Вы тут

Сяброўства, выпрабаванае вайной


Літаратурная спадчына Васіля Віткі заслужана ўваходзіць у залатую скарбонку нацыянальнага прыгожага пісьменства. Асаблівыя дасягненні Цімоха Васільевіча ў дзіцячай літаратуры. Ён заснавальнік часопіса для дзяцей «Вясёлка», а прыдуманы ім персанаж Вася Вясёлкін, без якога не абыходзіцца ніводная справаздача гэтага выдання, стаў сапраўдным творчым брэндам і талісманам беларускай дзіцячай літаратуры.

За сваё доўгае творчае жыццё Васіль Вітка падтрымліваў цёплыя сяброўскія адносіны з многімі пісьменнікамі. Яго хросным бацькам і настаўнікам быў Міхась Лынькоў. Цімох Васільевіч сябраваў з Кузьмой Чорным, Іванам Мележам, Максімам Танкам, Янкам Брылём, Янкам Маўрам, Уладзімірам Дубоўкам, украінскім педагогам і пісьменнікам Васілём Сухамлінскім. Але, бадай, самыя цёплыя сяброўскія адносіны звязвалі яго з Лобанам.

Па-першае, іх родныя вёскі Еўлічы і Чаплічы Слуцкага раёна побач, па-другое, абодва нарадзіліся ў адзін 1911 год і нават у біяграфіях іх бацькоў шмат агульнага. У 1911 годзе, усяго праз некалькі месяцаў пасля нараджэння сына Васіль Крысько разам з сям’ёй у пошуках заробку паехаў у Сібір. У аўтабіяграфіі В. Вітка піша: «У 1912 г., калі мне споўніўся год ад роду, мы былі ўжо ў Омску. Тулячыся ў падсуседзях па чужых кутках, бацька карміў сям’ю тым, што, гнучы спіну на гарадскім рынку, падбіваў і латаў просты і грубы абутак людзей…» Хутка Васіля Максімавіча ўзялі ў армію, а яго жонка Марыя Міхайлаўна ў 1917 годзе з дзецьмі вярнулася ў родныя Еўлічы, куды неўзабаве пасля дэмабілізацыі прыехаў і муж.

Нешта падобнае адбылося і з бацькам Лобана. У аўтабіяграфічнай «Паэме майго маленства» пісьменнік сведчыць: «Бацьку давялося ў свет пайсці. Кім і дзе ён толькі не працаваў: і гарбаром, і мулярам, і стрэлачнікам, і кандуктарам... На задняй пляцоўцы таварнага эшалона аб’ездзіў Украіну, Сібір, Сямірэчча. Туляўся па начлежных дамах у Адэсе і Самары, мок на дажджах з рыбакамі Азоўя... А пад канец блуканняў пабыўся яшчэ і паслушнікам у Кіева-Пячэрскай лаўры. Нішто з пералічанага не стала яго лёсам. ІІацягнула на радзіму, у сваё сяло…»

А вось што ўзгадвае ён пра знаёмства з Віткам: «Летняй парою, ні то ў чэрвені, ні то ў ліпені І927 года да мяне прыйшоў хлопец з Еўліч, прыблізна майго ўзросту з бландзіністай, прывыклай прычоскай і блакітнымі вачамі. У той год я толькі пачынаў свае валасы драць уверх. Ён быў босы, у крэмавай вышыванай сарочцы, без шапкі і з дабраватым кійком у руках. Я ўжо ад Змітра Герасімовіча, які вучыўся ў Мінску ў педтэхнікуме, наслухаўся пра маладнякоўцаў, што ўсе яны ходзяць з палкамі і носяць беларускія вышываныя сарочкі. Таму, убачыўшы гэтакім гэтага еўліцкага хлопца, мне адразу падумалася, што ён або сам маладняковец або спрабуе пісаць. А калі ён запытаў зборнік Алеся Гаруна «Матчын дар», то я і зусім ўпэўніўся, што гэты хлопец мае прамое дачыненне да літаратуры. З вялікім задавальненнем я б яму даў пачытаць гэты зборнік, але ён быў у некага на руках. Хлопец пашкадаваў, што няма Гаруна, і ўзяў пайшоў сабе назад у свае Еўлічы. Я не ведаў, што хлопец яшчэ раз прыйдзе, я б сыскаў к яго прыходу гэту кнігу. А ён, счакаўшы дзён тры, зноў паказаўся на чапліцкім выгане.

