Вы тут

Размаўляць на мове любові…


Узаемадзеянне ў галіне культуры паміж беларускім і ўкраінскім народамі пачалося вельмі даўно, пра што яскрава сведчаць багатыя фальклорныя і летапісныя паралелі.

Важнае значэнне мелі кантакты паміж культурнымі цэнтрамі Беларусі і Украіны ў межах агульных дзяржаўных утварэнняў, паміж праваслаўнымі брацтвамі. Значна паўплывамі, між іншым, на ўкраінскае кнігадрукаванне нашыя Францыск Скарына, Сымон Будны. Як адзначае Т. Кабржыцкая: «Распрацоўка асноўных літаратурных жанраў ХVІІ ст. здзяйснялася ва ўзаемадзеянні. Так, украінскае вершаскладанне — пад уплывам творчасці С. Полацкага, беларуская палемічная проза (Л. Карповіч, А. Філіповіч і інш.) — пад уздзеяннем твораў І. Вышанскага, Г. Сматрыцкага, З. Капысценскага. У ХVІІ—ХVІІІ стст. і ў Беларусі, і ва Украіне распаўсюджваліся варыянты духоўных вершаў, псалмоў і кантаў, панегірыкі, пазней — лірычныя вершы, гістарычныя запісы; узнікаюць сувязі паміж вертэпам і батлейкай, школьнай драмай (М. Даўгалеўскі, К. Зіноўеў, І. Турчыноўскі і інш.)». Выразнае ўздзеянне на беларускую літаратуру аказалі І. Катлярэўскі, Т. Шаўчэнка. Ва ўзаемадзеянні развівалася і тэатральнае мастацтва нашых народаў. У значнай ступені ва ўкраінцаў вучыліся мы вопыту «прарастання» на айчыннай глебе еўрапейскіх літаратурных кірункаў. Дэманструе еднасць і сучасны літаратурны працэс нашых краін. Гэта і выяўляецца і ў стварэнні авангардысцкіх таварыстаў, і ў своеасаблівай моўнай сітуацыі на кніжным рынку, і ў лёсе літаратурных часопісаў…

Відавочна, што такое цеснае культурнае ўзаемадзеянне не магло не праявіцца ў актыўнай перакладчыцкай практыцы. Ужо чвэрць стагоддзя назіраецца надзвычай актыўнае выданне ўкраінскіх класікаў і сучаснікаў на беларускай мове. Менавіта томам выбраных паэтычных твораў Тараса Шаўчэнкі распачало выдавецтва «Мастацкая літаратура» серыю «Скарбы сусветнай літаратуры». 90-я гады мінулага стагоддзя адзначаны выданнем на беларускай мове гумарыстычных апавяданняў украінскіх аўтараў «Эліксір маладосці» (перакладчык Р. Родчанка), кнігі прозы «Марыя з палыном у канцы стагоддзя» У. Яварыўскага (перакладчыкі В. Рагойша і У. Рагойша), тома гістарычных аповесцей В. Шаўчука «Забойства Пятра Невядомага» (у перакладзе У. Арлова), зборніка легенд, паданняў і казак «Падарожжа ў чароўны свет» (у перакладзе Т. Кабржыцкай), кнігай выбраных твораў В. Вінграноўскага «Украінскі прылюд» (аўтар перакладу — У. Скарынкін) і шмат якімі іншымі. Дзякуючы ўкладальнікам В. Рагойшу і Т. Кабржыцкай у серыі «Школьная бібліятэка» пабачылі свет выбраныя творы М. Кацюбінскага і Лесі Украінкі. У ХХІ стагоддзі выйшлі кніга ўласных перастварэнняў з украінскай паэзіі А. Траяноўскага — «Іменем няўмольнай свабоды», зборнік перакладаў В. Стралко «Непагасны агонь — Непогасний вогонь» (з перакладамі твораў Т. Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, І. Франко на беларускую мову і Янкі Купалы, Якуба Коласа і М. Багдановіча — на ўкраінскую), збор перакладаў Т. Шаўчэнкі «І мёртвым, і жывым, і ненароджаным» (укладальнікі — В. Рагойша і Т. Кабржыцкая) і інш. Рэгулярна на старонках беларускіх перыядычных выданняў таксама з’яўляюцца пераклады з класічнай і сучаснай украінскай літаратуры (творы А. Дзімарава, Г. Тарасюк, В. Парцяка, У. Даніленкі і інш. на беларускай мове). Папулярнасцю карыстаюцца і перакладныя навінкі дзіцячай літаратуры — кнігі «Ці далёка да Афрыкі?» і «Нарвежскі кот не падвядзе» М. Слабашпіцкага (перакладчык — А. Карлюкевіч).

