Вы тут

Новыя грошы трэба ведаць «у твар»


Так, з першых дзён лiпеня ў нас з вамi з'явяцца новыя грошы. Тады будзе праведзена дэнамiнацыя i замест старых звычайных банкнот узору 2000 года мы пачнем атрымлiваць новыя папяровыя грошы i манеты ўзору 2009 года.

Маштаб аб'яўленай дэнамiнацыi складзе адзiн да 10 тысяч, гэта значыць, сённяшнiя 100 рублёў будуць роўныя адной новай капейцы. У свой час Нацбанк, Мiнгандлю i падатковае ведамства падрыхтавалi дастатковую колькасць тлумачэнняў па гэтай тэме, а мы гэтую iнфармацыю неаднаразова агучвалi. Аднак цяпер, калi да гадзiны «iкс» засталiся лiчаныя днi, мы вырашылi нагадаць нашым чытачам галоўныя моманты i нюансы будучай замены грошай.


Не варта спяшацца i нервавацца

Адразу папярэджу, што не мае вялiкага сэнсу ў першыя днi лiпеня бегчы ў банкi i банкаматы, каб абмяняць свае старыя банкноты на новыя. Часу гэта зрабiць у нас будзе дастаткова. Лiчыце самi.

Паралельнае абарачэнне розных нацыянальных купюр з адначасовым выманнем з гандлёвай сеткi старых грошай i замяшчэннем iх на новыя працягнецца з 1 лiпеня да пачатку наступнага года. А вось з 1 студзеня 2017-га магазiны ўжо не будуць прымаць старых грошай.

Потым пачнецца другi этап, калi абмяняць старыя грашовыя знакi на новыя можна будзе з 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2019 года ўключна ў Нацыянальным банку, банках i нябанкаўскiх крэдытна-фiнансавых арганiзацыях Беларусi. З першага студзеня 2020 года па 31 снежня 2021-га ўключна старыя грошы на новыя можна будзе абмяняць толькi ў Нацыянальным банку. Цяпер усё. З 1 студзеня 2022 года грашовыя знакi ўзору 2000 года будуць лiчыцца несапраўднымi. Калi падлiчыць усе гэтыя этапы, то атрымлiваецца, што абмен расцягнецца на 5,5 года.

Наяўных грошай стане менш

I менавiта таму iх стане прасцей лiчыць, упэўнены ў Нацбанку. А вось сама дэнамiнацыя нiякiм чынам не павiнна паўплываць на пакупнiцкую здольнасць беларускага рубля, на курс нацвалюты да замежных валют, а таксама на фактычны ўзровень iнфляцыi. Сумнявацца ў гэтым я нават нiкому не раю, бо сачыць за сiтуацыяй з цэнамi пасля дэнамiнацыi будзе не толькi Мiнгандлю, але i Адмiнiстрацыя Прэзiдэнта.

У Нацбанку падлiчылi, што да 1 лiпеня ў абарачэннi будзе знаходзiцца каля 600 млн грашовых знакаў узору 2000 года. Для iх замены патрабуецца ўсяго 80 млн банкнот новага намiнальнага ўзору i 400 млн манет. Гэта азначае, што значна скароцяцца выдаткi на транспартаванне, пералiк, захоўванне, дастаўку грошай да спажыўца. Увядзенне манет — добра гэта цi дрэнна? «Тэрмiн службы манеты складае ад 10 да 15 гадоў, а тэрмiн службы разменнай банкноты дробнага намiналу — ад 6 да 12 месяцаў, i гэта ў самым лепшым выпадку», — адзначаюць у прэс-службе Нацбанка.

У лiпенi ў нас з'явяцца 7 новых намiналаў банкнот i 8 намiналаў манет. Манеты будуць па 1, 2, 5, 10, 20 i 50 капеек, а таксама вартасцю 1 i 2 рублi. У банкнотным шэрагу будзем мець 5, 10, 20, 50, 100, 200 i 500 рублёў. Спецыялiсты банкаўскай сферы паведамляюць, што на першым этапе ў банкаматах самымi распаўсюджанымi купюрамi стануць навыя грошы намiналам 5, 10 i 20 рублёў, якiя адпавядаюць 50 000, 100 000 i 200 000 сённяшнiх. А вось 200 i 500 новых рублёў (2 млн i 5 млн рублёў у цяперашнiм вымярэннi) у банкаматах у лiпенi мы не яшчэ не атрымаем. Банкноту ў 500 новых рублёў увогуле неабходна будзе папярэдне заказваць у банку.

