Вы тут

Cвятлана Дзянісава. «Шалёныя мігрэні ў мяне тры дні зрабавалі»


Гамеапатычны падыход у раскрыцці невядомых рыс асобы Элізы Ажэшкі


Як сказаў у адным сваім дакладзе амерыканскі літаратар-славіст, прафесар Каліфарнійскага ўніверсітэта Дэніел Ранкур-Лафер’ер, хто-небудзь калі-небудзь наважыцца напісаць псіхалагічную біяграфію Талстога, але гэта зробіць не ён, таму што стварэнню сапраўднай — псіхалагічнай! — біяграфіі Талстога трэба прысвяціць усё жыццё, а ён такім запасам часу не валодае. А хто валодае?

Размова — і ў прыведзенай цытаце, і ў гэтым артыкуле — не толькі пра тое, што звычайныя, «акадэмічныя» біяграфіі вядомых персон з’яўляюцца часам справай «неабдымнай», але і пра тое, што «на выхадзе» яны аказваюцца аднабокімі, часам перакрыўленымі, у нечым надуманымі і ўжо дакладна пазбаўленымі той глыбіні, якую маглі б мець, калі б уяўлялі сабой біяграфіі іншага кшталту — збудаваныя на падмурку ўнутраным, псіхалагічным (а нават і псіхафізіялагічным), а не толькі на фактах жыцця і аспектах творчасці.

Пачнём, як ужо зразумела, здалёк. Уявіце сабе, што ў вас ёсць ідэя стварыць біяграфічны раман на падставе багатага дакументальнага матэрыялу. Вы ўжо прачыталі кілаграмы тамоў, якія ўтрымліваюць кіламетры лістоў, адпраўленых некалі вашым героем яго сучаснікам і атрыманых ім ад іх. Вы ўжо дастаткова натхніліся тым, што было зроблена гэтай асобай на працягу жыцця, несумненна, вартага ўвагі і ўвогуле вартага. Вы ведаеце як звалі яго жонку і сабаку і кім сталі яго дзеці (і ўжо стаміліся абурацца тым бясспрэчна відавочным — хоць і неверагодным — фактам, што легендарныя асобы мінулага часцей за ўсё цікавяць каго заўгодна, нават такіх як вы, але чамусьці амаль ніколі не цікавяць іх уласных родных). І вось вы нарэшце наважваецеся пачаць. Магчыма, успамінаеце сябра ўсіх авантурных пісьменнікаў Караткевіча і яго бессмяротны выраз пра цнатлівы ліст паперы, які чакае першага пацалунка пяра. Тады вы рашаеце: «Далоў клавіятуру» — і выпраўляецеся ў краму, каб набыць самы цудоўны сшытак з усіх, якія трапляліся вам у жыцці, і такое ж цудоўнае «пёрка». Цяпер вы гатовы пісаць біяграфічны раман? Можаце пачынаць?

Уявіце сабе, што вы пачалі. Але, з’яўляючыся чалавекам уражлівым (іначай вы не пісьменнік) і ўдумлівым (іначай вы ніякі не даследчык біяграфій), вы хутка спатыкнецеся. Дакладней, спатыкнецца ваша «пёрка». Напрыклад, на тым месцы, дзе вам захочацца апісаць сняданак вашага героя. Быў бы ён вамі прыдуманым, вы б смела пачаставалі яго тым, чым бы вам захацелася. Але ваш герой — рэальная персона. Толькі вось бяда: вы неяк не змаглі ніадкуль даведацца, што ён любіў — гарбату ці каву? Вы прачыталі ўсе існуючыя дакументы, але ў іх такія дробязі не ўтрымліваюцца. Для вас жа як для аўтара хоць і мастацкай, але біяграфіі, хіба гэта дробязь? Аўтары біяграфічных раманаў па ўсім свеце толькі таму не акцэнтуюць увагу на некаторых момантах жыцця сваіх герояў, што проста не ведаюць гэтых момантаў. Або выдумляюць іх. Пішуць, напрыклад, як любуецца герой узыходам сонца і радуецца новаму дню. І ні на хвілінку не агортвае іх сумненне: а ці прачынаўся калі іх герой на світанні? А раптам узыходзячае сонца было пакутным для яго з прычыны парушэння здароўя? Пішуць, як рашуча і чаканна дэкламаваліся ім вершы, а ці так гэта было? Мо ён, наадварот, саромеўся, картавіў, заікаўся, глытаў кавалкі слоў і нічога не мог з сабой зрабіць…

Ідэя апісанага тут даследавання ўзнікла ад жадання стварыць жыццяпіс рэальнай гістарычнай асобы, які, няхай сабе і ўвасобіўшыся ў мастацкую форму, быў бы пазбаўлены аўтарскіх прыдумак, хоць яны і з'яўляюцца дапушчальнымі нават для дакументальнай прозы.