Створаны «Выдавецкім домам «Звязда» інтэрнэт-партал «Сугучча» мае старонку «Літаратурная Украіна», дзе рэгулярна размяшчаюцца творы ўкраінскіх пісьменнікаў (Анатоля Гармацюка, Аксаны Шалак, Міхайлы Слабашпіцкага, Уладзіміра Даніленкі, Астапа Вішні, Рыгора Скаварады і інш)., а таксама навіны культурнага жыцця нашых суседзей. Кніжная ж серыя «Сугучча» папоўнілася кнігай «Залатая струна», дзе прадстаўлены творы Барыса Алейніка, Віктара Баранава, Алеся Сандыгі, Галіны Тарасюк, Тэадозіі Зарыўны, Уладзіміра Даніленкі, Любові Галоты і інш.

Традыцыйнымі сталі і асабістыя сустрэчы з украінскімі літаратарамі. Адна з апошніх — творчая сустрэча «Чарнобыль у літаратуры. Паэзія як сучасны культурны феномен» у рамках канферэнцыі «Чарнобыль: пераадоленне. Унёсак навуковай і творчай інтэлігенцыі Беларусі, Расіі, Украіны», дзе прысутнічалі маладыя ўкраінскія паэты Ігар Астапенка, Леся Мудрак, Вано Кругер, Сяргей Савін.

Асэнсоўваліся праекты беларуска-ўкраінскіх узаемасувязей і падчас правядзення «круглага стала» «Беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі: гісторыя, сучаснасць, перспектывы». Генетычныя, кантактныя, тыпалагічныя мастацкія сувязі братніх літаратур, заканамернасці бягучага літаратурнага працэсу Украіны і Беларусі, прыярытэтны фармат навуковых, адукацыйных і культурных сувязей, перспектывы беларуска-ўкраінскай перакладчыцкай дзейнасці — гэтыя і шматлікія іншыя пытанні вырашаліся падчас цікавага, дыскусійнага мерапрыемства.

Лічым мэтазгодным пазнаёміць чытачоў з меркаваннямі удзельнікаў «круглага стала», спадзеючыся на актыўны водгук адносна праблемы беларуска-ўкраінскага ўзаемадзеяння.

 

Юлія АЛЕЙЧАНКА

 

Павел Іванавіч НАВОЙЧЫК, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры славянскіх літаратур, намеснік дэкана па навуковай рабоце філалагічнага факультэта БДУ, старшыня Беларускай асацыяцыі украіністаў:

— Гісторыя ўкраінскай літаратуры выкладалася на філалагічным факультэце яшчэ ў савецкія часы ў курсе «Літаратура народаў СССР». І дзякуючы Кузьме Львовічу Хромчанку ўкраінская літаратура займала ў дадзенай дысцыпліне вельмі значнае месца. Апрача гэтага, на факультэце працавалі і працуюць вядучыя перакладчыкі і даследчыкі ўкраінскай літаратуры, прынамсі, Вячаслаў Пятровіч Рагойша, Таццяна Вячаславаўна Кабржыцкая, з лёгкай рукі якіх ужо ў 70-я гады мінулага стагоддзя з’яўлялі грунтоўныя працы па беларуска-ўкраінскім сувязях. Таму ў 90-я гады пры адкрыцці новых вучэбных аддзяленняў мы, безумоўна, выказаліся на карысць стварэння аддзялення «Славянскай філалогіі». За гэты час рыхтаваліся розныя славянскія мовы. Першы набор «украіністаў» быў у канцы 90-х гадоў. І ў ХХІ стагоддзі мы выпусцілі ўжо тры змены перакладчыкаў і літаратуразнаўцаў. У 2016 г. якраз плануецца яшчэ адзін набор спецыялістаў па беларускай і ўкраінскай літаратурах. Зразумела, што рыхтаваць навучэнцаў па ўкраінскіх падручніках было б немагчыма, таму на факультэце арганізавана праца па падрыхтоўцы адпаведных падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў. Сіламі В. Рагойшы, Т. Кабржыцкай, Э. Дзюкавай, М. Хмяльніцкага былі створаны вучэбныя дапаможнікі па беларуска-ўкраінскіх сувязях, беларуска-польска-ўкраінскіх сувязях, г.зн. што пытанне разглядаецца ў нас вельмі шырока. Таксама працягваецца вывучэнне ўкраінскай літаратуры ў курсе «Літаратура бліжняга замежжа» для студэнтаў спецыяльнасцей «Беларуская філалогія» і «Руская філалогія». Такім чынам, для філолагаў вялікі мацярык украінскай літаратуры заўсёды застаецца ў полі зроку. Гэта заканамерна, бо тыпалагічна нашы літаратуры вельмі блізкія, нават бліжэйшыя, чым беларуская і польская (хоць і маем шмат беларуска-польскіх аўтараў). У нас аднолькавыя духоўныя каштоўнасці, генетычная памяць, культурныя арыенціры. Канешне, калі разглядаць літаратуру ХІХ стагоддзя, то нельга казаць, што мы ішлі «нага ў нагу» з нашымі суседзямі, бо ва ўкраінцаў склаліся больш спрыяльныя ўмовы для развіцця. Яны не паскораным курсам, а даволі заканамерна прайшлі шлях станаўлення рамантызму (мелі генія Т. Шаўчэнку, пасля якога, па словах М. Дабралюбава, «украинская литература не нуждается ни в чьей благосклонности»), крытычнага рэалізму (якрава прадэманстраваны П. Мірным і інш.). Беларусы ж пачалі ўключацца ў сусветны літаратурны працэс крыху пазней. І нам вельмі карысна было павучыцца ў суседзяў, пераняць іх культурны вопыт. Згадаем лісты ў «Нашу ніву» С. Палуяна, пераклады тагачасных пісьменнікаў…

Таму вывучэнне адмысловага курса беларуска-ўкраінскага духоўнага ўзрастання спрыяе асэнсоўванню студэнтамі блізкасці нашых шляхоў развіцця. І, думаецца, знаёмства беларусаў з сучасным украінскім літаратурным працэсам дапамагала б лепш разумець сябе у канкрэтнай культурна-гістарычнай прасторы. Вядома, што ў Беларусі няма сербскіх, балгарскіх, украінскіх школ, але мы рыхтуем славістаў з дзвюма мовамі (сербская і руская, балгарская і руская, украінская і беларуская, польская і беларуская, чэшская і беларуская), якія падчас далейшай працы ў школах ствараюць для дзяцей факультатывы з вывучэннем замежных моў, папулярызуючы такім чынам набытыя веды.

 

Жанна Сяргееўна ШАЛАДОНАВА, кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі:

— Даследаванне беларуска-ўкраінскага літаратурна-творчага ўзаемадзеяння было і будзе адным з асноўных кірункаў дзейнасці аддзела ўзаемасувязі літаратур Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дзейнасць такіх навукоўцаў, як Павел Ахрэменка, Міхась Ларчанка, Юльян Пшыркоў, Міхась Тычына добра пацвярджаюць гэтую думку. І зараз, цягам больш двух дзесяцігоддзяў вядзецца несупынная праца над гэтай праблемай. Своеасаблівы імпульс гэтым росшукам і даследаванням надалі «Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей: культурна-гістарычны і літаратуразнаўчы аспект праблемы». Такім чынам, былі глыбока асэнсаваны ментальна-каштоўнасныя і тыпалагічных падабенствы літаратур на ўзроўні вобразаў, топасаў. Калектыў аўтараў быў уганараваны прэміямі Прэзідэнтаў Акадэмій навук Беларусі, Украіны, Малдовы.