Памер мае значэнне

Агульная канцэпцыя дызайну новых банкнот адпавядае дэвiзу «Мая краiна — Беларусь». Кожная банкнота прысвечана адной з абласцей Беларусi i Мiнску. У дызайне новых банкнот узору 2009 года захавана пераемнасць адносна банкнотнага шэрагу ўзору 2000 года ў частцы выкарыстання малюнкаў помнiкаў архiтэктуры i горадабудаўнiцтва.

Некалькi слоў пра памеры папяровых грошай. Шырыня iх аднолькавая i складае 72 мм. А вось даўжыня розная, яна павялiчваецца на 4 мм з кожным наступным ростам намiналу. Напрыклад, банкнота намiналам 5 рублёў мае даўжыню 135 мм, а купюра ў 500 рублёў — 159 мм.

5 рублёў. На адным баку гэтай банкноты намаляваная Камянецкая вежа, якая знаходзiцца ў Брэсцкай вобласцi, на адваротным — калаж, прысвечаны першым славянскiм паселiшчам (фрагмент скуранога пояса, драўлянае кола, малюнак старажытнага дзядзiнца «Бярэсце»).

10 рублёў. Тут намалявана Спаса-Праабражэнская царква, якая размешчана ў г. Полацку Вiцебскай вобласцi, на адваротным баку — калаж, прысвечаны асветнiцтву i кнiгадрукаванню (кнiгi, знак Францыска Скарыны, Крыж Еўфрасiннi Полацкай, фрагмент арнаменту).

20 рублёў. На гэтай паперы намаляваны палац Румянцавых i Паскевiчаў у г. Гомелi, на адваротным баку — калаж на тэму духоўнасцi (звон, Тураўскае Евангелле, старажытны горад Тураў, фрагменты разьбы).

50 рублёў. На пярэднiм баку банкноты намаляваны Мiрскi замак, якi знаходзiцца ў Гродзенскай вобласцi, на адваротным — калаж, прысвечаны тэме мастацтва (лiра i лаўровыя галiны, пяро, папера, нотны стан).

100 рублёў. На гэтай банкноце намаляваны замак Радзiвiлаў, размешчаны ў г. Нясвiжы Мiнскай вобласцi, на адваротным баку — калаж на тэму тэатра i народных свят (скрыпка, бубен, жалейка i сiмвалы свят: Калядная зорка, каза, батлейка).

200 рублёў. На адным баку банкноты намаляваны Магiлёўскi абласны мастацкi музей iмя П.В. Масленiкава, на адваротным — калаж, на тэму рамяства i горадабудаўнiцтва (залаты ключ i пячатка г. Магiлёва, кафля, фрагменты кованых кратаў).

500 рублёў. Гэта самая вялiкая i дарагая айчынная банкнота, дзе на адным баку намалявана Нацыянальная бiблiятэка нашай краiны, размешчаная ў г. Мiнску, на адваротным — калаж, прысвечаны тэме лiтаратуры (пяро, чарнiлiца, вокладкi кнiг, лiст папарацi).

 

 

 

 

 

 

Блiшчаць, хрусцяць i звiняць

У новых грошай ёсць шэсць бачных ступеняў абароны.

Гэтыя асаблiвасцi новых купюр можа адрознiць любы дарослы чалавек. Акрамя таго, у банкнот ёсць яшчэ шмат нябачных ступеняў абароны, якiя раскрываюцца толькi банкам, а асобныя ведае выключна Нацыянальны банк.

1. Вадзяны знак. Злева ад асноўнага малюнка на чыстым полi размешчаны лакальны паўтонавы вадзяны знак, якi паўтарае фрагмент асноўнага малюнка пярэдняга боку банкноты.

2. Ахоўная нiтка. Металiзаваная аконнага (ныраючага) тыпу, якая выходзiць на паверхню пярэдняга боку банкноты ў выглядзе прамавугольнiкаў, якiя ўтвараюць пункцiрную лiнiю. Пры разглядваннi банкноты на прасвет ахоўная нiтка выглядае суцэльнай цёмнай паласой з негатыўным (светлым) тэкстам у прамым i перавернутым малюнку.