Пазбавіць біяграфічны тэкст хібаў кшталту «дамысліванняў» магчыма пры ўмове наяўнасці ў даследчыцкім арсенале інфармацыі настолькі вычарпальнай, наколькі гэта ўвогуле рэальна пры задзейнічанні абсалютна ўсіх сродкаў і метадаў, уключаючы і методыкі псіхааналізу, якімі карыстаюцца ў стварэнні партрэтаў даследуемых персон і згаданы ў першым абзацы Ранкур-Лафер’ер, і іншыя літаратары-навукоўцы. Набліжаючыся да тэмы, акрэсленай у загалоўку, — прынамсі да асобы Элізы Ажэшкі, — зазначым, што польская даследчыца літаратуры прафесар Данута Данэк (у полі інтарэсаў якой знаходзіцца і лёс нашай пані Элізы) спрабуе для стварэння псіхалагічных партрэтаў вядомых пісьменнікаў мінулага задзейнічаць аналіз фабул, метафар і вобразаў, выкарыстаных імі ў мастацкай творчасці, а таксама ўражанняў і рэмінісцэнцый, якімі спярэшчаны іх аўтабіяграфічныя тэксты. Якраз Данута Данэк у сваіх працах і наракае на неаб’ектыўнасць даследчыкаў, якія «ўводзяць у зман чытачоў, скажаючы вобраз пісьменніка». Элізу Ажэшка яна «пасадзіла» на кушэтку доктара Фрэйда, ператварыўшы пісьменніцу ў пацыентку і такім чынам зрабіўшы спробу тлумачэння яе хранічнай меланхоліі акалічнасцямі дзяцінства — стратай бацькі і старэйшай сястры, дэспатычнасцю маці, працяглым расстаннем з домам, а ў дадатак — наступствамі ранняга неабдуманага замужжа і непадзеленага кахання.

Данута Данэк «вадзіла» пані Элізу да псіхааналітыка, а мы «запішам» яе на прыём да ўрача-гамеапата. Прычына і мэта такога дзеяння можа падацца незразумелай для тых, хто не знаёмы блізка з сутнасцю гамеапатыі, таму паведамім тут коратка і вобразна і прычыну, і мэту звароту, і сутнасць гамеапатыі адначасова — у той ступені, якая спатрэбіцца для разумення далейшага расповеду.

Гамеапатыя як медыцынскі напрамак адрозніваецца ад алапатыі («традыцыйнай медыцыны») тым, што яе сродкі ўздзейнічаюць на хворага, а не на хваробу1. З таго, што становіцца вядомым урачу падчас размовы з пацыентам, складаецца пэўны вобраз хворага, які выводзіць урача на вызначэнне канстытуцыйнага тыпу асобы і адпаведнага — канстытуцыйнага — прэпарата. Канстытуцыйным тыпам у гамеапатыі прынята лічыць спосаб фізіялагічнай і псіхалагічнай арганізацыі біялагічнага аб’екта, якая робіць яго звышадчувальным да некаторых рэчываў — прынамсі, здольным спецыфічна рэагаваць на лекавыя сродкі ў звышмалых дозах у выніку ўзнікнення паталагічных станаў. Канстытуцыйным тыпам прынята даваць лацінскія назвы ў адпаведнасці з назвамі гэтых найбольш «характэрных» гамеапатычных прэпаратаў, якія, у сваю чаргу, носяць назву канстытуцыйныя прэпараты. Трэба адзначыць, што стаўленне з боку саміх урачоў-гамеапатаў да вызначэння канстытуцыйных тыпаў далёка не адназначнае, гэта засведчана ў шматлікіх працах вопытных даследчыкаў. Як піша Кэтрын Култэр у «Партрэтах гамеапатычных прэпаратаў», Silicea не абавязкова мерзне, а Sepia можа выпраменьваць жыццярадаснасць і весялосць, Natrum muriaticum можа і не любіць соль, а Arsenicum album — ніяк не хвалявацца наконт свайго здароўя. Але паколькі штодзённая практыка гамеапатыі сваімі эфектыўнымі вынікамі ўпарта дэманструе слушнасць такога падыходу і паколькі самі практыкуючыя ўрачы-гамеапаты ва ўсім свеце шырока карыстаюцца дадзенымі катэгорыямі, мы кіруемся тут гэтым шляхам.