Важна ў даследаваннях літаратурных сувязей звяртацца да філасофіі творчасці. Напрыклад, цікавы ўплыў творчасці ўкраіскага Кабзара на мастацкія сістэмы беларускіх творцаў пачатку ХХ ст. (у прыватнасці, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Алеся Гаруна, Максіма Багдановіча і інш). У мінулым годзе быў завершаны намі такі праект, як «Мастацка-вобразная парадыгма хранатопа ў беларускай і ўкраінскай літаратурах пачатку ХХ стагоддзя», дзе звяртаемся да бытавых, прыродных рэалій, прынамсі, ландшафтаў. Бо вядома, што не толькі чалавек уплывае на ландшафт мясцовасці, але мае месца і адваротнае ўздзеянне. Карысна прасачыць, як прыродны і культурны ландшафт (горад) уплываюць на фарміраванне мастацкай сістэмы. Апісанні беларускага лесу і ўкраінскага стэпу, ракі Днепр (што аднолькава значная для нашых народаў) — важкія анталагічныя аспекты. Гэтая і падобныя працы маюць міждысцыплінарны характар: да тэорыі літаратуры далучаюцца этнапсіхалогія, лінгвістычная геаграфія, філасофія, культуралогія. Дзякуючы такому характару дзейнасці, увесь час знаходзім новыя нюансы культурных судакрананняў ці адрозненняў у светапоглядзе, мысленні ўкраінцаў і беларусаў. Немалую дапамогу ў нашай працы, несумненна, аказала і актыўнае ўзаемадзеянне з Інстытутам літартуры імя Т. Шаўчэнкі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, якое вядзецца з 1998 г.

Усе мы ведаем, што ў свядомасці беларусаў склаўся пэўны стэрэатыпны вобраз украінца, як і ўкраінцы па-свойму ўяўляюць нас. Цікава б было даследаваць гэтыя ўяўленні, як і трактоўку, інтэрпрэтацыю нашымі народамі знакавых гістарычных падзей у краінах адно аднаго ў адпаведнасці са сваім досведам, інтэлектам.

У сённяшнія часы ва ўмовах інтэграцыі ў еўрапейскі і сусветны кантэкст вельмі важна захаваць еднасць Украіны і Беларусі ў сферы духоўнасці і мастацкіх набыткаў.

 

Вячаслаў Пятровіч РАГОЙША, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры БДУ:

— Праблемы беларуска-ўкраінскіх узаемасувязей, прапаганды ўкраінскай літаратуры ў Беларусі дасягнулі значных вышынь, апярэдзіўшы адпаведныя даследаванні ва Украіне. Нашыя суседзі не могуць на сённяшні момант пахваліцца такімі ж грунтоўнымі вучэбнымі дапаможнікамі па сувязях з літаратурай Беларусі. У нас жа, толькі на філалагічным факультэце БДУ, намаганнямі Т. Кабржыцкай, М. Хмяльніцкага, П. Навойчыка, Э. Дзюкавай, В. Рагойшы, У. Рагойшы, пабачылі свет наступныя вучэбныя дапаможнікі: «Фальклор і літаратура: феномен беларуска-польска-ўкраінскага культурнага сумежжа», «Нарысы суседазнаўства. Украіна, Польшча ў прасторы і часе вачыма беларусаў», «Гісторыя ўкраінскай літаратуры. Украінска-беларуска-польскія літаратурныя дыялогі» (у 2 частках), «Украінская літаратура і ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі» (у 3 частках), «Украінская літаратура: хрэстаматыя» (выйшлі 3 часткі з 5), «Гісторыі славянскіх літаратур і праблемы іх параўнальнага вывучэння: тэорыя і практыка». Назіраем і развіццё практыкі перакладу. Апошнім часам, дзякуючы «Выдавецкаму дому «Звязда» і прыватным выдавецтвам (напрыклад, Выдавецтву Зміцера Коласа), з’явіліся шматлікія цікавыя перакладныя выданні. Я асабіста спрычыніўся да выдання, прымеркаванага да 150-годдзя з дня нараджэння Івана Франка. У кнігу ўвайшлі творы абсалютна рознага жанру, некаторыя з іх да гэтага часу не перакладаліся на беларускую мову. Выданне выйшла пры падтрымцы Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь. Таксама, як і да 200-годдзя Тараса Шаўчэнкі мы ўклалі збор яго твораў, фактычна «Кабзар» у яго класічным варыянце, г.зн. адбіраліся пераклады не па крытэрыі часу перастварэння (не аддавалі перавагу найбольш сучасным), а па крытэрыі якасці, каб паказаць той узровень, замацаваны канон, якога дасягнула беларуская перакладчыцкая школа. Так, выдатнымі з’яўляюцца яшчэ даваенныя пераклады Змітрака Бядулі, Аркадзя Куляшова і інш. класікаў нашай літаратуры. Бо ствараць новыя пераклады без уліку зробленага раней — справа сумнеўная і марная. Новы пераклад мае права на жыццё толькі ў тым выпадку, калі ён пераўзыходзіць існуючы.