— Маё прозвішча Крысько, Цімох Крысько. Жыву ў Еўлічах, вунь мая хата за поплавам на ўзгорку. Там у мяне маці, бацька, сёстры, браты. Можна, я буду прыходзіць па кніжкі? Ахвота чытаць. Добра вам, усё на месцы: і бібліятэка, і чытальня, і сямігодка. А ў Еўлічах нічога няма. Трэба ў горад, бліжэй да бібліятэк…»

Хлопцы рабілі першыя крокі ў літаратуры, а потым іх разлучыла вайна. Калі пачалося вызваленне Заходняй Беларусі, В. Вітку прызвалі ў дзеючую армію. У час Вялікай Айчыннай вайны ён быў рэдактарам масавых выданняў для акупіраваных раёнаў Беларусі, працаваў у рэдакцыях газеты «Савецкая Беларусь», сатырычных — «Партызанская дубінка», газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». У студзені 1944 года Цімох Васільевіч стаў адказным сакратаром новага часопіса «Беларусь». А ў гэты час Лобан пасля цяжкіх раненняў і лячэння ў шпіталях настаўнічаў у пасёлку Келераўка Паўночна-Казахстанскай вобласці. У газеце «Комсомольская правда» ён прачытаў артыкул за подпісам свайго сябра і, не надта спадзяючыся на адказ, напісаў у рэдакцыю з просьбай перадаць яму ліст. 17 мая 1943 года Лобан атрымаў бандэроль і ліст з Масквы. Вось што ён піша пра гэта ў дзённіку: «Якое шчасце! Марыя Маркаўна прынесла мне з пошты заказную бандэроль з беларускімі часопісамі. Колькі радасці! Я па дзесяць разоў перачытваю адзін і той жа твор. Але хто ж гэта даслаў? Няўжо Цімох? Мой дарагі Цімачка!

20 мая 1943 года.

Ліст ад Цімоха. Ён так напісаў, што я ледзьве разбіраю. Чапляюся як за саломінку. <…>

(Прызнацца, я таксама з цяжкасцю расчытваў гэты ліст і ўсё ж некалькі слоў мне не ўдалося расшыфраваць. — А. В.)

У канцы 1943 года Лобан прыязджае на падмаскоўную станцыю Сходня, каб аднавіць вучобу ў БДУ, а 11 студзеня 1944 года ў Маскве адбылася доўгачаканая сустрэча старых сяброў. Вось што ўзгадвае Мікола Паўлавіч: «Тыдняў праз два па прыездзе маім на Сходню я паехаў электрычкай у Маскву, каб сустрэцца з Цімахом. Адрас рэдакцыі часопіса «Беларусь» толькі што створанага, дзе ён працаваў адказным сакратаром, нейкім чынам трапіў у мае рукі, таму я не меў вялікага клопату сустрэць свайго сябра. Рэдакцыя змяшчалася на першым паверсе ў доме, які адным сваім вуглом выступаў на вуліцу Горкага і плошчу Пушкіна. Тады помнік Пушкіну стаяў яшчэ на Цвярскім бульвары, у самым яго пачатку. Язык прывёў мяне ў прасторны пакой з двума акнамі і трыма сталамі. З чатырох мужчын — хто сядзеў, хто стаяў — пазнаю аднаго, хто мне якраз і патрэбен, — Цімаха. Гэта быў мой шчаслівы дзень — каб з першай спробы ды ўзяць і знайсці. Пазнаў і ён мяне. Збегліся пасярэдзіне пакоя, абняліся.

— Шынялёк твой порахам пахне, дарагі мой.

— Больш волхаўскім балотам, чым порахам.

— На Волхаўскім фронце ваяваў? Цяжка было? Пра гэта яшчэ раскажаш. А зараз падыдзем да нашага адказнага сакратара Ільі Данілавіча (Гурскага).

Прозвішча гэтага чалавека я ведаў і па газеце «Літаратура і мастацтва», і па п’есе «Качагары», якую я недзе бачыў у пастаноўцы самадзейнага гуртка. Ні п’еса, ні пастаноўка яе мне тады не спадабаліся. Цяпер жа, калі ішло згуртаванне нацыі супраць фашызму, яна магла б загучаць. Ілья Данілавіч у кажушку наапашкі сядзеў за сваім рэдактарскім сталом і сустракаў мяне з добрай ветлівай усмешкай.

— Будучы выдатны празаік Мікалай Лобан, — пажартаваў Цімох і ўвагнаў мяне ў фарбу.

— Вельмі рады пазнаёміцца. Трэба збірацца патроху, хлопчыкі. Разагналі нас па свеце. Але нічога, канец ужо блізка. На краявідзе заблішчала прасветліна. Скора загляне сонца ў наша ваконца. Дзе ж астаўбаваліся? На Сходні, ва універсітэце? Лю́бая справа вучоба. Сам з задавальненнем павучыўся б, ды не тыя гады. Трэба часопіс рабіць. Прыносьце, калі ёсць што нагатове».

