Вы тут

Пад знакам электронных рахункаў-фактур


У Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады гаворыцца, што роля дзяржавы будзе заключацца ў стварэнні спрыяльных умоў для ініцыятывы і вядзення бізнесу як у дзяржаўным, так і ў прыватным сектары. Любы ініцыятыўны чалавек незалежна ад узроўню адукацыі або наяўнасці спецыяльных эканамічных ведаў зможа пачаць сваю справу ці знайсці працу, якая яму даспадобы. Дзяржава забяспечыць абарону і недатыкальнасць правоў прыватнай уласнасці, здыме абмежавальныя бар'еры, лібералізуе кантрольную дзейнасць.


Актуальныя пытанні на гэтую тэму былі разгледжаны на пасяджэнні рабочай групы аб дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў пры грамадска-кансультацыйным савеце па развіцці прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі.

Кажучы аб электронных рахунках-фактурах, прадстаўнікі Міністэрства па падатках і зборах паведамляюць, што абавязак фарміравання гэтага электроннага дакумента з 1 ліпеня ўзнікае для ўсіх суб'ектаў гаспадарання, якія з'яўляюцца плацельшчыкамі падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ), у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, калі яны выплачваюць ПДВ пры рэалізацыі. Пры гэтым, тыя "іпэшнікі", якія імпартуюць тавары ў нашу краіну, выплачваюць адзіны падатак і "ўвазны" ПДВ, але не з'яўляюцца плацельшчыкамі ПДВ па рэалізацыі, то яны і не павінны фарміраваць электронны рахунак-фактуру пры ўвозе тавару.

Інстытут падатковых кансультантаў

Кіраўнік спецыяльнага праекта ПРААН Таісія Еліцкі расказала аб перспектывах развіцця ў Беларусі інстытута падатковых кансультантаў. Як паказвае сусветная практыка, звычайна паслугі падатковага кансультанта вар'іруюцца ад растлумачэння падатковага заканадаўства да прадстаўлення інтарэсаў кампаніі або індывідуальнага прадпрымальніка ў падатковых, судовых і праваахоўных органах. У гэтым аспекце ёсць важны момант, калі за памылкі, якія былі дапушчаны ў ходзе выканання гэтых функцый, адказвае кансультант, а не падаткаплацельшчык. Для падрыхтоўкі такіх спецыялістаў плануецца стварыць самарэгулявальную арганізацыю — Палату падатковых кансультантаў, якая атрымае выключнае права надзяляць статусам падатковага кансультанта (па выніках экзамену) і пазбаўляць гэтага статусу (напрыклад, у выпадку парушэння этыкі).

На гэты момант у рамках праекта ПРААН, нацыянальным выканаўцам якога выступае Міністэрства па падатках і зборах, падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта Беларусі "Аб падатковым кансультаванні ў Рэспубліцы Беларусь". Удзельнікамі рабочай групы было адзначана, што на працягу працяглага часу гэты праект быў размешчаны на сайце МПЗ для публічных кансультацый.

Інстытут падатковых кансультантаў закліканы палепшыць умовы вядзення бізнесу і прыйсці на дапамогу прадпрымальнікам. У выпадку прыняцця Указа пачнецца пераходны перыяд працягласцю ў 5 гадоў, падчас якога для аўтсорсінгавых кампаній захаваецца магчымасць аказваць кансультацыйныя паслугі ў сферы падатковага заканадаўства і пры гэтым не мець у сваім штаце сертыфікаванага падатковага кансультанта. Праз пяць гадоў у кампаніі, якая аказвае такія паслугі, як мінімум адзін падобны кансультант у штаце будзе неабходны.

Выкарыстанне паслуг падатковых кансультантаў, натуральна, будзе добраахвотным як падчас, так і пасля гэтага пераходнага перыяду. Разам з тым захаваецца магчымасць суб'ектам гаспадарання напрамую ўзаемадзейнічаць з падатковай інспекцыяй, без паслуг падатковых кансультантаў.

Шэсць месяцаў без праверак

Першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Валянцін Татарыцкі праінфармаваў рабочую групу аб тым, што праект нарматыўнага прававога акта, які ўносіць змяненні ў КоАП у частцы змяншэння адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне тэхрэгламентаў, на гэты момант рыхтуецца да другога чытання ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Да моманту ўнясення змяненняў у КоАП дзейнічаюць існуючыя памеры штрафных санкцый.

Валянцін Татарыцкі нагадаў, што на працягу першага паўгоддзя планавых праверак па пытаннях выканання тэхрэгламенту не вялося. У той жа час у выніку маніторынгаў Дзяржстандарт сфармаваў статыстыку па назвах прадукцыі, якая выклікае найбольшыя асцярогі, адносна яе якасці.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.