Вы тут

Дзівосны жолуд


Выдатная казка для ўсёй сям'і!

Алеся малявала. На адным аркушы паперы памяркоўна размясціліся горы, возера, дрэвы, птушкі. І на ўсё гэта падалі вялікія кроплі рознакаляровага дажджу.

– Цікава атрымліваецца, – пахваліла бабуля, зірнуўшы на малюнак.

– Я нікому не збіралася паказваць, – нечакана ўскіпела Алеся і абмакнула пэндзлік у чорную фарбу. Праз паўхвіліны жыццярадасны пейзаж ператварыўся ў змрочную пляму.

– Навошта ты так, Алесенька? Было ж прыгожа, – засмуцілася бабуля.

“І сапраўды, навошта? – падумала Алеся. – І малюнак сапсавала, і бабу- лю пакрыўдзіла”.

У пакой увайшла мама.

– Алеся, што атрымліваецца: вячэра ўжо згатаваная, ты сядзіш і малюеш, а цацкі дагэтуль не- прыбраныя і раскіданыя па ўсёй падлозе, – абурылася мама.

– Надакучылі мне гэтыя цацкі! – р а з д р а ж н ё н а кінула Алеся і з усёй сілы пхнула нагой “забаўны цягнічок”, які стаяў бліжэй за іншыя. Вертыкальнае кола рэльсаў, па якіх ездзіў цягнічок, калі яго заводзілі, адламалася ад асновы, і маленькія вагончыкі бездапаможна рассыпаліся па падлозе.

– Ну, што і каму ты даказала? – холадна вымавіла мама і спакойна накіравалася на кухню.

“І сапраўды, што я даказала? – падумала Алеся. – Толькі сапсавала такую цудоўную цацку”

На грукат прыбег Янка, малодшы брат.

– Навошта ты зламала мой любімы цягнічок?! – гучна заплакаў Янка.

– Цябе тут толькі не хапала! – Алеся раззлавана штурхнула брата. Янка балюча ўдарыўся аб край стала. На яго ілбе пачаў надзімацца вялізны гузак. Пачуўшы плач малога, з кухні прыбеглі мама і бабуля.

– Чаму ты пакрыўдзіла Янку?! – закрычалі яны ў адзін голас.

“І сапраўды, чаму? – падумала Алеся. – Ён жа ўвогуле нічога дрэннага не зрабіў, а цяпер будзе вунь з якім гузаком хадзіць.”

Дзяўчынка адмовілася ад вячэры і сумная, зусім без настрою, адправілася спаць. А раніцай іх з Янкам разбудзіў тата:

– Памятаеце, які сёння дзень? Вось менавіта: субота. А ў суботу мы з вамі збіраліся ў парк.

– У парк! – радасна падхапілі Алеся з братам. У парк трэба было ехаць спачатку на аўтобусе, потым на метро, і, калі яны дабраліся да месца, перад многімі атракцыёнамі стаялі вялікія чэргі. – З чаго пачнём? – пацікавіўся тата.

– З машынак, – папрасіў Янка.

– З каруселяў, – тут жа запярэчыла Алеся.

– Я б спыніўся на машынках, там чарга меншая, – выказаў сваё меркаванне тата.

– На машынкі я ўвогуле не пайду, – заўпарцілася Алеся.

– Ну, як хочаш. Зоймем чаргу на каруселі, ты пасядзіш на лавачцы, а мы з Янкам пакатаемся на машынках, – прапанаваў тата. Алеся села на лаўку і … пачала шкадаваць, што паспяшалася адмовіцца ад такога захапляльнага атракцыёна.

– А гэта таму, што спачатку карысна падумаць, а потым гаварыць або рабіць, – пачула дзяўчынка мяккі, надзіва адметны голас. Побач на лаўцы нікога не было, хіба што вось гэтая маленькая вавёрачка, пэўна, з тых, каму ўсю зіму яны з Янкам прыносілі то семкі, то арэшкі, то сухарыкі. – Але магу табе дапамагчы, – так, гэта, сапраўды, з ёй размаўляла вавёрачка.

