Вы тут

Старшыня Віцебскага аблвыканкама — чэмпіён свету па гіравым трыятлоне


Старшыня Віцебскага аблвыканкама ў складзе беларускай каманды стаў чэмпіёнам свету па гіравым трыятлоне. На апошнім адбылося і каманднае спаборніцтва. Наша зборная сапернічала ў эстафеце з камандай Расіі і Еўропы. За хвіліну Мікалай Шарстнёў падняў у штуршку 32-кілаграмовую гіру больш за 50 разоў. І ніхто не здолеў наблізіцца да гэтага выніку. Журналісты «Звязды» былі адзінымі прадстаўнікамі рэспубліканскіх СМІ, якія зафіксавалі гэты факт.


Гіравы чэмпіянат прайшоў у мінулыя выхадныя ў будынку новай віцебскай школы. У спартыўнай зале тут ёсць нават трыбуна.

У чэмпіянаце бралі ўдзел больш за 150 спартсменаў прыкладна з 15 краін. Самаму паважанаму па ўзросце — 80 гадоў. І яго ў Віцебску павіншавалі з юбілеем. Былі і дзеці... А наогул на аналагічных спаборніцтвах рознага ўзроўню ўзроставыя рэкорды ўдзельнікаў: 1,8 месяца (!) і 92 гады (!).

Гіравы спорт дазваляе не толькі падтрымліваць сябе ў форме, але і ўстанаўліваць рэкорды фактычна ў любым узросце. І, што дзіўна, гіры ўсё больш папулярныя сярод дзяўчат. Напрыклад, 10-гадовая школьніца з Казані Каміла Валіуліна займаецца ўсяго пару месяцаў і ўжо выйграла чэмпіянаты свету, Еўропы, Азіі. І ў Віцебску выступіла ўдала. Як і яе бацька Рустам. Ён чэмпіён свету і Еўропы сярод спартсменаў ва ўзросце 50—54 гады.

Чэмпіянаты праводзяцца ў Беларусі ўжо не першы год. Спрыяў гэтаму наш зямляк, які жыве ў Расіі, Анатоль Мікалаевіч Яжоў, прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыі гіравога спорту майстроў, кіраўнік Міжнароднай федэрацыі гіравога трыятлона, уладальнік дзясяткаў залатых медалёў чэмпіянатаў свету і Еўропы. Яго перамогі, зафіксаваныя ў Кнізе рэкордаў Гінеса, цяжка дакладна падлічыць. Гэты гіравік, якому каля 70 гадоў, падымаў гіры на ўсіх кантынентах, пад вадой, на паветраным шары, у шахце, у цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў.

— На гэты раз у чэмпіянаце ўдзел не бяру, бо рыхтуюся да выступу ў Афрыцы. Чакаем вашага губернатара. Спадзяёмся, што ён выступіць у гіравой эстафеце. Ён не гіравік, але майстар спорту па цяжкай атлетыцы. Ведаю, што на спартакіядзе дзяржслужачых штурхнуў 32-кілаграмовую гіру за 2 хвіліны 75 разоў. Гэта вельмі моцны вынік. І так не кожны майстар міжнароднага класа зробіць. Ён аказаў вялікую падтрымку ў арганізацыі цяперашніх спаборніцтваў, — заінтрыгаваў паважаны спартсмен.

На маіх вачах губернатару стараліся падабраць адзенне для выступу. Аказваецца, у яго 42-гі памер абутку (так паведаміў арганізатарам чэмпіянату яго падначалены, адказны за спорт).

Мікалай Шарстнёў, вітаючы спартсменаў, сказаў, што мо і не трэба яму выступаць бо, у адрозненне ад іх, не гіравік. Пажартаваў, каб штуршок лічылі за два. У выніку паказаў найвышэйшы пілатаж.

— Скончыў займацца спортам у 1992 годзе (нарадзіўся ў 1960-м. — А.П.), калі атрымаў дыплом у інстытуце. Займаўся цяжкай атлетыкай толькі падчас вучобы. Стараюся падтрымліваць здаровы лад жыцця. І займаюся фізкультурай, каб падтрымліваць форму. І ў першую чаргу для павагі да сябе, — прызнаўся губернатар журналістам.

Анатоль Яжоў канстатаваў, што губернатар Віцебшчыны — першы кіраўнік такога рангу, які не толькі выступіў на чэмпіянаце, але і «выцягнуў» сваю каманду на вышэйшы п'едэстал.

У наступным годзе ў Віцебску восенню плануюць арганізаваць трэція Сусветныя гульні па гіравым трыятлоне. І паралельна задумалі ўсталяваць калектыўны рэкорд з адначасовым удзелам каля 2,5 тысячы чалавек. Дарэчы, аўтар гэтых радкоў летась такім чынам стаў рэкардсменам і атрымаў медаль.

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Губернатар паказаў гіравы клас

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.