Вы тут

Урок маладым гаспадынькам


Гэты свет зусім не арыгінальны і мяняць сваю пазіцыю не збіраецца.


Ніводнага намёку на тое, што заўтра сонца ўзыдзе з іншага боку або памяняе колер. Дождж нязменна падае зверху ўніз, грыбы растуць шапачкамі ўгору, птушкі ляцяць дзюбамі ўперад, падзеі адбываюцца тады, калі адбываюцца... І ўсе як адзін часопісы для жанчын прапануюць сваім чытачкам псіхалагічныя тэсты. Як быццам нам няма чым заняцца і нехта яшчэ не ведае, што вынік часопіснага тэсціравання залежыць ад каго і чаго заўгодна, толькі не ад асобы, якая адказвае на пытанні. Ад надвор'я — залежыць, дня тыдня — таксама, ад часу сутак — без ніякіх сумненняў. Ад фазы Месяца і пазіцыі Венеры, атмасфернага ціску і адлегласці да месца працы, кошту новай сукенкі і апетыту, гарачыні асфальту і адцення лістоты на дрэвах... Ад чаго і каго заўгодна, толькі, паўтару, не ад асобы, якая адказвае на пытанні. Дык навошта іх задаваць?

Вось новы адмысловы тэст пад назвай «Мыццё». Дадзена: цэлы кош бруднай бялізны. І нічога чыстага ва ўсёй хаце. І няма чаго больш надзець. Значыць, мыць трэба сёння. Але неба зацягнута хмарамі. Значыць, пойдзе дождж. Мыць бялізну быццам нельга, бо вывешваць яе давядзецца пад дождж. Ну, так ва ўмовах тэста сказана.) Што, спадарынькі, будзем рабіць? Вось варыянты адказаў: адкласці мыццё да заўтра (хоць надзець, заўважу, няма чаго ўжо сёння), чакаць і маліцца (у спадзяванні на праясненне), распачаць мыццё (не звяртаючы ўвагі ні на якія хмары), не верыць сваім вачам (бо прагноз быў зусім іншым).

Што б вы ні выбралі, пра вас усё даўно вядома складальніку тэста. Бо вы для яго і без тэсціравання як азіяцкая страказа: плоская празрыстая істота без намёку на існаванне. Я ў тым сэнсе, што ён вас не бачыць. Ва ўпор. Далібог, не бачыць! Калі вы раптам выбераце «адкласці да заўтра», то для складальніка тэста гэта будзе азначаць, што вы дазваляеце ўплываць на сваё жыццё кожнай дробязі, што нервы ў вас з-за гэтага, мякка кажучы, ніякія, і вам трэба не бялізну мыць, а ехаць тэрмінова ў адпачынак. Вось як!

Калі спыніцеся на варыянце «чакаць і маліцца», значыць, паводле часопіса, усім вы ў жыцці задаволены. Так задаволены, што якраз і не хапае вам парачкі няўдач. Няхай тады вы прычакаеце менавіта дождж, і каб намачыў ён вам бялізну, а заадно і галаву.

Калі, ні на што не зважаючы, вы распачняце мыццё, значыць, гатовы рабіць немагчымае. Але не таму, што такая вы аптымістка, а зусім наадварот: бо ўсё вас, як той казаў, «дастала», і вы ў адчаі імкняцеся ўсё памяняць, нават дождж ператварыць у сонца.

Ну а калі вачам сваім не паверыце — значыць, такія вашы вочы: ніколі не бачаць ніякіх падстаў для трывогі і неспакою.

У чым вы паедзеце на адпачынак сёння, адклаўшы мыццё на заўтра, — пра гэта не паведамляецца. Толькі сказана для кожнага, што пасля дажджу, якім бы ён ні быў працяглым, заўсёды бывае сонечна. Дык ці вы без тэста гэтага не ведалі?

Я, спадарынькі, вось пра што. Тэсты тэстамі, жарты жартамі, а мыццё бялізны — сваім парадкам, жаночае чытанне — сваім, сняданкі з вячэрамі — сваім. Спачатку мы гатуем ежу, потым мыем посуд, а не наадварот. Спачатку мыем посуд і бялізну, потым чытаем часопісы і адказваем на пытанні тэстаў. Іначай вас лёгка заблытае іх стваральнік.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...