 

1 Пра тое, што яны яшчэ і выбіраюцца паводле прынцыпаў «малых доз» і «падабенства ад адваротнага» (напрыклад, калі цыбульны сок выклікае ў чалавека слёзацячэнне і нешта накшталт насмарку, прымушаючы нагадваць сабою хворага ў першыя дні вострай рэспіраторнай інфекцыі, дык у выпадку наяўнасці такой інфекцыі лячыцца трэба якраз «цыбульным сокам» — прэпаратам Alium cepa, які створаны на яго аснове і ўтрымлівае ад яго літаральна «сляды»), гаворка тут не вядзецца. Але адзначым, што іранізаваць над такім метадам лячэння (як гэта робяць некаторыя) не варта: хвароба ў гамеапатыі — гэта не сведчанне пашкоджання здароўя (як у алапатыі), а спосаб яго ўзнаўлення, які патрабуе ўздзеяння на арганізм «прычыннага» рэчыва ў малой колькасці па той прычыне, што пры хваробе мяняецца лабільнасць тканак, у іх узнікае мясцовае «перанапружанне», якое праяўляецца парушэннем функцый і характарызуецца тым, што моцныя раздражняльнікі не ўспрымаюцца ніяк, а ўспрымаюцца толькі слабыя і спецыфічныя.

 

Варта даць некаторыя тлумачэнні адносна розніцы паміж гамеапатыяй і псіхааналізам. Першая ставіцца да індывідуальных рыс чалавека як да праяў яго канстытуцыі, якая ёсць сукупнасць асаблівасцей, устойлівых ад нараджэння, то бок, абумоўленых генетычна, у той час як псіхааналіз засяроджвае ўвагу на сукупнасці душэўных працэсаў і іх матывацый. Паспрабуем сказаць прасцей: псіхааналіз выяўляе сімптомы, накіраваныя на прыняцце рашэнняў (не абавязкова правільных), а ў гамеапатыі сімптомы з’яўляюцца арыенцірамі ў выбары шляхоў паляпшэння здароўя (у тым ліку і псіхалагічнага).

З усяго сказанага вынікае практычная думка: чаму б не распавесці гамеапату пра вядомыя нам сёння адметнасці Элізы Ажэшкі (яе псіхічны стан, скаргі на фізічныя недамаганні, выказаныя перажыванні, акалічнасці жыцця і творчасці) з тым каб праз іх вызначыць яе канстытуцыйны тып, а з яго даведацца пра тое, чаго зусім не ведаем (канстытуцыйныя асаблівасці, фізічныя адметнасці, рысы характару, тэмперамент, прынцыпы, закладзеныя ў паводзіны, перавагі, патрэбы, густы, звычкі, схільнасці, асаблівасці іншага кшталту)?

Ідэя «ўбачыць на свае вочы» аб’ект даследавання, які жыў дзясяткі або сотні гадоў таму, зрабіць яго «жывым суразмоўцам» урача «на прыёме» ў гамеапатычнай клініцы і рэальнай персонай для складальніка біяграфій здаецца ўтапічнай, але толькі на першы пагляд. Такім чынам, Эліза Ажэшка трапляе на прыём да ўрача-гамеапата. Аnamnesis vitae i anamnesis morbi (гісторыю жыцця і гісторыю хваробы) збірае практыкуючы ўрач-гамеапат Таццяна Аляксеева (Мінск).

У анамнезах пазначаюцца:

1) факты біяграфіі, у тым ліку перададзеныя праз успаміны і дзённікавыя запісы самой пацыенткі (найбольш аб’ектыўная інфармацыя);

2) звесткі, атрыманыя з лістоў (таксама досыць аб’ектыўная інфармацыя, хоць і мае больш элементаў суб’ектыўнасці — у паспешлівых меркаваннях пацыенткі (якія яна часам сама ў наступных лістах абвяргае) і ў іх успрыманні чытачом-даследчыкам);

3) уражанні, складзеныя пасля прачытання публіцыстычных твораў (прынятыя за адлюстраванне пацыенткай яе жыццёвай пазіцыі);

4) уражанні, складзеныя пасля прачытання мастацкіх твораў (найбольш суб’ектыўная інфармацыя, без якой, аднак, агульны анамнез нельга было б лічыць поўным (наколькі гэта магчыма ў завочным даследаванні));

5) скаргі пацыенткі на фізічны і псіхічны дыскамфорт (атрыманыя з крыніц, названых у пунктах 1 і 2).

Герхард Кёлер у працы пад назвай «Гамеапатыя» адзначае, наколькі па-рознаму ў залежнасці ад «ступені адукаванасці і інтэлігентнасці» людзі, што трапілі на прыём да гамеапата, тлумачаць свае адчуванні. Асобы «простыя» апісваюць іх яскрава, выкарыстоўваючы маляўнічыя параўнанні кшталту «пячэ як агнём», «быццам іголкай коле», «як маланка бліснула». Інтэлектуалы — наадварот, саромеюцца такіх падрабязных апісанняў і «манернічаюць». А «звышінфармаваныя напаўпісьменныя ў медыцынскіх пытанях» пацыенты з’яўляюцца перад урачом з ужо гатовымі дыягназамі, якія самі ж сабе і паставілі. У другім і трэцім выпадках найпершая задача гамеапата — карэктна перавесці пацыента ў стан «непісьменнасці», папрасіць расказваць пра адчуванні простымі словамі, без выкарыстання якіх бы там ні было ведаў.

