Вы тут

Выйшаў зборнiк архiўных матэрыялаў, прысвечаных Трасцянцу


Амаль паўтысячы старонак, 255 дакументаў, мноства фотаздымкаў... Здаецца, кожная старонка новага зборнiка «Трасцянец: трагедыя народаў Еўропы, памяць у Беларусi» прасякнута неверагодным болем. Болем тых, хто не выжыў у страшным лагеры смерцi, тых, хто цудам здолеў уратавацца, але праз усё жыццё пранёс жахлiвыя ўспамiны, тых, хто ў вiхуры ваеннага лiхалецця страцiў блiзкiх. Вялiкая Айчынная вайна пачалася 75 гадоў таму, але памяць пра страшныя часы яшчэ жыве ў сэрцах, а многiя старонкi падзей тых часоў пакуль застаюцца невядомымi.


Магчыма, некаторыя таямнiцы раскрые зборнiк «Трасцянец: трагедыя народаў Еўропы, памяць у Беларусi», што пабачыў свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi» пры падтрымцы Мiнiстэрства iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь.

— Гэтая кнiга мае вялiкi сэнс. Яе змест неверагодна ўражвае, не трэба нiякiх пустых размоў, пераконвання. Дакументы кажуць самi за сябе, усялякiя тлумачэннi i перакананнi тут лiшнiя, — кажа галоўны рэдактар выдавецтва «БелЭн iмя П. Броўкi» Ларыса ЯЗЫКОВIЧ. — Кнiга будзе надзвычай карысная даследчыкам гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны, а таксама студэнтам, выкладчыкам ды i ўсiм беларусам. Само па сабе выданне робiць вельмi моцнае ўражанне. Назва зборнiка не выпадковая, ён мае вялiкае значэнне для нас, беларусаў, а таксама жыхароў iншых еўрапейскiх краiн, якiх прывозiлi ў Трасцянец, каб знiшчыць...

I сапраўды, кнiга «Трасцянец: трагедыя народаў Еўропы, памяць у Беларусi» цiкавая не толькi беларусам, у гэтым страшным лагеры смерцi знайшлi апошнi прытулак многiя жыхары Германii, Аўстрыi, Чэхаславакii, Польшчы. Сваякi ахвяр вельмi часта наведваюцца ў гэтыя мясцiны, праяўляюць цiкавасць да стварэння мемарыяла i нават дапамагаюць фiнансава. Яны зацiкаўленыя ў тым, каб гэтая тэма ўздымалася ў навуковых даследаваннях, каб вывучэнне гiсторыi лагера смерцi ў Трасцянцы было як мага больш шырокiм. Але, на жаль, у беларускай гiстарычнай навуцы пакуль не iснуе нiводнага шырокага даследавання, прысвечанага Трасцянцу. Магчыма, з'яўленне вялiкiх манаграфiй на гэтую тэму яшчэ наперадзе.

Галоўны архiвiст Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь i адзiн са складальнiкаў зборнiка дакументаў Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ расказвае:

— Спадзяюся, што наш зборнiк дакументаў падштурхне даследчыкаў да глыбокага вывучэння тэмы Трасцянца. Яшчэ шмат застаецца пытанняў без адказу: дакладна невядомая колькасць загiнуўшых у гэтым лагеры смерцi. Увесь час называюцца розныя лiчбы, а для дакладнага вызначэння колькасцi патрэбна яшчэ шмат працаваць. Справа ў тым, што ў 1943 годзе немцы, калi зразумелi, што давядзецца пакiдаць акупаваныя тэрыторыi, пачалi хаваць сляды сваiх злачынстваў. Праводзiлi раскопкi месцаў пахавання ахвяр i спальвалi трупы. Таму калi нашы даследчыкi пачалi вывучаць месца трагедыi, то амаль нiчога акрамя попелу не знайшлi... Варта працягваць пошукi, бо нямецкiя салдаты перыядычна адпраўлялi ў Берлiн звесткi аб колькасцi знiшчаных трупаў. Магчыма, гэтыя дакументы яшчэ знойдуцца i дапамогуць раскрыць многiя таямнiцы Трасцянца.

Да тэмы Трасцянца Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь звяртаецца не ўпершыню. У 2003 годзе яго супрацоўнiкi падрыхтавалi i выдалi зборнiк дакументаў «Лагер смерцi Трасцянец», куды ўвайшло больш як сто дакументаў. Але новая кнiга вельмi iстотна адрознiваецца ад папярэдняй.

— Тут мы звяртаем увагу не толькi на трагiчныя падзеi ў Трасцянцы, але гаворым i пра ход мемарыялiзацыi гэтага месца знiшчэння людзей, — тлумачыць Вячаслаў Дзмiтрыевiч. — Упершыню праз прызму дакументаў распавядаем пра тое, як ствараўся мемарыял у Трасцянцы. Акурат летась адбылося ўрачыстае адкрыццё першай часткi мемарыяла, але ж пытанне аб мемарыялiзацыi Трасцянца паўстала адразу пасля вызвалення Беларусi ад акупантаў. Таксама значна пашырылася кола крынiц, якiя мы ўводзiм у навуковы абарот. Гэта не толькi дакументы з нашага архiва. Дзякуючы супрацоўнiцтву з Мiнскiм мiжнародным адукацыйным цэнтрам iмя Ё. Рау мы атрымалi дакументы з архiваў Латвii, Германii, Расii. Упершыню апублiкаваныя некаторыя дакументы з архiва Камiтэта дзяржбяспекi. Таксама тут можна пабачыць дакументы з крымiнальных спраў на нямецкiх ваеннапалонных, якiх судзiлi пасля вайны за ваенныя злачынствы. Гэта, у прыватнасцi, сведчаннi вадзiцеляў, якiя працавалi на душагубках. Кнiга таксама расказвае пра тое, як працавала камiсiя па выкрыццi злачынстваў гiтлераўцаў.

Трасцянец — сапраўдны лагер смерцi. Ён уключаў у сябе працоўны лагер з майстэрнямi, дзе працавалi вязнi, а таксама ўрочышчы Шашкаўка i Благаўшчына — месцы масавага знiшчэння людзей, якiх часам прывозiлi з iншых лагераў смерцi. Таму, безумоўна, чытаць новы зборнiк, нават проста гартаць яго i разглядаць фотаздымкi — справа не з простых. Мiхаiл НIКIЦIН, загадчык рэдакцыi гiстарычных навук выдавецтва «БелЭн iмя
П. Броўкi
» гэта пацвярджае:

— Чытаць зборнiк вельмi цяжка, тут шмат дакументаў, дзе падрабязна апiсваюцца тэхналогii масавага знiшчэння людзей, шмат сведчанняў удзельнiкаў злачынстваў, тых, хто цудам ацалеў, i тых, хто сам займаўся знiшчэннем людзей. Пасля знаёмства з кнiгай не застаецца нiякiх iлюзiй пра тое, што нацызм мог даць нешта, акрамя зла i смерцi. Напрошваецца вельмi важная выснова: у даследчыкаў, сучасных i будучых, яшчэ шмат працы па больш дакладным вывучэннi лагера смерцi Трасцянец.

vesialuha@zviazda.by

Загаловак у газеце: Калi дакументы гавораць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».