Летам 1944 года сябры вяртаюцца ў разбураны і зруйнаваны Мінск. І зноў Вітка працягвае руку дапамогі свайму параненаму сябру: «Летам 1944 года разам з універсітэтам я вярнуўся ў родны Мінск. Аставалася паўтара года заняткаў. Канчаў і працаваў у Акадэміі. Не ведаю, ці вярнуўся б я да літаратурнай работы, калі б не ўсё той жа Васіль Вітка. Аднойчы ён прышоў да мяне і запрасіў на працу ў часопіс «Беларусь».

Да 1948 года сябры працавалі разам, а потым Вітку прызначылі галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». Здавалася б, пачэсная пасада, але ў сталінскія часы, калі нават адно не тое слова або сказ маглі стаць пропускам у Сібір, гэтая праца не спрыяла творчасці. Падчас наведвання Вісарыёна Гарбука ў Пяцігорску Цімох Васільевіч узгадваў гэты перыяд свайго жыцця. У сваім дзённіку ад 6 снежня 1964 года Гарбук запісаў: «Быў у гасцях Васіль Вітка, паэт. Ветлівы, стрыманы, з насцярожанасцю. І адчуваецца, што гэтая насцярожанасць не пакідае яго з часу суровай школы, калі ён стараўся быць толькі вінцікам, а яго розум не карыўся, ды быў бездапаможным…

— Дзесяць сваіх лепшых гадоў я аддаў на чортведама што! Рэдагаваў «Літаратуру і мастацтва». Дрыжэў над кожным радком. Не дай бог, не ў лад. А ўсе ночы да аднае, да самага ранку дзяжурылі ў рэдакцыі. Усё чакалі, а ці не зазвоніць тэлефон зверху, ды не дасць дырэктыўных указанняў… Не звернеш іх ні для сябе, ні для творчасці. Засушылі сэрца, абяскрылілі думку… Вось зараз на адпачынку ў «Вясёлцы». Працуем утрох — Алесь Пальчэўскі, Сяргей Грахоўскі і я. Ціха ўсё, лагодна…

Гэта ён мне сказаў на запытанне: над чым працуе зараз.

Прыехаў у Кіславодск лячыцца. Абяцаў наведаць яшчэ раз».

І, насамрэч, 17-цігадовая праца на пасадзе галоўнага рэдактара часопіса «Вясёлка», ля вытокаў якога ён стаў і якую з уласцівым яму гумарам называе «адпачынкам», была найбольш плённым перыядам творчасці пісьменніка. Адна за адной з’яўляюцца на свет яго кнігі.

У 1972 годзе за «Беларускую калыханку», «Казкі» і «Чытанку-маляванку» яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы. Пазней прыйшло і сусветнае прызнанне. Цімоха Васільевіча ўзнагародзілі Міжнародным ганаровым дыпломам імя Ханса Крысціяна Андэрсена з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс выдатнага дацкага казачніка.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваюцца лісты і паштоўкі Васіля Віткі да Міколы Лобана. Думаю, у юбілейны год нашага славутага пісьменніка чытачам будзе цікава пазнаёміцца з імі.

 

***

Лісты М. Лобану ад Віткі Васіля

30 красавіка 1943 г.

Масква.

Мой родны, мой мілы браце!

Ты мяне парадаваў добрай весткай аб тым, што ты ёсць на свеце. А гэта — найлепшая вестка для нас, раскіданых па ўсёй планеце.

Спадзеючыся, што ты напішаш мне больш падрабязна пра сябе самога. А аб сабе вось што скажу. Знаходжуся ўжо другі год у Маскве. Нейкі час працаваў у рэдакцыі газеты «Совецкая Беларусь», якая выдаецца для змуштраванай немцамі нашай Бацькаўшчыны. Цяпер працую ў выдавецтве ЦК КПБ(б), якое нядаўна сфарміравалася і пачало выдаваць белорускую літаратуру. У выдавецтве працуюць апроч мяне Крапіва, Глебка, Гурскі. У асноўным пісьменнікі ўсе знаходзяцца ў Маскве. Пасылаю табе газету, з якой ты даведаешся пра літаратурныя навіны. Тут і Кузьма Чорны, самы дарагі мне чалавек. Ён перанёс вельмі цяжкую хваробу, ледзь выратавалі — кровазліянне ў мозг. І толькі зараз — пасля доўгага часу — пачынае прывычна брацца за работу.