Можна меркаваць, што Эліза Ажэшка была б для ўрача-гамеапата ўзорным пацыентам, і гэта быў бы ідэальны выпадак у гамеапатычнай практыцы: простай мовай, вобразнымі параўнаннямі, без мудрагельства гаворыць чалавек адукаваны, высокаінтэлектуальны, выхаваны праз лепшыя ўзоры еўрапейскай філасофскай думкі. Бо што б ні адзначала Эліза Ажэшка, усё — праз вобразы, параўнанні, ацэначныя катэгорыі. «У нас тут цесна, як у абцугах», — піша яна пра дом у Мількаўшчыне Юзафу Сікорскаму. «Гады, як пацеркі, прабегліся па нітцы, часцей чорнай, чым чырвонай», — адзначае ва «Успамінах». «Мяркую, што з’яўляюся шчыглом, але такім, які мае спеў ладны і патрэбны ў гэтым крылатым хоры, што нагадвае людзям крылы і сферы, вышэйшыя за зямныя падолы і багны», — чытаем у «Аўтабіяграфіі ў лістах».

Свае фізічныя адчуванні яна таксама апісвае адмыслова: «Шалёныя мігрэні ў мяне тры дні зрабавалі», — скардзіцца Юзэфе Савіцкай.

«Індывідуальныя асаблівасці людзей найбольш праяўляюцца ў іх разумова-псіхічнай сферы», — піша доктар Кёлер. У гамеапатыі ж галоўнае — менавіта ўлік індывідуальнасцей. Гамеапат малюе партрэт свайго пацыента, пры гэтым фізічнае не аддзяляецца ад псіхічнага і ўзаемадзейнічае з эмацыянальным.

Значыцца, калі б на пацыентку Элізу Ажэшка была заведзена картка ў гамеапатычнай клініцы, у ёй было б пазначана наступнае:

назіральнасць, вобразнасць мыслення, дасціпнасць; актыўнасць і прадпрымальнасць, патрэба ў давядзенні пачатага да завяршэння; самаахвярнасць, імпульсіўнасць меркаванняў з наступным шкадаваннем, удзячнасць, клопат аб людзях, патрэба ў прыязных размовах і прысутнасці побач блізкага па духу чалавека, моцная прывязанасць да пэўных асоб; патрэба ў станоўчай ацэнцы творчасці і сяброўскай парадзе, моцная прага пісьменніцкай працы, вялікая любоў да чытання; добрае самаадчуванне ў вёсцы і нецярпенне гарадскога тлуму, шуму і бруду, любоў да прыроды, інтарэс да батанікі, веданне псіхалогіі людзей, асаблівая ўвага да птушак; захапленне рукадзеллем, любоў да стужак і карункаў у адзенні; жаданне рабіць падарункі; адчуванне адзіноты, непрыязнасць да жыцця, плаксівасць, скаргі на цяжар у сэрцы і невыносны смутак — часта знешне беспадстаўны або выкліканы цішынёй, гукамі музычных інструментаў, храмавым звонам, боем гадзінніка, крыкамі мужыкоў у полі; адышка, слабасць сэрца.

Развагі гамеапата Таццяны Аляксеевай прывялі яе да наступных высноў:

Па канстытуцыі, сыходзячы з прадастаўленых звестак, гераіня даследавання найбольш блізкая да тыпу Natrum muriaticum. Гэта канстытуцыя людзей, якія не з’яўляюцца моцнымі фізічна. У псіхічным і псіхалагічным плане гэта людзі, якія вельмі цэняць стасункі з іншымі і пакутуюць ад іх разрываў (Natrum muriaticum — прэпарат хранічнага гора), калі здараецца ім пакахаць, то застаюцца адналюбамі.

Любяць соль (часцей за ўсё) і ўсё салёнае. Не любяць хлеб. У большасці інтэлігентныя, тактоўныя. Худыя (поўныя сустракаюцца радзей).

Алергіі, герпетычныя высыпанні і захворванні скуры ўвогуле — характэрныя. Магчыма выпадзенне валасоў. Сухасць скуры. Павышаная смага. Галаўныя болі — вельмі характэрныя. Магчымы катары і бранхіяльная астма. Анемія — магчыма. Дрэннае самаадчуванне пасля 11 гадзіны раніцы. Часцей любяць гарбату, каву — наўрад ці. Могуць пакутаваць ад хваробы вачэй: слёзацячэнне, блефарыт, неўралгія вейкавага нерва, слабасць мышц вачэй. Іншыя магчымыя дыягназы і станы: пякотка і гастрыт, дыябет, бясплоддзе, хваробы сэрца з сардэчнай недастатковасцю і ацёкам лёгкіх, зоб, падагра, параліч трайнічнага нерва, варыкознае расшырэнне вен, галавакружэнні. 

