вы тут

Уздоўж па Шагалаўскай


Падчас шпацыру па вуліцы Марка Шагала карэспандэнту «Звязды» пашчасціла трапіць у дом №5, які не мае аналагаў у свеце.

Частку віцебскай вуліцы газеты «Праўда» перайменавалі ў гонар славутага мастака яшчэ ў сакавіку. А вось беларускамоўныя шыльдачкі на дамах з'явіліся на днях, што цікава — асобныя з іх аформлены ў супрэматычным стылі. Кажуць, што і сама Шагалаўская неўзабаве будзе нагадваць сапраўдную мастацкую галерэю. А пачалося ўсё з таго, што некалькі гадоў таму на адным з дамоў з'явілася карціна Казіміра Малевіча «Смерць шпалерам». Цяпер жа вырашылі размаляваць сцены яшчэ пяці будынкаў. На адным ужо з'явіўся новы эскіз работы заснавальніка супрэматызму. Дарэчы, для размалёўкі фасадаў запрашаюць валанцёраў, а таму ў якасці вулічнага мастака сябе можа паспрабаваць нават аматар-пачатковец. Сам жа Малевіч, а дакладней яго партрэт, «прапісаўся» непадалёку — на сцяне гаражнага комплексу, што за домам №5.


Галоўны фасад будынка былога Віцебскага народнага мастацкага вучылішча практычна адрэстаўраваны. Ляпніну аднаўлялі па старых здымках.

Мара пра калекцыі з лепшых музеяў

Пакуль што па вуліцы Марка Шагала ні прайсці, ні праехаць. Паўсюль будаўнічая тэхніка, пыльна. Тут поўным ходам ідзе рамонт: абнаўляюць дахі, фасады дамоў. Найбольшая колькасць будаўнікоў шчыруе каля дома №5. У ім пасля таго, як завершыцца рэканструкцыя, будзе музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Таго самага, якое заснаваў Марк Шагал, і дзе жылі і працавалі Казімір Малевіч, Юдаль Пэн, Эль Лісіцкі, Мікалай Суэцін і іншыя сябры авангарднага мастацкага аб'яднання УНОВІС.

Той самы фундамент дома № 5, які доўгі час “хаваўся” пад зямлёй.

Мне адной з першых пашчасціла зазірнуць унутр будучага музея задоўга да яго афіцыйнага адкрыцця. Міні-экскурсію па будынку, знакаваму не толькі для нашай краіны, але і для ўсяго мастацкага свету, правёў дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй ДУХОЎНІКАЎ.

— Гэты будынак яшчэ да нядаўняга часу быў у зямлі да самых вокнаў. Пакуль мне на вочы не трапіўся стары малюнак. На ім было Віцебскае народнае мастацкае вучылішча з мураванай кладкай. Сталі рабіць спробы раскапаць і, о цуд, аказалася, што падмурак сапраўды ёсць. Ды які прыгожы! Цяпер ён рэстаўрыруецца, — спыняецца на ўваходзе Андрэй Духоўнікаў і запрашае ўнутр будынка.

На першым паверсе, паводле слоў майго гіда, будзе некалькі музейных залаў, дзе наведвальнікі даведаюцца пра Віцебскую мастацкую школу пачатку ХХ стагоддзя. Тут жа размесціцца і вялізная выставачная зала. Яна будзе абсталявана па апошнім слове тэхнікі, каб можна было выстаўляць творы любога ўзроўню.

Нават шыльды на шагалаўскай вуліцы  выкананы ў супрэматычным стылі.

— Я мару, што сюды прывязуць калекцыі з лепшых музеяў свету — з Луўра, Траццякоўкі, — кажа Андрэй Духоўнікаў. — Для нас самае важнае паказаць беларусам Лісіцкага, Малевіча, а дасць Бог, і Шагала. Я быў нядаўна ў Траццякоўцы. У іх ёсць вялікі праект па рускім авангардзе пачатку ХХ стагоддзя ў правінцыяльных музеях. А ў Віцебску якраз неўзабаве будзе адзначацца 100-годдзе мастацкага вучылішча, затым споўніцца сто гадоў УНОВІСу. Цудоўная нагода! Я хацеў бы, каб да гэтага часу мая мара спраўдзілася. Супрацоўнікі Траццякоўкі, што радуе, гатовыя супрацоўнічаць з будучым музеем Віцебскага мастацкага вучылішча — адзіным у свеце музеем, які цалкам будзе працаваць па тэме рускага авангарду. Яму не будзе аналагаў. Разам з тым, як ні парадаксальна, гэта адзіны музей, у якім няма ніводнай уласнай карціны рускага авангарду. Усё ў савецкія часы было вывезена, скрадзена, выкуплена, выкінута... Работніца краязнаўчага музея расказвала, як, калі яна прыйшла працаваць у пачатку 70-х, яны чысцілі фонды і выкінулі шмат «напалову дзіцячых малюнкаў, квадрацікаў усялякіх». Магчыма, гэта былі знішчаны рэшткі архіваў...

Казімір Малевіч “прапісаўся” на сцяне гаражнага комплексу за былым мастацкім вучылішчам.

