Вы тут

Горада чароўныя прынады


Псіхалагічны феномен «адарванасці» ў жыццёвым лёсе Максіма Багдановіча даўно прыцягвае ўвагу даследчыкаў. Адарванасць гэтая выражаецца як у своеасаблівай кампенсацыі фізічнага нездароўя надзвычайнай творчай актыўнасцю, так і ў неадольным імкненні творцы да сваёй Радзімы.


1911 год стаў вызначальным, пераломным для Максіма. Ён вытрымлівае экзамены і пакідае сцены Яраслаўскай гімназіі. Канчаткова абраўшы сваім шляхам літаратуру, мае цвёрды намер паступаць ва ўніверсітэт. Аднак бацька катэгарычна супраць, лічыць немагчымым жыць хвораму сыну аднаму, без нагляду. «Больш за тое, на наступны год павінен быў паступіць ва ўніверсітэт яго (Максіма) малодшы брат, для якога, як матэматыка, гэта было непазбежна, а дваіх утрымліваць у розных гарадах было не па сіле», — адзначае ва ўспамінах Адам Багдановіч. Аднак здольны юнак выдатна ўмеў працаваць самастойна як з гістарычнымі і літаратурнымі крыніцамі, так і ў кірунку арыгінальнай творчасці. Поўны планаў і задум, Максім Багдановіч вырашае ажыццявіць вандроўку на беларускія землі, пачуць музыку роднага слова, лепш вывучыць мясцовыя краявіды і людзей.

І ў чэрвені таго ж года яго смелая мара здзяйсняецца: Максім наведвае старажытную Вільню — тагачасны цэнтр беларускай культуры. Добра знаёмы па ліставанні з «нашаніўцамі», Багдановіч, натуральна, хоча асабіста пазнаёміцца з дзеячамі адраджэння роднага краю. Відавочна, аднак, што не пабачыў Багдановіч ні Змітрака Бядулі, ні Якуба Коласа (апошні выйшаў з мінскай турмы толькі 15 верасня 1911 года). «Размінуўся» ён і з Янкам Купалам. Ва ўспамінах Канстанцыі Буйло маем таму пацвярджэнне: «Дзяўчынкай гадоў чатырнаццаці, прыехаўшы ў Вільню, я першы раз зайшла ў рэдакцыю «Нашай нівы». Вельмі ветліва сустрэлі мяне там Янка Купала, Цётка, Бядуля, Цішка Гартны. Спатканне было надзвычай цёплае і сардэчнае. У рэдакцыі, над сталом Янкі Купалы, была шырокая паліца з квадратнымі гнёздамі, у якіх, кожная паасобна, ляжалі папкі з рукапісамі вершаў розных аўтараў. Была там і мая папка. Мне паказалі папку Янкі Купалы. У ёй, на самым версе, ляжала эпіграма М. Багдановіча на Купалу. Багдановіч прыязджаў у Вільню за некалькі дзён да мяне. Купалы ў Вільні на той час не было, і Багдановіч паклаў у яго папку свой сяброўскі экспромт:

Я. Купала — не малое,

Ды благое, наравістае дзіця,

Трэба — каб яго давесці да пуцця,

Паліваць часцей халоднаю вадою.

Мы вельмі смяяліся з такога трапнага жарту...»

Але ўдалося Багдановічу пабачыцца з братамі Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім, Браніславам Эпімах-Шыпілам. Паглядзеў ён і экспазіцыю Беларускага музея, дзе натхніўся на напісанне верша «Слуцкія ткачыхі». Каштоўныя старыя выданні, узоры зброі, пячаткі вялікіх князёў — усё гэта, несумненна, пакінула след у свядомасці ўражлівага маладога чалавека. Кароткі час знаходжання Багдановіча ў Вільні (па дарозе ў Ракуцёўшчыну і назад) — стаўся надзвычай важным момантам яго творчай біяграфіі. Два цыклы вершаў — «Места» і «Старая Беларусь», паэмы «У вёсцы» і «Вераніка» былі прывезены Максімам Багдановічам пасля вяртання з Ракуцёўшчыны ў Вільню. Архітэктура, людзі Вільні далі штуршок для развіцця ў яго паэзіі ўрбаністычных матываў. Адчуваючы сябе часткай няспыннага натоўпу, ён піша:

Агні вакзала... павадка фурманкаў...

Віры людзей... сіпяшчы паравоз...

Зялёны семафор... пакгауз... склады...

Заводаў коміны пад цьмой нябёс...

О, горада чароўныя прынады!

(З санета «У Вільні»)

А яму самому — штуршок для далейшага развіцця ўласнай нацыянальнай ідэі, удасканалення роднай мовы, набыцця дзіўнай «атмасфернасці» яго глыбока патрыятычных вершаў. Вось якія ўражанні пакінуў візіт Багдановіча ў Вацлава Ластоўскага: «Мову М. Багдановіч знаў яшчэ дрэнна і, гаворачы, збіваўся на маскоўшчыну, але чутка ўлаўліваў дысанансы, спыняўся і перапытваў: «Як трэба сказаць гэта правільна?», «Прошу, папраўце мяне». М. Багдановіч прыехаў у Вільню ўжо як актыўны і свядомы працаўнік беларускага (крыўскага) адраджэння, глыбей сягаючы думкай у будучыню нашага народа, чым мы, працаўнікі, згрупаваныя ў цэнтры. Гэтыя яго думкі аб адраджэнні і былі галоўнай тэмай нашых начных бясед. Мыслі яго былі больш-менш гэткія. Адзіная аснова нашага адраджэння — гэта сялянства. Усё, што па-за сялянствам, — чужое і варожае адраджэнню. Мозгам кожнай нацыі ёсць яго інтэлігенцыя, — і вось першым і найважнейшым нашым заданнем павінна быць узгадаванне інтэлігенцыі, выведзенай з сялянскіх мас. М. Багдановіч верыў у інтэлект».

І, пэўна, у тое, што, глытнуўшы роднага паветра, зможа шмат яшчэ чаго новага сказаць пра сваю запаветную Беларусь.

Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!

Вір людскі скрозь заліў паясы тратуараў,

Блішчаць вокны, ліхтарні ўгары зіхацяць

Коні мчацца, трамваі трывожна звіняць...

І гараць аганьком вочы змучаных твараў!

А завернеш ў завулак — ён цесны, крывы;

Цёмны шыбы глухіх,

старасвецкіх будынкаў;

Між каменнямі — мох і сцяблінкі травы,

І на вежы, як круглае вока савы,

Цыферблат —

пільны сведка мінулых учынкаў.

Ціша тут. Маўчаліва усталі — і сняць

Ў небе купалы, брамы, байніцы і шпіцы;

Грук хады адзінокай здалёку чуваць,

Часам мерныя ўдары звана задрыжаць

І замоўкнуць, памкнуўшы ад старай званіцы.

Ўспамяні, маё сэрцэ, даўнейшыя дні!

Па загаду бурмістра усе, як належа,

Зачынілі ўжо вокны; загасілі агні...

Варта вулкай прайшла...

І не спім мы адны —

Я ды чорны кажан, што шнуруе ля вежы.

Максім Багдановіч

Юлія АЛЕЙЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».