3. Пазнака для людзей з аслабленым зрокам. Геаметрычныя фiгуры, надрукаваныя ў левым нiжнiм кутку пярэдняга боку банкноты, маюць павялiчаную таўшчыню фарбавага слоя, дзякуючы чаму добра ўспрымаюцца навобмацак.

4. Cумяшчальны малюнак. Фрагменты выявы намiналу ўверсе злева на пярэднiм i ўверсе справа на адваротным баках банкнот сумяшчаюцца на прасвет, утвараючы суцэльны малюнак намiналу банкнот.

5. Схаваны малюнак. Пры разглядзе банкноты на прасвет у малюнку арнаменту, надрукаванага ў левай частцы пярэдняга боку банкноты, вiдаць малюнак намiналу банкноты. (За выключэннем банкнот намiналам 5, 10 i 20 рублёў).

6. Колеразменлiвая фарба (OVI). Пры нахiле банкноты лiчбы намiналу яе, якiя надрукаваны ў правым верхнiм кутку адваротнага боку банкноты, мяняюць колер. (Толькi для банкнот намiналам 200 i 500 рублёў.)

На аверсе (пярэднiм баку) манет намаляваны Дзяржаўны герб Рэспублiкi Беларусь, на рэверсе (адваротным баку) — лiчбавыя абазначэнні намiналаў манет.

Зараз некалькi слоў пра манеты. 1, 2 i 5 капеек — чырвоныя, бо выраблены са сплаву сталi i пакрыты меддзю. Манеты намiналам 10, 20 i 50 капеек выраблены са сталi i пакрыты меддзю i латунню, таму яны маюць жоўты колер. Акрамя таго, жоўтыя манеты маюць рант насякання з сегментамi. А вось металiчныя рублi пакрыты меддзю i нiкелем.

Манета намiналам 1 рубель будзе белага колеру. Яна выканана са сталi, пакрыта меддзю i нiкелем. Яе дыяметр — 21,25 мм, маса — 5,60 г, таўшчыня — 2,30 мм, рант з насечкай. Самай дарагой i прыгожай з'яўляецца манета намiналам 2 рублi, якая зроблена са сталi, але мае адразу два колеры. Яе кольца пакрыта меддзю i латунню i мае жоўты колер, а сярэдзiна — меддзю i нiкелем, таму мае белы колер. Дыяметр двухрублёвай манеты — 23,5 мм, маса — 5,81 г, таўшчыня — 2 мм. Тут рант ужо з надпiсам.

Не слухаць махляроў

Спецыялiсты рэгулятара адзначаюць, што манеты таксама абаронены. Галоўны спецыялiст галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абарачэння Нацбанка Марына Дзёмiна паведамляе, што «ў першую чаргу трэба ўлiчваць сплаў металаў, з якiх яны зроблены, розны дыяметр, выкананне ранта манеты з насечкамi пэўнага памеру, а таксама дробныя дэталi, якiя складана падрабiць у саматужных умовах». Паводле слоў прадстаўнiка Нацбанка, для касiраў i банкаўскiх работнiкаў ёсць дадатковыя ахоўныя прыкметы, якiя можна праверыць з дапамогай спецыяльных прыбораў.

А ўвогуле, кiраўнiцтва Нацбанка яшчэ летась паведамiла, што новыя грашовыя знакi ў наяўнае абарачэнне ўводзяцца толькi з 1 лiпеня 2016 года, а да гэтага часу нiякi абмен праводзiцца не будзе. Таму, калi нехта прапануе вам ажыццявiць прамы абмен да гэтага часу, не пападайцеся на вуду махляроў.

Марына Дзёмiна на гэты конт паведамiла, што, згодна з пастановай праўлення Нацбанка, выраб выявы банкнот можа выконвацца на матэрыяльных i нематэрыяльных носьбiтах. Але пры гэтым ёсць пэўныя ўмовы: пры аднабаковай выяве носьбiта памер копii павiнен складаць менш за 75% або больш за 125% ад рэальнага памеру банкнот. Пры двухбаковым выкананнi — менш за 50% або больш за 200% ад арыгiнала.

Акрамя таго, выкананне выявы манет можа рабiцца на любых матэрыяльных i нематэрыяльных носьбiтах, за выключэннем сплаваў металаў. «З пластмасы — калi ласка, можаце рабiць; пачаў капiраваць манету з металу — нажывеш непрыемнасцi», — сказала Марына Дзёмiна.

kurkасh@zviаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».