24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Быць альбо не быць?


Самыя вядомыя шэкспіраўскія радкі сёння зноў надзвычай актуальныя для Вялікабрытаніі і Еўрапейскага саюза. Справа ў тым, што 23 чэрвеня ў Аб’яднаным каралеўстве пройдзе доўгачаканы рэферэндум, які вызначыць далейшыя адносіны краіны з ЕС. У бюлетэнях толькі адно пытанне: ці мусіць Вялікабрытанія надалей заставацца сябрам ЕС?


За некалькі дзён да рэферэндуму сацыялагічныя апытанні выяўляюць прыблізна роўную колькасць тых, хто звязвае лёс сваёй краіны з аб’яднанай Еўропай, і тых, хто хоча выйсці з ЕС. Праўда, трэнд апошніх дзён – зніжэнне долі прыхільнікаў Brexit (ад англійскага “British exit” – “брытанскі выхад”), якія, згодна з апытаннямі, мелі невялічкую перавагу на мінулым тыдні. Напэўна, не апошнюю ролю ў зломе трэнду адыграла жудаснае забойства нацыяналістам-псіхапатам дэпутата ад Лейбарыскай партыі Джо Кокс, якое 16 чэрвеня ўскалыхнула ўсю Брытанію. Спадарыня Кокс актыўна выступала супраць Brexit і, па інфармацыі СМІ, рыхтавала парламенцкі даклад пра радыкальны нацыяналізм і ісламафобію.

Такім чынам, калі за апошнія гадзіны да рэферэндума не здарыцца якіх-небудзь надзвычайных падзей, найбольш верагодна, што брытанцы з невялічкай перавагай усё ж такі вырашаць застацца часткай ЕС. У гэтым выпадку мы пабачым паўтарэнне гісторыі 1975 года.

Тады на падобным рэферэндуме 67% грамадзян Аб’яднанага каралеўства выказаліся за тое, каб застацца ў складзе Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (папярэдніка ЕС). Характэрна, што той рэферэндум адбыўся ўсяго два гады пасля далучяэння Лондана да еўрапейскай інтэграцыі. Гэта добра адлюстроўвае асаблівае і глыбока скептычнае стаўленне брытанскага грамадства і палітыкуму да ЕС.

Але ж па сутнасці галоўнае пытанне для ўсіх не ў тым, адбудзецца Brexit ці не. Куды больш важна і цікава, што будзе з Еўрапейскім саюзам. Шмат хто лічыць, што патэнцыйны Brexit можа стаць пачаткам канца еўрапейскай інтэграцыі. Маўляў, і працэдурна дзейнасць інстытутаў ЕС мусіць змяніцца пасля страты вялікай краіны-сябра, і прэцэдэнт выхад Брытаніі створыць негатыўны: раней з Еўрасаюзу ніхто ніколі не выходзіў – наадварот, толькі грукаліся ў агульнаеўрапейскія дзверы новыя жадаючыя. А сённяшнія шматлікія праблемы, з якімі сутыкнуўся еўрапейскі кантынэнт, і рост на гэтай хвалі папулярнасці нацыяналістычных партый робяць магчымасць “эфекту даміно” дастаткова верагоднай.

Пры ўсім пры гэтым наўрад ці выпадае чакаць поўнамаштабнага закату Еўрасаюзу. Тое, што еўрапейскаму інтэграцыйнаму праекту прыйдзецца мяняцца і праводзіць сур’ёзныя рэформы, гэта факт. Але, калі перафразаваць Марка Твэна, чуткі пра смерць ЕС моцна перабольшаны.

А вось мяняцца Еўрасаюзу прыйдзецца ў любым выпадку, незалежна ад таго, застанецца Брытанія ў яго складзе ці не. Шмат у чым гэта натуральная патрэба: мяняецца час, у свеце паўстаюць новыя выклікі і праблемы. І тое, што яшчэ некалькі год таму выглядала як прыклад ідэальнай інтэграцыі, патрабуе новых ідэй, сучасных адказаў. Больш за тое, патрабуе пастаянных адаптацый і цыклічны характар сусветнай эканомікі, асабліва на сённяшнім этапе.