Сям’я мая — жонка і двое дзяцей — знаходзіцца ў Чалябінскай (?) вобл. Быў я ў іх. Жывуць, вядома, як усе. Сыну майму ўжо шосты год. І ведаеш, як мне цяпер цяжка без яго, калі дзіця ў самым цікавым узросце, калі яно прагна ўбірае ў сябе жыццё, калі яго вока не могуць <…> самыя нязначныя драбніцы.

Братачка мой, прабач, што я так пішу з пятага на дзесятае. Спадзяюся, што ў працяг далейшай нашай сувязі высветліцца ўсё, што нас абодвух цікавіць. А то, каб усё выкласці па парадку, <…> то і паперы не хопіць у нашым выдавецтве.

Не ведаю, калі ты даведаўся пра мяне і прыслаў запытанне ў «Комсомольскую правду», бо ты даты ў ім не паставіў, калі ты чытаў той мой артыкул. Няўжо ты праз год амаль толькі ўбачыў гэтую газету? Ну, але не ў гэтым справа. Дзякуй рэдакцыі, што яна дапамагла мне даведацца пра цябе.

Напішы, братка, падрабязна аб усім. Як твае літаратурныя справы? Можа, што напісаў, прысылай. Тут выдаецца альманах, выходзіць газета, і мы з прыемнасцю надрукуем і апавяданні, і аповесць, і Бог дасць — раман, то і яшчэ лепш.

Сардэчна цябе абнімаю і цалую. Далёка цябе закінуў лёс, Мікола, але трымайся, браце, бацькаўскіх гоняў. Будзем верыць у нашу сустрэчу ў мілай роднай Случчыне і можа, нават у тых крыжох на гасцінцы, сярод старажытных бяроз, сярод жытоў, як некалі мы з табой там ішлі і нават, помніцца, выпілі чацвяртушку і прышлі ў Слуцак вясёлыя і поўнымі надзей у будучыню. Ну, мілы браце, пішы.

Цімох.

Москва, Б. Черкасский, 6. 3 этаж, издательство «Сов. Беларусь». Крысько Т. В.

 

***

22 сакавіка 1944 г.

Мікола!

Мне за цябе вельмі крыўдна. Чаму вочы не паказваеш? Мы з табой дамовіліся, што ты падрыхтуеш апавяданне для часопіса «Беларусь». Калі я цябе тады прасіў аб гэтым, дык зараз звяртаюся да цябе афіцыйна, як адк. сакратар часопіса — як мага хутчэй давай апавяданне ў № 3, які зараз рыхтуем у друк. Чакаю цябе ў рэдакцыі не пазней, як праз два-тры дні — на абцасах! Адрас жа мой хатні таксама ведаеш. Адным словам, я на цябе сярдзіты і калі хочаш, каб я падабрэў — заходзь у рэдакцыю з апавяданнем.

Цімох.

 

***

Мой любы браце і дружа!

З Новым годам у тваю хату! Няхай абмінаюць яе ўсе нягоды і немачы і ідуць на сухія лясы! Няхай гудзе яна магутнымі галасамі весялосці і шчасця! Няхай яе сцены стануць шырэйшыя, а столь вышэйшаю, каб было дзе разгарнуцца ўсяму твайму роду!

Цімох.

27. 12. 1971.

 

***

3 лістапада 1978

Мой дарагі эсэсавец,

твае цудоўныя эсэ, якія ты пішаш, вартыя ўсіх тых пакут, што ты трываеш на адзіноце ў гэтую познюю восеньскую золь, калі ўсе важныя птахі разляцеліся па цёплых выраях. Абы, мой братко, табе пісаласо і ўдалосо завяршыць замысленае.

Сардэчна цябе абдымаю і дзякую, што ўспомніў ты мяне якраз у свой дзень. Ад усяе душы жадаю табе іх, гэтых слаўных дзён, многа-многа, і каб усе яны складаліся ў многія добрыя, працавітыя і шчаслівыя гады.