На галаўныя болі Эліза Ажэшка скардзілася, як ведаем з яе лістоў і ўспамінаў, даволі часта. Гэтаксама як і на дрэннае самаадчуванне раніцай, нежаданне пачынаць новы дзень. Памятаем таксама яе занепакоенасць зрокам: то яна не можа пісаць, то паведамляе аптымістычна адрасату, што «акуляры ўжо закінула ў кут». Наконт «калі здараецца ім пакахаць, то застаюцца адналюбамі»: на першы пагляд быццам няслушна, улічваючы колькасць сімпатый, пачынаючы ад Пятра Ажэшкі, у якім «не было нічога, што магло б выклікаць непрыязнасць у такой пустой і легкадумнай паненкі», якой Эліза была ў свае шаснаццаць, перад першым шлюбам, і далей — Зыгмунд Свінціцкі, Станіслаў Нагорскі, Францішак Гадлеўскі, Тадэвуш Бохвіц. Іх пералічваюць звычайна ў звязцы з думкай, што Эліза Ажэшка мела шчодрае на каханне сэрца. Але варта дазволіць сабе з гэтым не пагадзіцца. Чытаючы яе «Дні» — «кніжку вельмі асабістых, найтаемнейшых нататак», пісаных для сябе, а не для іншых, разумееш згаданыя «прывязанасці» іначай. У адным нататніку, на адных старонках, у суседніх радках яна канстатуе сваё сардэчнае імкненне да Гадлеўскага, звяртаецца з гэтай бядой да памерлага Нагорскага і вядзе размову з Богам. Каб атрымаць некаторае тлумачэнне гэтай душэўнай з’яве, а таксама некаторыя характарыстыкі тыпу Natrum muriaticum, звернемся да кнігі Кэтрын Култэр «Партрэты гамеапатычных прэпаратаў».

Падзелім інфармацыю на дзве часткі — вядомыя характарыстыкі нашай гераіні (збіраем, такім чынам, пацвярджэнні слушнасці здагадкі ўрача-гамеапата наконт канстытуцыйнага тыпу) і тое, што характарызуе тып Natrum muriaticum дадаткова (тое, праз што магчыма пашырыць веды пра асобу пісьменніцы з мэтай дапаўнення ўжо існуючага партрэта). Найбольш зручная форма падачы такой інфармацыі — дзве калонкі.

 

Характарыстыкі тыпу Natrum muriaticum, заўважаныя ў Элізы Ажэшкі

Характарыстыкі тыпу Natrum muriaticum, якія можна выкарыстоўваць пры стварэнні больш поўнага партрэта асобы

Можа з задавальненнем гадзінамі сядзець у сваім пакоі або працаваць у адзіноце.

(Пацвярджаецца лістамі.)

Ходзіць хутка, не гледзячы па баках, хадою чалавека, які ведае, куды яму трэба ісці, з мэтай трапіць у патрэбнае месца хутка і без затрымкі; шыя выцягнута наперад.

Любіць аналізаваць чалавечую натуру, імкнецца зразумець, як «працуюць» дух і свядомасць.

(Пацвярджаецца мастацкімі творамі.)

Можа адчувацца недахоп прыроднай элегантнасці і свабоды. Нязграбнасць паходкі, рухаў. Або ступае цяжка, напіраючы на абцасы, або шаркае нагамі, хістаючыся на хаду, або крочыць нерашуча, цела пры гэтым нахіляецца наперад, а рукі «малоцяць паветра» ці прыціснуты да тулава.

Якую б сферу дзейнасці ні абраў, паўсюль праяўляе высокую грамадскую свядомасць і любоў да чалавека.

(Пацвярджаецца грамадскай дзейнасцю.)

Збівае рэчы на хаду, пралівае вадкасці, рассыпае прадукты, спатыкаецца аб парог, чапляецца за дыван і рог стала, раніць рукі, калі абірае гародніну, выпускае з рук прадметы.

Дэманструе вялікую здольнасць пакутаваць за іншых. Калі не мае асабістых прычын для пакут, атаясамлівае сябе з прыгнечанай і непрызнанай часткай чалавецтва або культывуе ў сабе апантанасць гістарычнымі пакутамі сваёй нацыі.

(Творчасць, рэвалюцыйная настроенасць і грамадская дзейнасць, пачынаючы ад дапамогі пагарэлым гарадзенцам і завяршаючы нелегальным адкрыццём польскамоўных школак і спробамі наладзіць дзейнасць віленскай друкарні.)

Нават пры ўменні ясна фармуляваць свае думкі можа мець складанасці, выказваючы іх уголас. Гаворыць несвабодна, дыкцыя можа быць дрэннай.

Праца з мэтай надаць узвышаны характар сваёй бядзе і пераадолець боль успамінаў.

(Тут праглядваецца паралель і з успамінамі пра ўдзел у падзеях 1863 года, і, з іншага боку, з дзённікам Элізы Ажэшкі, які яна пачала весці пасля смерці Станіслава Нагорскага, другога мужа.)