«Восем чырвоных прамавугольнікаў»... на столі

Падымаемся на другі паверх па лесвіцы з металічнымі парэнчамі. Андрэй Духоўнікаў кажа, што яна аўтэнтычная, захавалася з тых самых, шагалаўскіх, часоў. На сцяне заўважаю надпіс, зроблены вугалем: «Азгур».

Роспіс будынка па эскізу Малевіча "Смерць шпалерам!" паспеў стаць брэндам Віцебска.

— Хутчэй за ўсё, ён належыць скульптару Заіру Азгуру, які тут вучыўся, — перахоплівае мой погляд Андрэй Духоўнікаў. — Я дасылаў фотаздымак у музей Азгура. Яны пацвердзілі характэрнае для скульптара «р». Заіру было гадоў 15-16, калі ён пакінуў гэты аўтограф.

А вось тут, на ўваходзе, неўзабаве з'явіцца вялікая шкляная сцяна, на ёй будзе мультымедыйная інсталяцыя. Хочацца, каб у наведвальнікаў з'явілася адчуванне, што яны перанесліся на машыне часу ў гісторыю гэтага будынка і Віцебска — таго, якім ён быў стагоддзе таму.

А вось так віцебскія мастакі распісалі сцяну будынка, што насупраць дома № 5.

Інтэр'ер спрабуем рэканструяваць па старых фотаздымках, архіўных дакументах, успамінах. Адзін з вучняў УНОВІСа казаў: «Калі ты падымаешся па лесвіцы, з левага боку — кабінет дырэктара, прама — трое дзвярэй, якія вядуць у пакойчыкі Малевіча, Ермалаева і Лісіцкага». Калі быць дакладным, то тут, за аднымі з трох дзвярэй, насамрэч была ванна Малевіча. А яго майстэрня знаходзілася побач, якраз праз сцяну ад кабінета Марка Шагала. У дырэктара вучылішча было два сумежныя пакойчыкі. Але калі прыехаў Казімір Малевіч, Марк Шагал аддаў калегу адзін з іх. Вось у ім і будзе музейная зала Казіміра Малевіча. Яна будзе асацыятыўнай, бо ніякіх арыгінальных прадметаў, на жаль, не захавалася. Тут паставім толькі стол і крэсла. Фішкай жа будзе вось гэтая арыгінальная свяцільня (паказвае на столь). Дызайнеры ўвасобілі тут карціну Казіміра Малевіча «8 чырвоных прамавугольнікаў». Гэта адна з вядомых яго работ. Прыходзьце сюды, калі музей адчыніцца, яна вельмі эфектна будзе глядзецца.

Андрэй Духоўнікаў праводзіць экскурсію па будучым музеі.

Галоўны экспанат — сам дом

— Мы не будзем нікога падманваць, не будзем казаць, што «вось гэта крэсла, на якім сядзеў сам Малевіч», — працягвае Андрэй Духоўнікаў. — Адкрыта кажам, што галоўны экспанат гэтага музея — сам дом. Цуд, што ён наогул захаваўся. Падчас вайны гэта вуліца была цалкам разбурана. Усе дамы былі знішчаны. У гэтага ж будынка нейкім дзівам нават ляпніна захавалася. А таксама некаторыя элементы, у прыватнасці балкончык. Пад паркетам савецкай эпохі будаўнікі знайшлі яшчэ адзін слой паркету. Магчыма, па ім хадзілі яшчэ Шагал і Малевіч. Унізе, бачыце, уся падлога засыпана пілавіннем і пакрыта ДВП, пад імі ляжыць аўтэнтычная мазаіка з паліраванага граніту. Фантастычна прыгожая. Дзякуючы ўсім гэтым нешматлікім знаходкам, будзе нават такі раздзел у музеі — гісторыя дома.

Кабінет Марка Шагала. Як ён будзе выглядаць пасля рэстаўрацыі, пакуль таямніца.

Супрэматычная столь-свяцільня ў кабінеце Малевіча.

— Я чула, што музей адчыніць дзверы для наведвальнікаў да «Славянскага базару». Але ж, як я бачу, тут яшчэ даволі шмат працы...

— 24 чэрвеня, на Дзень горада, будзе афіцыйнае адкрыццё новай вуліцы. Урачыста адкрыюць памятную дошку ў гонар Марка Шагала. Рыхтуецца вялізны перформанс. У прыватнасці, Віцебскі маладзёжны тэатр «Кола» пакажа спектакль у аконных рамах будучага музея мастацкага вучылішча. Публіка будзе назіраць з вуліцы за тым, як па чарзе будуць загарацца загадзя дэкарыраваныя вокны: у іх разыгрываюцца кароткія сцэны. Вядома, будзе шмат гасцей. Прыедуць мэры гарадоў-пабрацімаў. Мы зладзім для іх экскурсію па гэтым будынку ў тым стане, у якім ён будзе. У нашага мэра такая пазіцыя — ніякай паказухі. Бо спешка тут недапушчальная, яна да дабра не давядзе. Цалкам завяршыць рэканструкцыю дома №5 мы зможам не раней чым праз паўгода, гэта пры ідэальных абставінах, бо толькі на мантаж і тэставанне абсталявання патрэбна 2 месяцы.

Калі падымецеся па лесвіцы на другі паверх, убачыце трое дзвярэй. Яны вядуць у пакойчыкі Малевіча, Ермалаева і Лісіцкага.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.