 

Андрэй Валер’евіч ХАДАНОВІЧ, паэт, перакладчык, старшы выкладчык кафедры замежных літаратур філалагічнага факультэта БДУ, старшыня ПЭН-Цэнтра:

— У сённяшняй сітуацыі, калі ў нашых бліжэйшых суседзяў да гэтага часу працягваецца вайна і распальваюцца палітычныя канфлікты вакол іх, мы, канешне, павінны множыць нашу еднасць і гаварыць на мове любові, не спекулюючы на варожасці і антыўкраінскіх настроях.

 Гэткай ідэяй кіраваліся арганізатары ініцыятывы, звязанай з Выдавецкім домам «Логвінаў» — гадавую акцыю «Зразумець Украіну», якая рэалізуецца ў самых розных пласкасцях. Па серадах я з калегамі праводжу імпрэзы, якія называюцца «Серадовішчы», прысвечаныя класіцы і сучаснасці ўкраінскай літаратуры. На імпрэзах, якія адбыліся, гучала паэзія Васіля Стуса, Юрыя Андруховіча і інш. Таксама ладзяцца прагляды ўкраінскага кіно (прынамсі, глядзелі «Цені забытых продкаў» С. Параджанава), спеўныя сходы, каб дзяліцца пазітыўным, добрым, сяброўскім.

І што ўнікальна, беларуска-ўкраінскія кантакты могуць абсалютна эфектыўна праходзіць без мовы-пасярэдніка. Украінец, які думае і размаўляе на роднай яму мове, з лёгкасцю без перакладу разумее беларускую… З гэтага вынікае нават жудасная для перакладчыка думка аб непатрэбнасці ў камунікатыўным плане перастварэння з мовы на мову. Аднак мастацкі пераклад — гэта часта прызнанне ў любові да аўтара арыгінала ці спосаб звярнуць увагу суайчыннікаў на выбітны твор іншай літаратуры (як робіць зараз Аляксандр Ірванец, перакладаючы Уладзіміра Арлова). Аддаў сваю «творчую пазыку» і Уладзімір Арлоў, пераклаўшы раман Ірванца «Сцяна», на жаль, усё больш актуальны зараз. І варта заўважыць, што такія творчыя тандэмы былі ва ўсе часы. Не мог Барадулін не перакладаць Драча, як і Драч не мог не прэзентаваць украінскаму чытачу Барадуліна. Выразны прыклад уяўляе і дзейнасць Рамана Лубкіўскага, што пераствараў творы шматлікіх беларускіх класікаў.

Што ж датычыцца маіх улюбёных украінскіх аўтараў, то трэба згадаць цэлую плеяду цікавых творцаў, што прыйшлі ў 1970-я гг. Перш за ўсё, гэта Сяргей Жадан. Кажучы сучаснымі словамі, ён — франтмэн сучаснай украінскай літаратуры (як у прозе, так і ў паэзіі). А зараз яму цесна і ў межах вершаванай прозы, і яго паэтычныя перфомансы перараслі ў сумесныя выступы з музыкамі. Сёння Сяргей Жадан выступае рок-зоркай і гастралюе з музычным гуртом «Сабакі ў космасе». Але ён не перастае пры гэтым быць паэтам высокай пробы.

Сітуацыя вайны ўскладае дадатковую адказнасць на літаратараў перад тымі, для каго яны з’яўляюцца духоўнымі аўтарытэтамі. Так вось С. Жадан — гэта якраз тая асоба, што множыць мову паразумення, кантактаў. У яго паэзіі баліць усім, незалежна ад падзеленасці франтоў і барыкад… Вядома, што і мне рупіла хутчэй перакласці яго творы, каб падзяліцца гэтым з беларусамі.