Часам суразмоўца можа фізічна адчуць цяжар праблем чалавека гэтага тыпу, якія накладаюць адбітак і на твар, і на манеру трымацца: глыбокія зморшчыны ідуць ад крылаў носа да куткоў рота, погляд апушчаны або вінаваты, звычка сядзець са скрыжаванымі, прыціснутымі да грудзей рукамі.

Дапамагае іншым дасягаць здароўя і шчасця, якіх, магчыма, сам ніколі не адчуваў.

(Тут вельмі ярка — падрыхтоўка вясельнага падарунка для Францішка Гадлеўскага, чалавека, да якога мела высокае пачуццё, і яго нявесты.)

Пры размове пра ідэалы і надзеі вочы запальваюцца, зморшчынкі знікаюць, з’яўляецца знешне вельмі заўважнае ўнутранае свячэнне.

 

Несуцяшальны, няздольны забыць пра душэўныя раны, пастаянна культывуе траўміруючыя ўспаміны.

Доўга не можа мірыцца са смерцю любімага чалавека..

(Эліза Ажэшка не толькі не дае спакою сабе з-за жалобы па Станіславу Нагорскім, але смуткуе з прычыны смерці бацькі, якога амаль не ведала. Ёй таксама балюча ўспамінаць пра памерлую сястру.)

Прывязанасць да жывёл (як да аб’ектаў, якія не ўяўляюць небяспекі, не пойдуць супраць гаспадара, не здрадзяць).

 

Рэдка хваліцца, хутчэй недаацэньвае свае дасягненні. Лягчэй прасоўвае нечую справу, чым сваю. Калі славалюбівы, то славалюбівы без шуму.

Не вельмі звяртае ўвагу на мэблю, шпалеры і іншыя прадметы аздаблення жытла, лічачы гэта другасным, не вартым першачарговай увагі.

З-за высокай маральнасці вымушаны накладаць абмежаванні на сябе ў адносінах да ежы, вопраткі, абстаноўкі.

Адклікаючыся на ўсё высакароднае і ўзвышанае, слухае класічную музыку і чытае высокую літаратуру ў неадпаведнай абстаноўцы, адмаўляючы сабе ў навядзенні парадку навокал.

«Слязлівая дэпрэсія», вялікая схільнасць да плачу, але пасля працяглых гераічных стрымліванняў.

Здараецца кароткі нервовы смех над нечым нясмешным, усмешка пры апісанні сумных падзей. Гэта прыкмета запрыгоненага ўнутрана чалавека. Здараецца таксама гучны рогат — як элемент дыскамфорту, калі размова ідзе пра нейкае балючае пытанне ў «гумарыстычным ключы» (прыкмета прыгнечаных эмоцый).

Гора, якое ён сабе прыносіць, выяўляецца ў пастаянным мусіраванні перажыванняў ці ва ўпартым вяртанні да непадзеленага пачуцця.

(Тут успомнім запісы ў дзённіку «Дні» — звароты да памерлага Станіслава Нагорскага і пакуты з-за Францішка Гадлеўскага.)

Віну прызнае хутчэй не словамі (папрасіць прабачэння гэтаму тыпу складана), а «выпраўляльнымі» дзеяннямі.

 

Нават у выпадку «падзеленага кахання» можа паставіць сябе ў такія ўмовы, якія зробяць асабістую трагедыю непазбежнай. Верагодна, справа тут у выбары аб’екта кахання — ён ажыццяўляецца ў падсвядомым страху перад каханнем.

(Згадаем тут Зыгмунда Свінціцкага, які не пажадаў застацца ў Гродне дзеля кар’еры ўрача; Станіслава Нагорскага, які доўгі час іх знаёмства быў жанаты; Францішка Гадлеўскага, маладзейшага на два дзясяткі гадоў.)

Вельмі любіць шакалад і соль. Калі смажаную бульбу, то вельмі салёную.

Апраўдваецца, выбачаецца і тлумачыць занадта шмат, чым ставіць сябе ў яшчэ больш няёмкае становішча, пра што ведае, але нічога з гэтым не можа зрабіць.

(Доказы — у шматлікіх лістах, частка якіх менавіта з-за гэтай рысы ў выніку выглядае як аўтабіяграфія.)

Жанчына гэтага тыпу можа паўгадзіны ўладкоўваць заколку ў прычоску, вельмі патрабавальна ставіцца да спалучэння колераў у адзенні, але пры гэтым не звяртаць увагі на строй у цэлым.

 

Галаўныя болі раніцай і ўдзень, нежаданне пачынаць новы дзень, дрэнны настрой у пачатку дня.

(Такія скаргі — нярэдкія запісы ў дзённіку «Дні».)

Вельмі часта выбірае прыглушаныя, няяркія адценні колераў: сінія, шэрыя, карычневыя і іншыя «зямлістыя» фарбы. Можа быць ярка выражана схільнасць да пурпурнага колеру.