Але яшчэ больш рэформы патрэбны з-за назапашвання шматлікіх структурных дыспрапорцый і канцэптуальных супярэчнасцяў унутры ЕС, якія былі незаўважнымі ў часы інтэграцыйных поспехаў, аднак цяпер становяцца ўсё больш відавочнымі. Гаворка тут і пра так званы “дэмакратычны дэфіцыт”, то бок адарванасць інстытутаў і парадку дня ЕС ад патрэб і клопатаў шэраговых грамадзян. Пра гэту праблему ўжо не адзін год пішуць шматлікія навукоўцы і аналітыкі. Адлюстроўвае яе і рост папулярнасці нацыяналістычных і радыкальных палітычных сіл ў розных еўрапейскіх краінах.

Усё больш актуальнай становіцца і праблема Еўразоны. Як даўно папярэджвалі праціўнікі адзінай валюты, увядзенне еўра без адпаведнай каардынацыі бюджэтных палітык краін-чальцоў нясе ў сябе перманентную пагрозу сацыяльна-эканамічных крызісаў, кшталту таго, што ўжо некалькі год працягваецца ў Грэцыі.

Яшчэ адна звышактуальная праблема, якая патрабуе сур’ёзных рашэнняў, звязана з міграцыйнымі выклікамі і вольным перамяшчэннем паміж краінамі ЕС. Шэнгенская зона, якая справядліва лічыцца адным з галоўных дасягненняў еўрапейскай інтэграцыі, ужо таксама прадэманстравала сваю ўразлівасць перад тварам міграцыйнага крызісу. Таму і тут статус-кво патрабуе зменаў.

І гэта толькі некаторыя з праблем, якія абумоўліваюць неабходнасць шчырай дыскусіі ўнутры ЕС і рашучых рэформ на падставе такіх дыскусій. Незалежна ад вынікаў брытанскага рэферэндума дыскусія аб сучаснасці і будучыні адзінай Еўропы будзе ісці і прывядзе да шматлікіх перамен. Але ж сам Еўрапейскі саюз, безумоўна, застанецца як палітычная, эканамічная і сацыяльная рэчаіснасць. У гэтым можна не сумнявацца.

Крыху іншае пытанне – чаго можна чакаць нам у Беларусі ў выпадку гіпатэтычнага Brexit? Калі ён усё ж такі адбудзецца, то пэўны ўплыў на агульную знешнюю палітыку ЕС, канешне, будзе мець. Хаця для Беларусі такія змены будуць не вельмі заўважнымі і, у першую чаргу, прыйдуць да нас ускосна – праз змены палітыкі ЕС у дачыненні да ўсяго рэгіёну Усходняй Еўропы і да Расіі ў прыватнасці.

Без Вялікабрытаніі, якая шмат у чым ураўнаважвае ўплыў Францыі і Германіі ў выпрацоўванні і рэалізацыі агульнай знешняй палітыкі ЕС, рашэнні Еўразвязу ў адносінах з нашым рэгіёнам сталі бы больш кантынентальнымі. Галоўнае адрозненне паміж Лонданам і Парыжам з Берлінам у тым, што апошнія маюць значна большыя эканамічныя інтарэсы ва Усходняў Еўропе. Да таго ж, праз эканамічныя стасункі там больш развіта і інфраструктура адносін з усходнімі суседзямі: больш так званых міжчалавечых кантактаў, больш супрацы ў розных сферах. Таму натуральна, што Германія і Францыя звычайна займаюць значна больш прагматычную, практыкаарыентаваную пазіцыю ў дачыненні і Расіі, і Беларусі.

Гэта значыць, што патэнцыйна Brexit мог бы падвысіць ролю эканамічнага парадку дня паміж Беларуссю і ЕС, спрыяць росту колькасці узаемавыгадных праектаў. То бок зрабіць увесь комплекс нашых стасункаў крыху больш прагматычным. Акрамя таго, самой Беларусі трэба было б пераарыентаваць частку сваіх эканамічных, у прыватнасці фінансавых, стасункаў з Вялікабрытаніяй на кантынентальную Еўропу, каб прадухіліць для сябе магчымыя негатыўныя наступствы разводу Лондана з ЕС.

Але ж і без Brexit прагматызацыя адносін з суседзямі сёння з’яўляецца адным з прыярытэтаў Еўрасаюзу. І незалежна ад вынікаў брытанскага рэферэндуму менавіта гэты прынцып будзе ў цэнтры знешнепалітычных рашэнняў ЕС у бліжэйшыя час.

Але ж ўсё роўна з вялікай цікавасцю будзем чакаць вынікаў рэферэндума ў Брытаніі і вялікай дыскусіі, якая распачнецца адразу пасля яго.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.