– Як дапамагчы?

– Бачыш, што ў мяне ў лапках?

– Жолуд.

– Так, але жолуд незвычайны. Гэта жолуд-званочак. Як толькі ты збярэшся сказаць штосьці такое, аб чым абавязкова потым пашкадуеш, ён тут жа папярэдзіць сваім звонам, каб ты спынілася і падумала. Недзе праз месяц карыстання маім званочкам у цябе ўнутры павінен загучаць свой уласны, але ўжо нябачны. Тады гэты прынясеш мне: ёсць і іншыя, каму ён спатрэбіцца.

Алеся асцярожна ўзяла званочак. Вавёрачка спрытна саскочыла з лаўкі і імгненна ўскараскалася на высачэзную сасну. А да лаўкі падыйшлі тата з Янкам.

– Цяпер – на каруселі? – на ўсялякі выпадак удакладніў тата.

– На каруселі! – весела згадзілася Алеся.

Пасля каруселяў яны пакаталіся на “лодачках”, пасля “лодачак” – на “коле агляду”, потым на “цягніку”. А неўзабаве тату патэлефанавала мама і сказала, каб ехалі абедаць. З парога па паху, які апанаваў усю кватэру, Алеся зразумела, што мама спякла любімы іх з Янкам яблычны пірог. – Хуценька мыйце рукі – і за стол, а то суп астыне, – сустрэла падарожнікаў мама.

“Не буду я ніякі суп – хачу пірог!”– ужо падрыхтавалася запярэчыць Алеся, ды з кішэні пачуўся крыху прыглушаны, аднак, досыць выразны звон. І дзяўчынка, быццам у кіно, убачыла знаёмую карціну: мама ўсё мацней і мацней настойвае на сваім, Янка таксама пачынае патрабаваць пірог, тата раздражнёна адсоўвае сваю талерку і выходзіць з кухні, яна, Алеся, спачатку крычыць, а потым плача. Настрой ва ўсіх сапсаваны. Есці пірог няма ніякага апетыту.

– Які ў нас сёння суп, мамачка? – удзячна сціскаючы ў кішэні званочак, без спрэчак села за стол Алеся.

На наступны дзень, у нядзелю, да іх у госці прыйшлі бабуля з дзядулем і, як заўсёды, прынеслі падарункі. Алесе – завадную божую кароўку з рухомымі крыльцамі, Янку – заваднога жука з вачыма- лямпачкамі. Алеся, як звычайна, узяла абодва падарункі і накіравалася ў дзіцячы пакой. Янка прыбег за ёй і паспрабаваў забраць свайго жука. Алеся ўжо збіралася – па прывычцы – адштурхнуць брата, каб першай азнаёміцца з абедзьвюма новымі цацкамі, але тут з кішэні раздаўся ўжо знаёмы ціхі звон. І зноў дзяўчынка нібыта перанеслася на некалькі хвілін наперад. Паміж імі з Янкам завязваецца бойка, яна, як мацнейшая, атрымлівае верх, брат гучна рыдае, у пакой прыбягаюць бабуля, дзядуля, мама і тата, усе сарамацяць Алесю, яна крыўдзіцца і забіваецца ў кут. Настрой ва ўсіх сапсаваны. Новыя цацкі ўжо нікога не цешаць.

– Бяры, Янка, свайго жука, – радуючыся вавёрчынаму званочку, Алеся працягнула брату цацку, у якой паспела толькі запаліць вочы-лямпачкі.

У панядзелак, вярнуўшыся з работы, тата дапамог Алесі вынесці на вуліцу новы веласіпед, які ёй сёлетняй зімой падарылі на дзень нараджэння. Ледзь дзяўчынка зрабіла першы круг па іх двары, як да яе падыйшла лепшая сяброўка Паўлінка:

– Алеська, дай, калі ласка, пакатацца на тваім веласіпедзе.

