Вы тут

Прэзентаваны тры кнігі, прысвечаныя ахвярам Вялікай Айчыннай вайны


Карта групоўкі нямецкіх войск, датаваная 1 мая 1941 года, схема акупаванага Мінска з указаннем вуліц на нямецкі манер, дакладныя запіскі на імя Сталіна аб канцэнтрацыі войск вермахта ля нашых межаў — усё сведчыла, што пачнецца вайна. Пра тое, што нападзенне гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз не было поўнай нечаканасцю, расказваюць і іншыя артэфакты Вялікай Айчыннай, прадстаўленыя на выстаўцы «Забыццю не падлягае», якая адкрылася ў Нацыянальным архіве Беларусі.


Дырэктар Нацыянальнага архіва Беларусі  Віктар КУРАШ распавядае пра адну  з прэзентуемых кніг.

Шырокай грамадскасці таксама прэзентавалі зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы. Памяць у Беларусі», «Лагеры савецкіх ваеннапалонных. 1941 — 1944 гг.» і даведнік «Асуджэнне замежных ваеннапалонных і інтэрніраваных у Беларусі. 1944 — 1951 гг.».

— Не прыехаць на гэтае мерапрыемства азначала б здрадзіць памяці роду, — пераканана міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ. — Кожны трэці беларус загінуў на той вайне. У многіх гэтая рана ў сем'ях дагэтуль крывавіць. У нас, у Беларусі, гэта святая памяць і дзяржаўная інфармацыйная палітыка — нішто не забыта, ніхто не забыты. Здавалася б, шмат клопату ў нас з вамі, шмат цікавых тэм, калі казаць пра кнігавыданне, але менавіта такія кнігі, якія сёння прэзентуюцца, павінны выдавацца пры дзяржаўнай падтрымцы. Гэта тыя радкі, якія з пакалення ў пакаленне павінны быць праўдай, якая не падлягае ні забыццю, ні інсінуацыям. Таму дзяржаўная палітыка — гэта яшчэ і гістарычная праўда: не аддаць на ганьбаванне нашы святыні і каштоўнасці.

Адна з прэзентаваных кніг — «Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы. Памяць у Беларусі» — прысвечана гісторыі найбуйнейшага ў Беларусі месца масавага знішчэння людзей у гады нямецкай акупацыі. Тут загінулі мінчане, падпольшчыкі і партызаны, яўрэі з Беларусі і Заходняй Еўропы: Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Францыі, Чэхаславакіі. 255 дакументаў, якія ўвайшлі ў зборнік, не толькі раскрываюць трагедыю Трасцянца, а і гісторыю стварэння мемарыяла.

— На сёння па тэме Трасцянца гэтая кніга з'яўляецца найбольш поўнай, — падкрэсліў дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Уладзімір АДАМУШКА. — Тут знайшлі ўвасабленне дакументы з архіваў Беларусі, Расіі, Латвіі, Германіі. Але нам ёсць яшчэ над чым працаваць. Аўстрыйскі бок перадаў поўныя спісы прозвішчаў людзей, якія былі дэпартаваны з Вены ў Мінск і знайшлі свой апошні прытулак у Трасцянцы. Магчыма, такія спісы хутка нам прадаставяць Чэхія і Славакія. Плануецца, што неўзабаве кніга будзе перакладзена на нямецкую мову і пра трасцянецкую трагедыю даведаецца больш шырокая еўрапейская грамадскасць.

Як лічыць дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, Нацыянальны архіў Беларусі робіць вельмі вялікую і важную справу. «Мы ў Інстытуце гісторыі, ды і фактычна любы прафесійны гісторык кіруецца ў сваёй дзейнасці асноўным крытэрыем — аб'ектыўнасцю, — заўважае кандыдат гістарычных навук. — Але аб'ектыўна адлюстраваць гістарычныя падзеі без апоры на гістарычны дакумент немагчыма. Важнасць стварэння аб'ектыўнай карціны гістарычнага мінулага нашай краіны, супрацьстаяння спробам фальсіфікацыі падзей, звязаных з нашай гісторыяй, у першую чаргу з падзеямі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, як падкрэсліваў Прэзідэнт нашай краіны, не аднаразовы крок».

127 дакументаў, апублікаваных у зборніку «Лагеры савецкіх ваеннапалонных. 1941 — 1944 гг.», расказваюць аб лагерах ваеннапалонных, якія нацысты стварылі ў Беларусі. У кнізе паказаны трагічныя лёсы савецкіх салдат, якія не па сваёй волі апынуліся ў нямецкім палоне.

Як расказаў галоўны архівіст Нацыянальнага архіва Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, толькі ў Беларусі загінула больш як 810 тысяч савецкіх ваеннапалонных. «Трагедыя палону паказана ў кнізе праз два ваюючыя бакі: публікуюцца як савецкія, так і нямецкія дакументы, — расказаў кандыдат гістарычных навук. — Пасля вывучэння гэтых дакументаў можна зрабіць наступную выснову: прычынай масавай гібелі савецкіх ваеннапалонных былі бесчалавечныя адносіны нацыстаў, парушэнне ўсіх гуманітарных міжнародных нормаў у дачыненні да ваеннапалонных».

Ваенныя злачынствы, учыненыя на акупаванай тэрыторыі Беларусі, не засталіся беспакаранымі. Крымінальныя справы на 3618 замежных ваеннапалонных і інтэрніраваных, якіх прыцягнулі да адказнасці, прыводзяцца ў даведніку «Асуджэнне замежных ваеннапалонных і інтэрніраваных у Беларусі. 1944 — 1951 гг.». Дарэчы, кніга ўжо перакладзена на французскую мову.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр СЛАБАДА  атрымаў у падарунак ад архівістаў копіі дакументаў, звязаных з яго ваеным лёсам.

Ваенны гісторык і аўтар кніг на ваенную тэматыку Анатоль ШАРКОЎ па гэтай тэме абараніў доктарскую дысертацыю. Менавіта ён быў адным з першых у нашай краіне, хто падняў многія дакументы па замежных ваеннапалонных і інтэрніраваных у Беларусі, якія ў тым ліку ўвайшлі ў зборнік.

— Калі адсутнічае дакументальная база, цяжка весці дыскусію са сваімі калегамі за мяжой, — упэўнены Анатоль Шаркоў. — Гэтыя зборнікі якраз выступаюць інструментарыем і для дыскусій, і для новых навуковых даследаванняў. У першую чаргу яны каштоўныя тым, што прысвечаны ахвярам вайны. Раней прынята было паказваць толькі гераічнае мінулае. Так, гэта важна, але не трэба забывацца і пра цяжкую спадчыну, якая засталася пасля Вялікай Айчыннай.

Сапраўды, пляма палону пераследавала ваеннапалонных даволі доўга. Якім нялёгкім быў лёс савецкага салдата не толькі ў ваенны, а яшчэ і ў мірны час, расказалі сведкі мінулых падзей. Былі сярод удзельнікаў сустрэчы і тыя, каму пашчасціла больш. Напрыклад, Аляксандру Слабадзе — абаронцу Магілёва і Масквы, партызану, Герою Сацыялістычнай Працы. Дарэчы, архівісты паднеслі Аляксандру Слабадзе шыкоўны падарунак — асабістыя дакументы ветэрана, сярод якіх копіі загадаў у яго адрас, баявыя лісткі, узнагародныя лісты... «Мне нават і не снілася», — такой была рэакцыя на падарунак удзельніка вайны, які ўжо 25 чэрвеня 1941 года ўступіў у бой з ворагам.

kanyuta@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Радкі праўды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».