Вы тут

Падчас «Славянскага базару» можна будзе пабачыць «пояс Вiтаўта»


Што мы называем гiсторыка-культурнай каштоўнасцю? I што — нацыянальнай рэлiквiяй? На першае пытанне адказаць, напэўна, дастаткова проста: гэта створаны чалавекам аб'ект цi вынiк яго духоўнай творчасцi, якi мае адметныя вартасцi, што ўяўляюць каштоўнасць для асобнага народа цi ўсёй чалавечай супольнасцi. Вызначэннем таго, цi з'яўляецца пэўны прадмет гiсторыка-культурнай каштоўнасцю, займаюцца спецыялiсты. Досыць часта здараецца так, што пэўныя вартасцi той цi iншай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi застаюцца зразумелымi толькi для адмыслоўцаў. Але ёсць i выключэннi. Некаторыя старажытныя прадметы з цягам часу становяцца своеасаблiвымi сiмваламi народа, у якiх увасабляюцца яго ўяўленнi аб мiнуўшчыне, выданых асобах розных эпох, лiтаратурных i культурных набытках папярэднiх пакаленняў. Менавiта яны i з'яўляюцца нацыянальнымi рэлiквiямi.


Па­яс­ны на­бор са скар­бу з-пад вёс­кi Лiт­ва.

Для беларусаў такiмi бясспрэчнымi каштоўнасцямi, якiя дайшлi да нас з глыбiнi сiвых стагоддзяў, праз завiрухi лiхалеццяў з'яўляюцца Крыж Еўфрасiннi Полацкай, Полацкi Сафiйскi сабор, Каложская царква ў Гродне, Камянецкая вежа, кнiгi Францыска Скарыны, палацы ў Мiры ды Нясвiжы, слуцкiя паясы... З нядаўняга часу гэты шэраг папоўнiўся яшчэ адным унiкальным прадметам, за якiм ужо трывала замацавалася назва «пояс Вiтаўта».

Пояс паходзiць са скарбу, знойдзенага ля вёскi Лiтва Маладзечанскага раёна Мiнскай вобласцi ў 1992 годзе i з'яўляецца адным з самых буйных, з тых, што калi-небудзь былi знойдзены ў беларускай зямлi. На жаль, сам скарб быў раскрадзены ўжо падчас яго выяўлення, i толькi пасля шматлiкiх «прыгод» частка каштоўнасцяў паступiла ў зборы беларускiх музеяў. Нават захаваная яго частка ўражвае: збераглiся 6 244 срэбныя манеты i ўнiкальны паясны набор. Яшчэ адзiн паясны набор, сярэбраны посуд i нейкая частка манет (магчыма, нават большая) «растварылiся» ў прыватных калекцыях.

Большасць манет са скарбу з-пад вёскi Лiтва была адчаканена ў Чэхii ў канцы XIV — пачатку XV стагоддзя, у часы панавання караля Вацлава IV Люксембургскага. Гэта так званыя пражскiя грошы, якiя чаканiлiся ў Чэхii з 1300 года. Выяўленне ў беларускай зямлi такой велiзарнай колькасці чэшскiх манет не выклiкае здзiўлення, бо ў XIV—XV стагоддзях менавiта пражскiя грошы сталi асновай грашовага абарачэння ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм.

Унiкальнай знаходкай з'яўляецца паясны набор, якi складаецца з адзiнаццацi сярэбраных пласцiн круглай i зоркападобнай формы, упрыгожаных гравiроўкай, чарненнем i залачэннем, а таксама арнаментаванай чаканкай спражкi, наканечнiка i яшчэ чатырох неарнаментаваных пласцiн. Усе гэтыя дэталi калiсьцi мацавалiся на аснову са скуры цi тканiны, якая не захавалася. На думку выдатнага расiйскага даследчыка золатаардынскага мастацтва Марка Крамароўскага, пояс, да якога належалi накладкi, быў выраблены ў канцы XIV — першай трэцi XV стагоддзя ўсходнекрымскiмi майстрамi на заказ кагосьцi з татарскiх уладароў Крыма цi яго высокапастаўленых наблiжаных.