– Я яшчэ сама ... – словы “не накаталася” ёй перашкодзіў вымавіць пільны Вавёрчын званочак. Алеська амаль увачавідкі ўбачыла сітуацыю, якая, прызнацца, ужо не аднойчы паўтаралася. Паўлінка пакрыўджана надзімае вусны і горда адыходзіць да альтанкі, дзе сядзяць іншыя хлопчыкі і дзяўчаткі з іх двара. Алесі катацца пад асуджальнымі позіркамі зусім не цікава і нават неяк цяжка.

– Добра, Паўлінка. Давай, тры кругі – ты, потым тры кругі – я. Будзем катацца па чарзе, – вырашыла Алеся. Радасная Паўлінка ўдзячна прыняла руль з рук сяброўкі. Увесь месяц ратаваў званочак Алесю ад учынкаў, пра якія яна потым абавязкова пашкадавала б.

Аднойчы, калі бацькоў не было дома, Алеся і Янка гулялі ў джунглі. Дзеці саставілі на падлогу з усіх падаконнікаў кветкі і прабіраліся скрозь іх па “індзейскіх” сцежках. Што, сказаць па шчырасці, ім строга забаранялася. У ход пайшлі ўсе прыдатныя для гульні цацкі: леў, змяя, жыраф, слон. Было так весела, што Алеся з Янкам нават не заўважылі, хто з насельнікаў джунгляў пашкодзіў разгалістую “пальму”, а ў звычайным жыцці – любімы мамін хларафітум (яна цаніла яго за здольнасць ачышчаць паветра). Сястра з братам хуценька расставілі кветкі па падаконніках, а хларафітум пастараліся выпраміць, для чаго падгрэблі да падножжа кветкі зямлі і ўшчыльнілі яе. Першай з работы прыйшла мама.

– Ой, што гэта здарылася з хларафітумам?! – зайшоўшы ў кухню, адразу занепакоілася яна. – Калі яму не хапае вады, то трэба паліць, і ён ачуняе. А калі яго надламалі, то трэба тэрмінова перасадзіць. Ці мог хто- небудзь пакалечыць хларафітум? Не ведаеце, дзеці?

“Не ведаем”, – так адказаць, зразумела, было прасцей за ўсё: ні папрокаў, ні пакарання. Але Алеся яскрава ўбачыла карціну: засохлая кветка, засмучаная мама, пусты кухонны падаконнік. – Гэта мы зламалі хларафітум, – сумленна прызналася Алеся.

– Зноў у джунглі гулялі? Ну што ж, добра, што праўду сказалі. Зараз будзем ратаваць хларафітум, – нечакана спакойна сказала мама. І тут Алеся раптам спахапілася, што не пачула знаёмага звону. Вавёрчын званочак застаўся ў кішэні курткі, у якой яна ўчора гуляла на вуліцы! Значыць, спраўдзіліся словы Вавёрачкі: унутры ў Алесі з’явіўся свой нябачны званочак, які цяпер стане дапамагаць ёй.

Неўзабаве пасля гэтага выпадку Алеся з татам і Янкам зноў выправіліся ў парк. На шляху да пляцоўкі з атракцыёнамі, непадалёк ад брукаванай дарожкі, Алеся заўважыла знаёмую Вавёрачку. Гнуткая рудая істота галавой уніз спускалася з вялізнай сасны.

– Татачка, Янка! Пакатайцеся, калі ласка, на машынках без мяне.

– А ты?

– А я хачу пасядзець на гэтай лавачцы.

– Ну, калі хочаш, пасядзі, – не стаў настойваць памяркоўны тата.

Як і чакала Алеся, неўзабаве побач з ёй апынулася Вавёрачка.

– Ці дапамог табе мой званочак? – адразу спытала яна.

– Вельмі дапамог! Дзякуй, Вавёрачка! – Алеся беражліва працягнула ёй дзівосны жолуд.

Галіна Пшонік

Загаловак у газеце: Дзівосны жолуд

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.