Не будзем забывацца, што наша сяброўства з украінскай культурай даўняе. Кожнае пакаленне нашай інтэлегенцыі можа пахваліцца творчымі саюзамі з украінскімі калегамі. Узгадаем Лесю Украінку, Цётку. Ды і сучасныя беларускія творцы працягваюць гэтыя традыцыі. Брэсцкі паэт Сяргей Прылуцкі жыве ў Кіеве, кантактуе з вядучымі ўкраінскімі літаратарамі, але працягвае пісаць па-беларуску ў знак парушэння ўсіх магчымых межаў. Як і Мінск з’яўляецца спрыяльнай пляцоўкай для ўкраінскіх аўтараў, дзе іх чакаюць кожны год і ўспрымаюць як нешта абсалютна сваё і роднае.

 

Ліда НАЛІЎКА, перакладчыца, літаратурны рэдактар часопіса «Мастацтва»:

— Я займаюся перадусім сучаснай украінскай прозай. І хацелася б адзначыць унёсак беларускіх выдавецтваў у справу прапаганды ўкраінскай літаратуры. Вельмі хутка чакаецца выхад кнігі «Варашылаўград» Сяргея Жадана (ужо другая кніга С. Жадана па-беларуску) і праз колькі месяцаў — кнігі «Біяграфія выпадковага цуду» Тані Малярчук. Пісьменніцы, якая таксама разбурае межы між народамі і мовамі (першы раз, прыехаўшы ў Беларусь на літаратурны фестываль, яна знайшла пераклад свайго апавядання на беларускую мову і, запінаючыся, прачытала яго, выклікаўшы шквал эмоцый у прысутных). Цікаўны чытач заўсёды знойдзе яе творы ў часопісных і інтэрнэт-публікацыях, беларусам вельмі блізкі яе эмацыйны фон.

Імпульсам для перакладчыцкай дзейнасці для мяне стала, па-першае, увага да кола актуальных пытанняў, што закранаюць сучасныя ўкраінскія празаікі. Бачыцца, што гэтыя праблемы вельмі важныя і для нас… А па-другое, ва ўкраінскай літаратуры, на мой погляд, ёсць, так бы мовіць, «разумная вар’яцінка», чаго часам бракуе літаратуры беларускай. Гэты прыём дапамагае выжываць, дадае аптымізму ў вельмі складаныя часы. Можа, і нам ён дапаможа па-новаму паглядзець на сучаснасць? Спакойнае асэнсаванне і перажыванне праблем — вось чаму трэба вучыцца ў сучасных украінскіх празаікаў.

 

Зміцер ЗАХАРЭВІЧ, паэт, перакладчык:

— Я лічу, што нам у пару пераймаць у руплівых суседзяў і вопыт надзвычай актыўнага фестывальнага руху, які яднае сталыя літаратурныя сілы і прыцягвае маладыя таленты. У лістападзе я апошні раз быў з творчай вандроўкай у Кіеве на своесаблівых Днях беларускай літаратуры, дзе наведваў прэзентацыі кніг. У мінулым жа красавіку быў запрошаны на Міжнародны моладзевы форум, арганізаваны пры падтрымцы Міністэрства спорту і моладзі, Міністэрства культуры, Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны. Мерапрыемствы праходзілі ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце, Кіеўскім дзяржаўным інстытуце культуры. Колькасць удзельнікаў, маладых літаратараў — каля 120 чалавек. Толькі нядаўна ва Украіне скончыўся і літаратурны фестываль «Гранаслоў», які атрымаў вельмі вялікі розгалас і за межамі Украіны.

Маюць асаблівае значэнне творчыя кантакты, якія набываеш падчас падобных мерапрыемстваў. Менавіта такім чынам я пазнаёміўся з выдатнымі ўкраінскімі пісьменнікамі — Уладзімірам Даніленкам, Лесяй Мудрак (якая, дарэчы, з’яўляецца вельмі моцным «рухавіком» літаратурных праектаў Саюза пісьменнікаў), Дзвінкай Тарахтушкай, Юрыем Руфам і іншымі.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.