Сонечнае цяпло — не на карысць: агульнае самаадчуванне псуецца, узнікаюць галаўныя болі.

(Успомнім, з якім яскравым акцэнтам апісваюцца Элізай Ажэшка гарачыя дні ў Гродне.)

Могуць здарацца ўспышкі нечаканага гневу, часта з-за спрэчак па нязначных пытаннях. Сур’ёзныя выпадкі апраўданага гневу таксама характэрныя.

 

Нашмат часцей, чым у іншых тыпаў, усталёўваецца слабы кантакт з адным або абодвума бацькамі, што выклікае крыўды або пачуццё вінаватасці.

(Эліза Ажэшка не разумее і не прымае душой сваю маці, пра што піша ва ўспамінах.)

Можа не сказаць нічога адкрыта, але маўклівае неадабрэнне прачытаецца на твары. Няздольнасць прыкідвацца можа прыносіць вялікія непрыемнасці.

 

Ні «корпанне» ва ўласных праблемах, ні забавы, ні захапленні, ні новыя кампаніі не дапамагаюць пазбавіцца адчування абяздоленасці, дапамагае — абстрактная любоў да чалавецтва.

 

Праца з мэтай надаць узвышаны характар сваёй бядзе і пераадолець боль успамінаў.

(Тут праглядваецца паралель і з успамінамі пра ўдзел у падзеях 1863 года, і, з іншага боку, з дзённікам Элізы Ажэшкі, які яна пачала весці пасля смерці Станіслава Нагорскага, другога мужа.)

 

Нягледзячы на свае дасягненні ў працы, часта адчувае, што пацярпеў у жыцці няўдачу; стомлены доўгім шляхам да поспеху і расчараваны, не атрымаўшы прызнання заслуг.

(Маем тут на ўвазе няўпэўненасць пісьменніцы ў вартасці сваіх прац, высокія ацэнкі самой пісьменніцай тэкстаў яе калег у суправаджэнні светлай зайздрасці з яе боку і той факт, што, будучы двойчы намініріванай на Нобелеўскую прэмію, Эліза Ажэшка яе так і не атрымала.)

 

 

Ці ведалі мы пра Элізу Ажэшка тое, што напісана ў калонцы справа? Ці можам мы гэтымі фактамі карыстацца? Мяркую, патрабуюцца новыя даследаванні, якія будуць даказваць або абвяргаць тое, пра што «гаворыць» нам канстытуцыйны тып. Што да аўтарскай спробы ўбачыць Элізу Ажэшка як сваю сучасніцу, то яна бадай што ўдалася. Кабета з вытанчанымі манерамі, але не «манерная» — яе манеры ёй пасуюць, арганічна ў яе «ўжыўлены» і нікога не раздражняюць, а наадварот — выклікаюць замілаванне, бо сведчаць пра непасрэднасць, прыродную, а не штучную экспрэсіўнасць і часам чыста дзіцячую разгубленасць. Апошняя магла здарацца ў прысутнасці вялікай колькасці невядомых асоб або тады, калі Эліза вымушана была стаць цэнтрам агульнай увагі. Яна дакладна павінна была рэпеціраваць свае выхады з заклікамі да незнаёмых людзей, каб пасля не губляцца. Яна мо і не чырванела ад хвалявання, але стук яе сэрца, як ёй здавалася, мог заглушыць любыя словы. У прыязных кампаніях або сярод блізкіх людзей яе прамовы ліліся, як жаўруковая песенька, а перад малазнаёмымі ці не настроенымі прыязна асобамі часцей дэманстравалася невыразнасць дыкцыі і паспешлівасць вымаўлення. Яна гаварыла, як ішла — хутка і «не гледзячы па баках», не звяртаючы ўвагі на тое, што адбываецца навокал: з-за апантанасці ў адных выпадках, а ў іншых — з прычыны няўпэўненасці ў сабе. Гэтая ж няўпэўненасць спараджала няёмкасць, якая знешне магла праяўляцца ў нязграбнасці рухаў і дзеянняў. Так, яна магла б нешта разліць, рассыпаць, перакуліць, але толькі ў выпадку, калі ведала, што за яе рухамі назіраюць з мэтай ацэнкі. Сама з сабой яна была больш упэўненай і таму досыць зграбнай. Прынамсі, наўрад ці калі рассыпала «без дай прычыны» пясок, у якім засушвала пялёсткі і травінкі для гербарыя, або разлівала атрамант ці ўпускала на падлогу кнігу або пёрка — тут яна адчувала сябе рыбінай у вадзе.