Я толькі што вярнуўся з вельмі цікавай і прыемнай вандроўкі: быў у Польшчы на ўрачыстасцях, прысвечаных 100-годдзю Януша Корчака. Якраз стаяла цёплае, сонечнае надвор’е, спрыяючы і добраму настрою, і знаёмству з людзьмі, і вандроўкам па краіне. Пабачыў усе чатыры сталіцы Рэчы Паспалітай: Гнезна, Познань, Кракаў і Варшаву, бачыў і жахлівыя мясціны, якія можна і трэба паглядзець толькі раз — Трэблінку і Асвенцым. На ўрачыстасцях і ў навуковай канферэнцыі ўдзельнічалі дэлегацыя 20 краін, у тым ліку і наша, у якую ўваходзілі віцэ-прэзідэнт Акадэміі пед. навук СССР, вельмі цікавы і мілы чалавек Міхаіл Іванавіч Кандакоў, прафесар, спецыяліст па Корчаку Марыя Фёдараўна Шыбаева, і, як пісалі нашы папярэднікі, ваш пакорны слуга. Дваццаць дзён праляцелі неўзаметку, настолькі былі запоўненыя, загружаныя, што немагчыма было адхінуцца на якога паўдня па сваіх клопатах. «Ваш пакорны слуга» не змог нават патраціць усіх злотых, якія абмяняў на рублі. Цяпер, калі бог дасць яшчэ паехаць, буду пры гатовых капіталах. А пакуль што трымаю як сувенір. Уся наша праца ішла на высокім дзяржаўным узроўні, гасцей прымаў <…> Рады Міністраў Ярашэвіч, з прывітаннем звярнуўся Эдвард Герэк. Усе гэтыя дні я яшчэ пад уражаннем паездкі. А ў Кракававе мы былі ў дні, калі кракаўскі кардынал Кароль Вайтыла нечакана і неспадзявана стаў Янам Паўлам II.  

Нашага друга Яна Першага (Брыля) я ўжо не застаў дома, бо ён, як і Ваша міласць, раскашуе ў Сочах на курорце, да свят мае вярнуцца. Так што тваіх прабачэнняў, усіх тваіх перажыванняў і пакут з-за нейкага выступлення ў аўдыторыя, якая штодня,  я ўпэўнены, слухае адны і тыя ж прапісныя мудрасці, і сам не падзяляю і, спадзяюся, табе іх варта выкінуць з галавы. Што б ты там ні гаварыў,  думаю, для любых тваіх слухачоў гэта можа быць цікавым, нават само гучанне жывога твайго слова.

Якія мінскія навіны? Можа, ты іх і ведаеш. Самая галоўная ў нашым асяроддзі: Генадзь Бураўкін — старшыня дзяржаўнага камітэту па тэлебачанні і радыё, рэдактарам у «Маладосць», у апошнія дні гавораць больш упэўнена, ідзе Васіль Зуёнак, як мне думаецца, самая найлепшая кандыдатура.

Быў справаздачна-перавыбарны сход партарганізацыі, новым сакратаром выбралі Яўгена Каршукова, які працаваў да гэтага зам. рэдактара часопіса «Вожык».

Сёння ў Мінску ясны сонечны дзень, наогул, надвор’е стаіць харошае, і так асабліва адчуваецца і самы перадвеснавы настрой, сталіца ўбіраецца ў свае ўрачыстыя фарбы.

Таму я і віншую цябе, свайго лепшага і вернага друга, усімі яснымі і шчырымі пачуццямі душы са шчаслівым святам, з новым плёнам твайго таленту і чакаю цябе ў добрым здароўі і настроі.

Пасылаю пісьмо авіяпоштай, хоць, мяркуючы па тваім, будзе ляцець яно аж цэлых трое сутак. Але думкамі і пачуццямі і з табой, і яшчэ раз сардэчна абдымаю цябе, двойчы абдымаю, як

Цімох і Васіль.

Паклон і найлепшыя святочныя пажаданні перадаюць Вольга Рыгораўна і Юля.

 

***

10 верасня 1981.

Дарагі мой браце!

Рады гэтай нагодзе разам з рэцэнзіяй на тваіх «Шэметаў», надрукаванай сёння ў «Звяздзе», паслаць табе самыя самыя сардэчныя пажаданні добра адпачыць, набрацца сіл і сонца, а гэтак сама і марское солі, каб твае ногі прутчэй і ўпраўней яшчэ доўгія леты вадзілі цябе па свеце і каб мы з табою, мой братко, яшчэ не раз пахадзілі па сваіх родных, мілых сцежках і дарогах.

Асаблівых навін нямашака. Надвор’е у нас, хваліць бога, усе гэтыя дні стаіць цёплае, сонечнае. На вячэрнія пагулянкі ў Купалаўскі парк і на ўзбярэжжа ракі шумнацечнай хаджу адзін, бо ўсё таварыства на курортах: Бачыла ў Друскеніках, Русецкі, прашу прабачэння або са звіненнем Вас, у Піцундзе, а Брыль яшчэ раскашуе на Нёмане.

Прывітанне табе ад усіх маіх сямейнікаў.

Шчыра абдымаю цябе.

Цімох.

 

Уступны артыкул і публікацыя Аляксандра Вашчанкі.

Аўтар выказвае падзяку БДАМЛМ за прапанаваныя матэрыялы.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.