Якiм чынам пояс, выраблены крымскiмi майстрамi для татарскiх ханаў, трапiў у скарб, знойдзены ў маладзечанскай зямлi? Вядома, што татары здзяйснялi незлiчоныя набегi на землi Вялiкага Княства Лiтоўскага. Цi не з'яўляецца скарб з-пад вёскi Лiтва сведчаннем аднаго з iх? Напэўна, не. Вядома, што ў эпоху Сярэднявечча дыпламатычныя мiсii абменьвалiся не толькi граматамi i дакументамi, але i падарункамi. Да iх лiку маглi належаць вырабы з каштоўных металаў, заморскiя дзiвосы i шмат якiя iншыя незвычайныя рэчы. Уручэнне падарункаў суправаджалася адпаведнымi цырымонiямi, парушэнне якiх магло прывесцi да абразы прымаючага боку цi самiх паслоў i сарваць усе мэты пасольства. Верагодна, менавiта такiм пасольскiм падарункам з'яўляецца i пояс са скарбу з-пад вёскi Лiтва, бо залатыя i срэбныя паясы высока цанiлiся ў княжацкiм i магнацкiм асяродку, дзе яны былi сведчаннямi статусу i багацця iх уладальнiкаў.

Некаторыя навукоўцы выказваюць думку, што пояс быў падараваны татарскiмi пасламi вялiкаму князю Вiтаўту — самаму магутнаму i знакамiтаму валадару Вялiкага Княства Лiтоўскага. Менавiта таму сярэбраны залачоны пояс атрымаў назву «пояс Вiтаўта», якая хутка за iм замацавалася i цяпер ужо ўспрымаецца як яго агульнапрынятае азначэнне.

Зразумела, сёння складана з поўнай упэўненасцю казаць, каму татарскiя паслы маглi падараваць каштоўны пояс. Магчыма, гэта сапраўды быў сам вялiкi князь Вiтаўт альбо хтосьцi з яго сваякоў цi прадстаўнiкоў найблiжэйшага княжацкага атачэння. Аднак пра тое, якiм чынам найкаштоўнейшы пояс i велiзарная колькасць манет трапiлi ў зямлю, можна меркаваць дастаткова ўпэўнена.

На падставе аналiзу манетнай часткi скарбу з-пад вёскi Лiтва вядомы беларускi нумiзмат Валянцiн Рабцэвiч вызначыў, што ён быў схаваны падчас грамадзянскай вайны, якая разгарэлася ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм пасля смерцi Вiтаўта, бо той не пакiнуў пасля сябе нашчадкаў па мужчынскай лiнii. Вайна доўжылася з 1432-га па 1436 год памiж двума прэтэндэнтамi на вялiкае княжанне — родным братам Вiтаўта Жыгiмонтам Кейстутавiчам i родным братам Ягайлы Свiдрыгайлам Альгердавiчам. Дынастычная барацьба памiж сваякамi разгарэлася на фоне рэлiгiйных супярэчнасцяў памiж праваслаўнымi, якiя падтрымлiвалi Свiдрыгайлу, i каталiкамi, якiя выступiлi на баку Жыгiмонта. Апошнi выйшаў у гэтым супрацьстаяннi пераможцам.

На думку гiсторыка Васiля Варонiна, скарб быў схаваны ля вёскi Лiтва ў вынiку бiтвы, што адбылася ў жнiўнi 1433 года ля вёскi Капачы, усяго за сем кiламетраў ад месца яго знаходкi. Бiтва была пераможнай для войскаў Свiдрыгайлы. Напэўна, менавiта падчас уцёкаў з поля бою разбiтыя прыхiльнiкi Жыгiмонта ў спешцы схавалi сваю скарбнiцу, дзе, акрамя тысяч манет, захоўвалiся i каштоўныя паясы, адзiн з якiх мог належаць самому Вiтаўту. А цi сапраўды ён належаў Вiтаўту цi камусьцi з яго наблiжаных, цяпер сказаць немагчыма. Ды i цi варта?

Мiкалай ПЛАВIНСКI

Загаловак у газеце: Пояс як бясспрэчная каштоўнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?