Як шмат якія бессямейныя жанчыны, яна была, мяркую, вельмі цікаўнай да спраў іншых жанчын і сямейных пар, магла сачыць за імі ў паўвока. Але не зайздросціла. Такая праява не была ёй уласцівай увогуле, як не ўласцівая яна многім людзям з дэфіцытам пачуцця ўласнай значнасці. Праявы чужога шчасця яе замілоўвалі, праз іх яна адчувала шчаслівай і сябе. Увогуле ж, сваё шчасце яна бачыла ў працы як працэсе і яго карысных выніках. Уласныя поспехі не ўздымалі яе над іншымі людзьмі, а толькі ўраўнівалі яе з імі, толькі служылі ёй доказам, што і яна нечага вартая. Адсюль нараджалася ўдзячнасць — да жыцця, і людзей, і Бога, і выбранай справы. І толькі гэта давала задзелы на новыя поспехі.

Яна, мяркую, добра ведала адрасы не толькі рэдакцый і выдавецтваў, але і месцаў, дзе рамантавалі абутак. Яе звычка ступаць цяжка, з націскам на абцасы, або цягнуць ногі, асабліва ў канцы доўгага шпацыру, вельмі блізкая аўтарцы гэтага тэксту. Але пакуль не пра тое. Як гэтую звычку даказаць? Ці ацалела хоць пара абутку нашай пані Элізы і дзе яе можна шукаць?.. Гэтыя радкі я дапісваю пасля інтэрв’ю з прафесарам Святланай Мусіенка, якая згадала, што паводле ўспамінаў сучаснікаў любімым колерам пісьменніцы (прынамсі, колерам яе сукенкі на 50-гадовым юбілеі) быў ліловы, а кветкі, самыя распаўсюджаныя ў гербарыях, аформленых яе рукамі, — фіялкі. Паміж пурпурным колерам, пра які гаворыцца ў кнізе Кэтрын Култэр як пра любімы колер канстытуцыйнага тыпу Natrum muriaticum, і колерам ліловым, а таксама колерам верхніх пялёсткаў фіялкі трыкалор — ці вялікая розніца?..

Маленькае папярэджанне. Апантанасць некаторых даследчыкаў біяграфій гістарычных персон стварае часам вельмі істотную перашкоду аб’ектыўнасці і спрыяе «суб’ектывізму»: якасці аб’екта даследавання могуць несвядома дапаўняцца якасцямі самога даследчыка. Пазбегнуць такой экстрапаляцыі даволі цяжка. Ведаючы гэты факт і арыентуючыся на вынікі прадстаўленага эксперымента, можна выказаць наступнае меркаванне: калі апісаны метад будзе калі-небудзь прыняты як слушны, найбольш аб’ектыўныя біяграфіі мусяць выходзіць з-пад клавіятур аўтараў — носьбітаў аднайменных канстытуцыйных тыпаў.

Што яшчэ? Гэты артукул быў напісаны з нагоды 175-га дня нараджэння Элізы Ажэшкі, калі верыць распаўсюджанай думцы, што яна нарадзілася ў 1841 годзе. Калі ж прытрымлівацца не менш распаўсюджанай думкі, што год яе нараджэння — 1842-гі, то да юбілейнай даты можна яшчэ паспець напісаць біяграфію.

 

Спіс літаратуры:

1. Barbara Olech. Samotność wśród ludzi. O «Dniach» Elizy Orzeszkowej / Творчество Элизы Ожешко в эстетическом пространстве современности. Сборник научных работ. — ГрГУ им. Я. Купалы, 2011. — С. 154—164.

2. Danuta Danek. Śmierć wewnętrzna. Literatura w świetle doświadczenia psychoanalitycznego. — Gdańsk: Słowo/obraz terytoria, 2012. — 184 с.

3. Danuta Danek. Ponowne odkrycie nieznanego wielkiego pisarza. O Stanisławie Morawskim / Danuta Danek // Nauka. — 2013. — № 3. — С. 17—33.

4. Eliza Orzeszkowa. Listy zebrane. — Tom 4: Do literatów i ludzi nauki (pod redakcją Jana Baculewskiego z komentarzem Edmunda Jankowskiego). — 1958.

5. Кёлер Герхард. Гомеопатия. Смоленск: Гомеопатическая медицина. — 1997. — 600 с.

6. Култер Кэтрин Р. Портреты гомеопатических препаратов. Психосоматический анализ избранных конституциональных типов. Часть 2. — Москва: Гомеопатическая медицина, 2004. — 100 с.

7. Orzeszkowa, E. Dnie / E. Orzeszkowa; opr. I. Wiśniewska. — Warszawa: Wydawnictwo IBL, 2001.

8. Черных А. А. Диалектика гомеопатической конституции. — http://www.repertory.ru/repol/

9. https://pl.wikisource.org/wiki/Listy_Orzeszkowej_do_Jozefa_Sikorskiego

10. https://commons.wikimedia.org/wiki/File:PL_Eliza_Orzeszkowa_-_Wspomnienia.djvu

11. http://www.e-reading.by/bookreader.php/1034897/Orzeszkowa_-_Autobiografia_w_listach.html

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...